Вы тут

«Патрыёт» на Мінскай шашы


У суперкароткія тэрміны пад Масквой узводзіцца праект, якому няма аналагаў у свеце.

Маштабнае будаўніцтва разгарнулася ў Падмаскоўі. На 55-м кіламетры Мінскай шашы на тэрыторыі 5,5 тысячы гектараў размесціцца ваенна-патрыятычны парк культуры і адпачынку Узброеных Сіл «Патрыёт». Упершыню за ўсю гісторыю Расіі ўзводзіцца буйны аб'ект, які стане сімвалам былой армейскай славы і дэманстрацыяй магутнасці сучаснай арміі. Падобных у свеце няма. У гэтым пераканалася і карэспандэнт «Звязды», якая ў межах прэс-тура беларускіх і расійскіх журналістаў «Бітва за Маскву — подзвіг усёй краіны» пабывала на грандыёзнай будоўлі.

25-23

Заказчыкам праекта выступіла Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Ініцыятар — асабіста міністр абароны Сяргей Шайгу. Адкрыццё парку запланавана на 2017 год. Для такога маштабнага праекта тэрмін суперкароткі! Як кажуць самі будаўнікі, нават фантастычны. Асабліва калі ўлічыць, што будаўнічыя работы пачаліся тут, як толькі растаў снег, а першы пускавы комплекс ваенна-патрыятычнага парку будзе завершаны ў чэрвені 2015 года ў межах міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму «Армія-2015».

— Да стварэння канцэпцыі «Патрыёта» мы прыступілі летам мінулага года, падрыхтоўчыя работы тут пачаліся 3 студзеня гэтага года, а першая будаўнічая тэхніка сюды прыехала ў пачатку сакавіка, — расказвае Цімур ІВАНОЎ, генеральны дырэктар акцыянернага таварыства «Абаронбуд», якое выступае генпадрадчыкам праекта. — Парк будуецца на тэрыторыі ваеннага лясніцтва, якое знаходзіцца на балансе Міністэрства абароны. Была вырашана двайная задача: у межах санітарнай высечкі мы, па сутнасці, пачысцілі лес, 80% якога было хворым.

«Патрыёт» будзе большым прыкладна ў 46 разоў за славуты парк Горкага ў Маскве. Па плошчы яго можна параўнаць з цэнтральнай акругай расійскай сталіцы. Геаграфічна «Патрыёт» размесціцца паміж авіябазай «Кубінка» і палігонам «Алабіна», дзе штогод праходзіць ваеннае спаборніцтва «Танкавы біятлон».

Парк «Патрыёт» будзе складацца з пяці асноўных зон. Толькі выставачнай плошчы — 130 тысяч квадратных метраў! Кангрэсна-выставачны цэнтр размесціцца ў зоне дэманстрацыйных павільёнаў. Частка тэхнікі будзе стаяць пад адкрытым небам, частка — у павільёнах. Тут можна будзе ўбачыць буйнагабарытныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Баявыя машыны прадставяць практычна ўсе роды войск. Гэта будуць як найноўшыя ўзоры танкаў, ваеннага транспарту, баявой авіяцыі і стралковай зброі, так і тыя, што добра сябе зарэкамендавалі. Для прафесійных удзельнікаў на тэрыторыі павільёна ваенна-прамысловага комплексу прадэманструюцца апошнія распрацоўкі ў галіне ўзбраенняў. Магчымасці спецыялізаванай тэхнікі тут пакажуць у закрытым рэжыме.

Галоўнымі экспанатамі ў зоне музейных экспазіцый стануць трафейныя і айчынныя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі і танкі са славутага музея ў Кубінцы. Перавозіць сюды музей бранятанкавай тэхнікі збіраюцца па спецыяльна пракладзенай чыгунцы.

На вялікіх экранах або на спецыяльных трыбунах зоны дэманстрацыі агнявых і хадавых магчымасцяў сучасных узораў тэхнікі і ўзбраення можна будзе ўбачыць, як страляюць танкі і баявыя машыны пяхоты. Для гэтага ствараецца бісектрыса — сектар, у якім весці стральбу можна бяспечна. На аэрадроме «Кубінка» разгорнецца грандыёзнае авіяшоу з элементамі паветранага бою вядомых груп найвышэйшага пілатажу Ваенна-паветраных сіл Расіі. За ходам дынамічнага паказу можна будзе назіраць як з трыбун, так і з вялікіх экранаў, трансляцыю праз якія забяспечаць з любога пункта выстаўкі.

[caption id="attachment_81031" align="alignnone" width="600"]25-30 Ад­кры­тая пля­цоў­ка для ўзо­раў уз­бра­ен­ня, ва­ен­най і спе­цы­яль­най тэх­ні­кі.[/caption]

Наведвальнікі парку змогуць вывучыць гісторыю вялікіх перамог, дакрануцца да ваенных трафеяў, пабываць у зямлянках і ў палявых лагерах, стаць гледачамі і нават удзельнікамі рэканструкцый гістарычных бітваў. У зоне ваенна-гістарычнай рэканструкцыі разгорнуцца баталіі пераможных бітваў, якія адбываліся падчас Айчыннай вайны 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, у перыяд Афганскай кампаніі.

На базе зоны адпачынку размесцяцца кавярні, рэстараны, пляцоўкі для адпачынку на траве, гандлёвыя пункты, гульнявыя аўтаматы і нават трэніровачныя вышкі дэсантнікаў для скачкоў з парашутам, які змогуць ажыццявіць усе ахвотныя. У парку будуць праходзіць музычныя і творчыя фестывалі, спаборніцтвы і заняткі па конным спорце, верхавой яздзе, мотатрыяле, пейнтболе, страйкболе і іншых экстрэмальных відах спорту.

