Вы тут

Свята Перамогі прыедзе... у цягніку


Учора на Прывакзальнай плошчы Мінска стартаваў новы патрыятычны праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Маладзёжны агітпоезд «Кветкі Вялікай Перамогі», прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго сімвал — чырвона-зялёная стужка ў спалучэнні з яблыневай кветкай.

25-31

З раніцы каля будынка сталічнага вакзала на святочны мітынг сабраліся пасажыры цягніка і тыя, хто іх праводзіў: школьнікі, студэнты, удзельнікі творчых калектываў, ветэраны. Пакуль платформа пуставала, гучалі песні ваеннага часу, а ўсе ахвотныя маглі станцаваць вальс Перамогі. Непадалёк можна было пакаштаваць салдацкую кашу.

— Хочацца, каб тыя эмоцыі, што перажылі людзі ў Дзень Перамогі, і сёння захоўваліся ў людзей, каб была тая ж радасць, той жа гонар, — сказаў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. — І, з іншага боку, каб захоўвалася горыч ад страт, якія панёс наш народ. Гэты агітпоезд — яшчэ адзін напамін аб тым, якім вялікім коштам мы атрымалі тую перамогу. Музей у адным з вагонаў, песні ваенных часоў, аповеды ветэранаў — усё гэта дапаможа пасажырам і наведнікам незвычайнай экспазіцыі акунуцца ў атмасферу часоў Вялікай Айчыннай вайны.

25-39

Кульмінацыя мерапрыемства — прыбыццё цягніка, упрыгожанага сімволікай праекта. Сам агітпоезд складаецца з пасажырскіх вагонаў, вагона-музея, адкрытай платформы і платформы з аўтамабілем часоў вайны. Найбольшую цікавасць у гледачоў выклікаў якраз музей, экспанаты для якога прадаставілі гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дабрачынны фонд дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам «Памяць Афгана», Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Беларусі, музеі сталічных школ №№159, 104, 137. Тут можна пабачыць зброю, прадметы побыту савецкіх салдат, вайсковую форму і многае іншае. Падчас прыпынкаў незвычайны перасоўны музей будзе папаўняцца мясцовымі экспанатамі часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтаванымі моладдзю ў рамках праекта «Мой фільм пра вайну» фільмамі-ўспамінамі ветэранаў.

25-40

Кожны ахвотны зможа напісаць у вагоне цягніка сваё «Пісьмо Пераможцу!» са словамі ўдзячнасці за мірнае неба, за незалежную Беларусь. На ўсім маршруце агітпоезда — і на адкрытай платформе, і на платформах перонаў — будуць праходзіць творчыя праграмы, тэатралізаваныя пастаноўкі, міні-спектаклі, флэш-акцыі. У гарадах адбудуцца мітынгі, ускладанні кветак да помнікаў і абеліскаў, сустрэчы з ветэранамі, святочныя канцэрты на вялікіх адкрытых пляцоўках.

— Мы ўпэўнены, што 70-годдзе Перамогі — вельмі значная дата для ўсіх пасляваенных пакаленняў, — распавялі «Звяздзе» ўдзельніцы гурта ByCіty, якія прынялі ўдзел у праекце БРСМ. — У той жа час мы кожны дзень упэўніваемся, што паняцце «мір» сёння вельмі хісткае, і задача па яго захаванні ляжа на плечы моладзі. Мы хочам данесці гэта ў тым ліку і сваім удзелам у праекце. Для слухачоў мы падрыхтавалі самыя славутыя песні часоў вайны: «Кацюша», «Песня пілотаў», «Казакі», «Ад Масквы да Брэста» і іншыя, у сучаснай апрацоўцы.

25-411

Маршрут агітпоезда пройдзе па месцах баёў за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 24-26 красавіка гэта будуць Асіповічы, Бабруйск, Жлобін, Гомель, Магілёў. 27-29 красавіка — Орша, Віцебск, Ліда, Гродна. 4-5 мая ўдзельнікі праекта — прадстаўнікі БРСМ і маладзёжных субкультур, Узброеных Сіл, МУС, МНС, творчая моладзь — наведаюць Баранавічы і Брэст і вернуцца ў Мінск.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.