Вы тут

«Ён займаўся ракетай, каб наблізіць тое прыгожае далёка»


Праўнучка заснавальніка сучаснай касманаўтыкі Канстанціна Цыялкоўскага Алена Цімашэнкава — пра касмічную тэорыю свайго знакамітага продка і асаблівую энергетыку яго дома.

[caption id="attachment_80972" align="alignnone" width="600"]25-9 Для праў­нуч­кі Цы­ял­коў­ска­га кні­га яе прод­ка ста­ла пры­ем­ным сюр­пры­зам.[/caption]

Ён усё жыццё марыў пра касмічныя светы і міжпланетныя прасторы, верыў у існаванне іншых цывілізацый і найвышэйшага розуму. «І ракетамі заняўся толькі дзеля таго, каб хутчэй знайсці пацвярджэнне сваім здагадкам у космасе», — Алена Цімашэнкава ніколі не бачыла свайго легендарнага прадзеда, але ведае пра яго ўсё. Апошнія сем гадоў яна ўзначальвае дом-музей Канстанціна Цыялкоўскага ў Калузе і водзіць экскурсіі. І ёй было вельмі прыемна, калі вучні адной з магілёўскіх школ, якую яна наведала падчас фестывалю культуры і творчасці «Жар-колер», зладзілі для яе цэлае касмічнае свята. Кожная гадзіна ў Магілёве была распісана ў яе літаральна па хвілінах, але Алена Аляксееўна знайшла час, каб сустрэцца з карэспандэнтам «Звязды» і падзяліцца з чытачамі газеты сваімі ўспамінамі.

«Мы не вінаваты, што нарадзіліся ў гэтай сям'і»

— Я першы раз у Магілёве, а мне здаецца, што ў сябе дома, — прызналася яна. — Ваш горад чымсьці нагадвае Калугу, такі ж па памерах, па размяшчэнні вуліц. Адзінае, мне падалося, у вас больш дагледжаны старыя будынкі.

— Наколькі гэта вялікая адказнасць — быць праўнучкай заснавальніка савецкай касманаўтыкі?

— Як брат казаў, мы не вінаваты, што нарадзіліся ў гэтай сям'і. Так склаліся зоркі. Мой бацька быў самым маленькім унукам Цыялкоўскага. Яго брат-блізня памёр ад шкарлятыны, калі яму было ўсяго 6 гадоў. Бацька таксама хварэў, яго з цяжкасцю, але ж выратавалі. У сям'і ён заўсёды быў любімчыкам. А калі вырас, узначаліў музей Цыялкоўскага і прысвяціў гэтай справе ўсё жыццё. Стаў найлепшым біёграфам свайго дзеда, сустракаўся з касманаўтамі. Пасля палёту яны абавязкова прыходзяць да нас, як гэта калісьці рабілі іх папярэднікі. Калі адбыўся палёт Юрыя Гагарына, бацька працаваў тады яшчэ на абласным радыё і быў адным з першых, хто сустрэўся з ім.

— Ці часта вам даводзілася чуць пра тое, якім бацькам, дзядулем быў Канстанцін Цыялкоўскі?

— Мы з братам засталі толькі бабулю, сярэднюю дачку вучонага. Успаміны ўжо напісаны прабабуляй, жонкай Канстанціна Эдуардавіча, і яго старшай дачкой. А мой бацька, яго браты і сёстры — гэта ўжо дзіцячыя ўспаміны. Пра тое, як дзядуля катаў на веласіпедзе, дапамагаў ствараць бібліятэку. Ён мала ўвагі надаваў старэйшым дзецям — не хапала часу: з вялікай сям'і працаваў адзін. Затое ўсю сваю любоў ён аддаў унукам. Хаця, калі дзед працаваў, усе дакладна ведалі: ні ў якім разе перашкаджаць яму нельга. Помню бацька расказваў, як нехта са старых ракетчыкаў казаў яму: «Вы шчаслівы чалавек, калісьці сядзелі на каленях у дзядулі, ён катаў вас на веласіпедзе, а зараз сустракаеце касманаўтаў і слухаеце іх. Гэта жыхары неба, якія спусціліся на зямлю».

