Вы тут

Вянец усёй службы... ПАРАД!


Страявая хада пад гукі ваеннага аркестра, барабанны дроб і трохразовае «ўра»... Ледзь не штодзень жыхарам ваеннага гарадка ва Уруччы даводзіцца назіраць за тым, як рыхтуюцца да парада вайскоўцы. Да 9 мая застаецца ўсё менш часу — трэніроўкі ідуць ва ўзмоцненым рэжыме. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на рэпетыцыі пешай калоны, якая па традыцыі першай выйдзе на праспект Пераможцаў.

25-18

Як заўсёды, парад войск Мінскага гарнізона, які сёлета адбудзецца ўвечары 9 мая, адкрыюць сувораўцы. За імі перад трыбунамі пранясуць Сцяг Перамогі і штандарты 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, што ўдзельнічалі ў Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

— Да ўдзелу ў юбілейным парадзе, прысвечаным 70-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, увогуле будзе прыцягнута больш чым 5,5 тысячы чалавек, — адзначыў ваенны камендант Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Анатоль ГРЫЦАЎ. — Асаблівасць парада — дастаткова магутная механізаваная калона. Акрамя традыцыйных відаў тэхнікі, якія будуць прадстаўлены ад Рэспублікі Беларусь, упершыню ў парадзе возьме ўдзел значная колькасць тэхнікі з Расійскай Федэрацыі са складу рэгіянальнай групоўкі войск. Гэта сучасныя ўзоры тэхнікі: «Т-90», «БМП-3», «БМД-2», лёгкабраняваныя аўтамабілі «Тыгр», зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С» і іншыя.

Акрамя выхаванцаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, у святочны дзень на праспект выйдуць курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, 38-й і 103-й асобных гвардзейскіх мабільных брыгад, 86-й і 85-й брыгад сувязі, 56-га, 60-га і 74-га асобных палкоў сувязі. У ваенным парадзе таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усяго ў пешай калоне будзе задзейнічана каля 20 парадных разлікаў.

25-19

Агучыць урачыстае мерапрыемства зводны ваенны аркестр Узброеных Сіл. Сваё майстэрства па традыцыі прадэманструе зводная рота ганаровай варты. Якім сёлета будзе выступленне эліты беларускай арміі, расказаў камандзір зводнай роты ганаровай варты капітан Павел ШПАРЛА, для яго будучы парад стане дзявятым:

— Падрыхтоўка да парада вельмі напружаная: надвор'е ўносіць свае карэктывы. Засталося некалькі штрыхоў — і падраздзяленне ўжо гатова паказаць пляц-канцэрт. Сёлета будзе сумеснае сінхроннае выступленне вайскоўцаў як з карабінамі, так і з шашкамі. Праца віртуозаў таксама будзе сумеснай: раней яны заўсёды працавалі паасобку. Усе сакрэты не раскрываю, але магу з упэўненасцю сказаць, што на парадзе можна будзе ўбачыць шмат цікавага.

Як удакладніў камандзір роты, у пляц-канцэрты прымуць удзел 117 чалавек. Усе яны — навічкі. «Для пляц-канцэрта адбіраюцца самыя вопытныя і найлепшыя байцы, — расказаў Павел Шпарла. — Для іх усіх паўдзельнічаць у парадзе — мара. Гэтае важнае мерапрыемства і з'яўляецца вянцом усёй службы, своеасаблівым экзаменам».

Плануецца, што паўдзельнічаюць у парадзе і ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. На трэніроўцы ў апошні раз прымаў удзел парадны разлік 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, што адпраўляецца ў Маскву для ўдзелу ў парадзе на Краснай плошчы.

— Для мяне вельмі хвалююча і разам з тым адказна ўдзельнічаць у парадзе, — прызнаўся гвардыі сяржант Дзмітрый ДАМАСКАНАЎ, які служыць у 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе, што дыслакуецца ў Брэсце. — Асабліва таму, што мой прадзядуля меў гонар удзельнічаць у парадзе на Краснай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Гэта для мяне — найлепшы падарунак!

Што ўяўляе з сябе на сёлетнім парадзе механізаваная калона, мы пісалі раней. Толькі нагадаем: у 24 парадных разліках перад трыбунамі пройдзе больш чым 250 адзінак баявой тэхнікі. Мінчане і госці сталіцы змогуць убачыць як тэхніку перыяду Вялікай Айчыннай вайны, так і асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі сучаснай арміі.

Дарэчы, парад Перамогі пачнецца з кітайскіх кабрыялетаў. Замест легендарных аўтамабіляў «Чайка», каб «прыняць» і «перадаць» парад, на іх выедуць міністр абароны і камандуючы парадам у Мінску. Два эксклюзіўныя аўтамабілі спецыяльна для ваеннага парада ў гонар 70-й гадавіны Вялікай Перамогі ў якасці бязвыплатнай дапамогі нам перадало ваеннае ведамства Кітая.

Давялося пагутарыць з кіроўцам аўтамабіля (такіх аўто ў свеце крыху больш за 200 штук). Яму, дарэчы, пашчасціла кіраваць і «Чайкай».

— Параўноўваць два гэтыя аўтамабілі ў прынцыпе нельга, — упэўнены начальнік службы ракетна-артылерыйскага ўзбраення тэхнічнай часці 361-й базы аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў ваеннага кіравання капітан Андрэй СЦЯПУРА. — «Чайка» назаўсёды застанецца рарытэтам, вартым павагі. Калі казаць пра кабрыялет «Чырвоны Сцяг», то ў пэўнай ступені ён больш надзейны, паколькі толькі выйшаў з завода і яго прабег складае ўсяго 100 кіламетраў. 420 «коней»! Для параўнання: у «Чайцы» іх 220.

У небе над Мінскам можна будзе ўбачыць асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. Паветраны эшалон складуць баявыя верталёты «Мі-8» і «Мі-24», знішчальнікі «МіГ-29», штурмавікі «Су-25», ваенна-траспартны самалёт «Іл-76», а таксама самалёты «Л-39», на якіх сваё майстэрства прадэманструюць лётчыкі з пілатажнай групы «Белая Русь». У небе можна будзе назіраць і расійскую авіяцыйную тэхніку — групу з чатырох «Як-130» і бамбардзіроўшчыкі «Су-34».

Завершыцца парад дзесяціхвілінным салютам. Сёлета адбылася мадэрнізацыя салютных прыстасаванняў, якія ўсталёўваюцца ля абеліска «Мінск — горад-герой». Таму, як запэўніваюць арганізатары, у гэтым годзе феерверк будзе надзвычай маляўнічым.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.