У адных з'явіцца магчымасць паказаць сваё спартыўнае майстэрства, у іншых — пастраляць у ціры, пакатацца на ровары або проста адпачыць. Створаная інфраструктура дазволіць прыняць да 100 тысяч чалавек за дзень!

— Гэты праект можна назваць прыватна-дзяржаўным партнёрствам, бо плануецца прыцягненне інвестараў, — удакладняе Цімур Іваноў. — І мы ўжо атрымалі шмат запытаў і просьбаў праінвеставаць зону адпачынку. У парку «Патрыёт» пабудуюць гасцініцы ў выглядзе бліндажоў, зямлянак і акопаў з буржуйкамі, лазнямі і палявымі кухнямі. Тут можна будзе пераначаваць. Так наведвальнікі змогуць цалкам усёй сям'ёй паглыбіцца ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

Сюды можна будзе дабрацца некалькімі шляхамі. Аўтобусам або на аўтамабілі па Мінскай шашы да паказальніка «55-ы кіламетр». На тэрыторыі парку будуюцца 4 паркоўкі, разлічаныя на 20 тысяч машынамесцаў. Спецыяльна для таго, каб арганізаваць часовую развязку, у раёне 55-га кіламетра «Абаронбуд» сумесна з інжынернымі войскамі зманціраваў Вялікі аўтамабільны разборны мост. У далейшым Мінская шаша пашырыцца і з'явіцца паўнавартаснае адгалінаванне ў бок парку. Для тых, хто не любіць аўтатранспарт, сюды пракладваецца новая чыгуначная ветка даўжынёй у 9 кіламетраў. Яна працягнецца ад станцыі «Кубінка», куды можна будзе дабрацца на электрычцы з Беларускага вакзала Масквы. Па тэрыторыі парку стануць курсіраваць 20 аўтобусаў. Мяркуецца, што перавозіць наведвальнікаў будзе сапраўдны бронецягнік! Ажыццявіць падарожжа па «Патрыёту» можна і на роварах, якія прадаставяць бясплатна.

Для правядзення афіцыйных мерапрыемстваў, прыёму дэлегацый і прадстаўнікоў прэсы будуецца прэс-цэнтр — трохпавярховы будынак з назіральнай пляцоўкай наверсе. Па ўсёй тэрыторыі парку ўсталююць экраны, дзякуючы якім можна будзе назіраць за тым, што адбываецца, з любога месца парку.

— На тэрыторыі «Патрыёта» вырашана стварыць лес Перамогі, — гаворыць гендырэктар «Абаронбуда». — Тут пасадзяць бярозы. Такім чынам мы далучымся да праекта партыі «Адзіная Расія», у межах якога да 2020 года плануецца пасадзіць столькі дрэў, колькі загінула людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Першым сур'ёзным мерапрыемствам, якое пройдзе на тэрыторыі парку з 16 па 19 чэрвеня, стане міжнародны ваенна-тэхнічны форум «Армія-2015». Распрацоўкі ў галіне ўзбраенняў пакажуць 3 тысячы прадпрыемстваў, канструктарскіх бюро і навуковых цэнтраў. У павільёнах і на адкрытых пляцоўках парку будзе прадстаўлена каля 500 адзінак сучаснай баявой тэхнікі ўсіх відаў і родаў войск Узброеных Сіл Расіі. Форум «Армія-2015» стане самай маштабнай пляцоўкай для дэманстрацыі ваеннай магутнасці суседняй краіны і будзе праводзіцца раз на два гады (па чарзе з міжнароднай аэракасмічнай выстаўкай МАКС). На цырымоніі адкрыцця ў неба падымецца самы вялікі расійскі сцяг: яго плошча больш за 200 квадратных метраў!

Для выканання пастаўленай Міністэрствам абароны задачы па будаўніцтве першай чаргі парку «Абаронбуд» прыняў беспрэцэдэнтныя захады. Створаны сапраўдны будаўнічы гарадок, у якім жывуць і працуюць каля 3 тысяч чалавек. Работа на аб'ектах і пляцоўках не спыняецца 24 гадзіны ў суткі. Задзейнічана 400 адзінак цяжкай тэхнікі. Два магутныя заводы, разгорнутыя тут жа, на пляцоўцы, забяспечваюць будоўлю бетоннай сумессю. Аб звышзадачы — паспець у тэрмін — нагадвае электроннае табло, дзе кожныя дзве хвіліны высвечваецца колькасць дзён, якая засталася да адкрыцця форуму «Армія-2015».

— Многія працуюць тут вахтавым метадам па 12 гадзін на суткі, у тым ліку і беларусы, — падзяліўся будаўнік са Стоўбцаў Юрый Аўгусціновіч. — Жывём мы ў камфортных інтэрнатах. Асобна арганізаваны лазнева-пральны комплекс, дзе можна памыцца, прывесці ў парадак адзенне. Ёсць сталовая на сто чалавек з трохразовым харчаваннем і вячэрняй гарбатай. Гонар і слава нашым будаўнікам, якія знаходзяцца на гэтай пляцоўцы: памяць будзе на ўсё жыццё!

Будзе памяць і ў мяне, і ў дзясятка журналістаў, якія пабывалі на гэтым сімвалічным месцы тады, калі яно толькі зараджалася. І будзем потым расказваць, як ствараўся гэты ўнікальны парк не толькі для Расіі, а і для ўсяго свету.

Вераніка КАНЮТА,

Мінск — Масква — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.