[caption id="attachment_80973" align="alignnone" width="600"]25-10 Канстанцін Цыялкоўскі ў сваім рабочым кабінеце. На заднем плане — мадэлі цэльнаметалічных дырыжабляў яго канструкцыі.[/caption]

— А вам асабіста пашчасціла сустракацца з Гагарыным?

— Калі Гагарын напаўафіцыйна прыехаў да бабулі, нам усе зайздросцілі. Майму брату ён паціснуў руку, а мяне пагладзіў па галаве. Гэта быў вялікі гонар. Бацькі нас з братам увесь час «прыціскалі», баяліся, што мы можам зазнацца.

— Музей Цыялкоўскага стаў вашай сямейнай справай?

— Тут заўсёды працаваў нехта з сям'і. Пасля інстытута я спачатку прыйшла ў музей касманаўтыкі, а апошнія 7 гадоў працую дырэктарам дома-музея. Пакуль ні дзеці, ні пляменнікі змяніць мяне не гатовы і, напэўна, не зменяць: у іх свае прафесіі — адна надзея на ўнукаў. Дарэчы, іх у мяне трое. Наш музей сямейны, і гэта надае яму асаблівую цеплыню. Вядома, Паленава і Ясная Паляна — вялікія сядзібы, наш у параўнанні з імі вельмі маленькі. Але мы дамагліся так званага эфекту прысутнасці. У наведвальнікаў ствараецца ўражанне, што гаспадар пайшоў катацца на веласіпедзе і хутка вернецца. Нам пра гэта шмат хто казаў.

— Я чула, што ў гэтым доме нейкая незвычайная энергетыка.

— Не ведаю. Так лічаць экстрасэнсы, яны гэты дом сапраўды вельмі любяць. За гады, што я працую, перыядычна нехта прыходзіць зараджацца энергетыкай. Неаднаразова пасля экскурсіі па музеі даводзілася чуць, што, напрыклад, прайшоў галаўны боль ці перастаў балець страўнік. І гэта кажуць нават дзеці, якія пра Цыялкоўскага не чыталі і пра энергетычныя патокі мала што ведаюць. Праўда, неяк калужскія геолагі казалі мне, што калісьці мільёны гадоў таму непадалёку ад горада ўпаў метэарыт і ўтварылася каласальная варонка. Дом-музей, парк, магіла Цыялкоўскага, музей касманаўтыкі якраз знаходзяцца ў эпіцэнтры гэтага «кратара». Напэўна, таму тут такая энергетыка. Так што ніякай містыкі.

Касмічная адысея Канстанціна Цыялкоўскага

На сустрэчу я прыйшла з кнігай Цыялкоўскага «Касмічная філасофія», якая вельмі здзівіла Алену Аляксееўну. «Я нават не бачыла такой кнігі, — яна з цікаўнасцю разглядала гэтае выданне. — У нас у Калузе яе дакладна не было». Ну, як было не зрабіць праўнучцы аўтара прыемнае. Яна ж не ведала, як аддзячыць за нечаканы падарунак.

— Гэта вельмі каштоўная рэч, для мяне найкаштоўнейшая, — прызналася Алена Аляксееўна. — Да Калугі гэтая кніга не дайшла, напэўна, разышлася па нейкіх іншых гарадах. Усе ведаюць Цыялкоўскага як вынаходніка ракеты, а ён лічыў сябе філосафам-касмістам. Пра яго філасофію доўгі час не прынята было казаць. І ён перажываў гэта вельмі балюча, лічыў вялікай абразай, быццам бы ў душу плюнулі. Больш за ўсё даражыў гэтымі «касмічнымі» работамі. І ракетамі стаў займацца толькі таму, што яго філасофія даказвала: чалавек — істота касмічная. Што аднойчы ён выйдзе не толькі за межы атмасферы, але наогул паляціць вельмі далёка. Ён прадбачыў падзеі, якія адбудуцца праз мільёны гадоў. Ведаў, што існуе шмат населеных сусветаў, што мы не адразу з імі звяжамся.

Сябар вучонага Аляксандр Чыжэўскі, які на 40 гадоў быў маладзейшы, але заставаўся яму вельмі блізкім духоўна, дакладна перадаў сутнасць філасофіі Цыялкоўскага: «Ён займаўся ракетай, каб наблізіць тое прыгожае далёка».

Пры жыцці вучонага свет убачылі толькі тыя з яго работ, якія ён выдаваў за свае грошы. Адны назвы чаго каштуюць: «Воля Сусвету», «Невядомыя разумныя сілы», «Прычына космасу». Сучасных філосафаў цяжка зразумець праз іх тэрміналогію. А тут усё выкладалася даступна. Цыялкоўскі ніколі не браў за свае кнігі ні капейкі. Пасылаў тым, з кім перапісваўся, хто прыходзіў да яго ў госці. Яму пісала шмат дзяцей. У прыватнасці Дзіма Блахінцаў, які потым стаў акадэмікам і дырэктарам інстытута ядзернай энергетыкі ў Дубне. Калі прадзед паслаў яму свае кнігі, той спытаў, колькі ж яны каштуюць. І атрымаў адказ: «Нічога, паколькі за бясконцасць я грыўню не бяру».

У 50-я гады выдаецца поўны збор твораў Цыялкоўскага, куды ўваходзіць усё па тэхніцы, дырыжаблях. Пра філасофію там няма ні слова. У 1982 годзе, калі адзначалася 125 гадоў з дня нараджэння вучонага, ішла гаворка пра тое, каб выдаць 12-томны збор яго твораў. Але скончылася тым, што ніводны з іх так і не выйшаў. Затое ўсе тыя 42 брашуркі, якія ён сам выдаваў, у сярэдзіне 90-х апынуліся на арбіце на станцыі «Мір». Ні ў адной зямной бібліятэцы, нават нашым музеі касманаўтыкі, няма іх усіх. А там былі. Але ўсё гэта пайшло на дно Ціхага акіяна, калі станцыя Мір была затоплена. Цяпер на арбіце ствараецца новая бібліятэка, у асноўным з філасофскіх работ Цыялкоўскага.

— Ваш прадзед меў нейкія доказы існавання іншых сусветаў?

— Ён адчуваў сілу, якая яго вяла. Маладым настаўнікам арыфметыкі прадзед прыехаў у Бораўск Калужскай губерні — горад цяжкі, стараверскі, закрыты. Яго там прынялі, як чужынца. Ён ідзе жыць на кватэру да праваслаўнага святара, бярэцца шлюбам з яго дачкой. У Канстанціна Цыялкоўскага з'яўляецца вузкае кола сяброў, якія яго разумеюць. Потым нехта з'ехаў, нехта памёр, ён зноў застаўся адзінокім. Неяк папрасіў: «Божа, калі ты ёсць, пакажы, што ты мяне падтрымліваеш». Праз нейкі час ён убачыў воблака ў выглядзе крыжа, якое доўга вісела над яго галавой, а потым перацякло ў постаць чалавека. І ён зразумеў, што знаходзіцца пад абаронай найвышэйшых сіл.

— Ён быў праваслаўным?

— Шмат гадоў казалі, што прадзед быў атэістам. Гэта няпраўда. Ён верыў, але не вельмі цікавіўся абрадамі. Доўгі час працаваў у епархіяльным вучылішчы і павінен быў іх ведаць і прытрымлівацца. Інакш проста пазбавіўся б месца. Яго маці была праваслаўнай, бацька — католікам. Ён пакінуў нам сваё «Евангелле ад Купалы», я дала яго святарам, каб яны патлумачылі, што там, чым яно напоўнена, але пакуль адказу не атрымала.

— Нехта працягнуў традыцыі дзеда?

— Брат працуе ў карпарацыі «Энергія», рыхтуе касманаўтаў, спецыяліст па радыёсправе. Так што сувязь ёсць.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.