Вы тут

На палігоне не бывае лёгка


Пад Брэстам прайшлі сумесныя вучэнні беларускіх і расійскіх дэсантнікаў.

Самым цяжкім на гэтых, ды і, відаць, на любых іншых вучэннях мне, чалавеку далёкаму ад вайсковай службы, здаліся не маршы адразу на дзясяткі кіламетраў, не атакі, нават не напружанае адлічванне секундаў да парашутнага скачка з верталёта, а чаканне ў засадзе. Калі хлопец з 25-кілаграмовай амуніцыяй ляжыць ледзь не гадзіну на халоднай красавіцкай раллі, напружана аглядаючы наваколле і тым самым забяспечваючы ўдалую аперацыю сваіх саслужыўцаў. Ляжыць амаль нерухома і разумее, што ад яго правільных дзеянняў залежыць жыццё таварышаў і паспяховае выкананне задачы.

25-26

Гледзячы на гэтага засяроджанага байца, ад усёй душы спачуваючы яму, успомніла вясёлы спіч расійскага дэсантніка гвардыі старшага сяржанта Хамякова: «Для дэсантніка невыканальных задач няма! Што Радзіма прыкажа, тое мы і зробім... Радзіму люблю, страляю добра, кормяць нармальна, у водпуск не хачу! Слава ПДВ!» Тры гадзіны таму ў маім успрыманні сказанае выглядала падобным на браваду і выстаўлянне, цяпер — не зусім. У дэсантнікаў сапраўды цяжкая работа. І гэта было відаць па той частцы вучэнняў, якую давялося ўбачыць.

На ваенным палігоне «Брэсцкі» з 14 па 16 красавіка праходзіла тактычнае вучэнне мабільнага батальёна 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады, якая дыслацыруецца ў Брэсце. У ім прынялі ўдзел ваеннаслужачыя парашутна-дэсантнага палка 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ ВС Расіі з горада Пскова.

Надвор'е не спрыяла ўдзельнікам манеўраў: холад, пранізлівы вецер і нізкія аблокі. Каля чатырохсот вайскоўцаў дзейнічалі ў «квадраце» шэсць на дванаццаць кіламетраў. З ранку байцы пачыналі ўкладваць парашуты: гэта адзін з найважнейшых складнікаў поспеху любога скачка. Нашы і расійскія спецназаўцы адрозніваліся формай. У расіян экіпіроўка крыху нагадвае тую, што паказваюць у сучасных баевіках. Гэтую амуніцыю, аказваецца, называюць «камплектам салдата будучыні»: шматслойны шлем вытрымлівае пападанне пісталетнай кулі зблізку, маска, якая хавае твар, бронекамізэлька, сістэма навігацыі і сувязі, аўтамат, кулямёт альбо снайперская вінтоўка.

25-27

Сістэма дазваляе перадаваць інфармацыю аб месцазнаходжанні салдата на полі бою, цеплавізійны прыцэл забяспечвае знаходжанне цэлі і вядзенне прыцэльнага агню ў любы час сутак, не зважаючы на надвор'е. Ёсць актыўныя навушнікі, якія дазваляюць зносіны вайскоўцаў нават падчас бою. Камбінезон і акуляры абараняюць ад асколкаў і гранат, а таксама валодаюць вогнестойкасцю. Навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія распрацоўкі дэсантнай амуніцыі праводзілі многія расійскія абаронныя прадпрыемствы.

У нашых — плямістая камуфляжная форма ў тон з верталётам і шлемы, падобныя да танкісцкіх — паводле слоў дэсантнікаў, таксама амуніцыя добрая і зручная для баявых аперацый. Калі сваю экіпіроўку пахвалілі нават дзяўчаты, то даводзіцца ім верыць. Дэсантніцы ведаюць у гэтым толк. Санінструктары Вольга Шамяцюк і Яна Дзямчук таксама рыхтавалі парашуты. Абедзве не навічкі — за плячыма больш за дзясятак скачкоў.

Па легендзе трэба было знайсці і абясшкодзіць умоўнага ворага, які пранік на нашу тэрыторыю.

Па камандзе групы па 12 чалавек у кожнай рушылі да верталёта. У машыну загружаюцца не толькі байцы, але і грузы. ПДММ — парашутна-дэсантны мяшок мяккі, які пазней скінуць з парашутам на месца бою, змяшчае ў сабе боепрыпасы, харчы, элементы сілкавання для радыёстанцый. На сабе ж многа не панясеш: і так кожны баец мае амуніцыю вагой у чвэрць цэнтнера. А тут усё неабходнае прыляціць з неба. Пазней мы гэта ўбачым на практыцы.

Верталёт уздымаецца ўгору. Тым часам на зямлі байцы расцягваюць «чырвоную стралу» — паказальнік напрамку ветру. Верталётчыкі будуць па ёй арыентавацца, куды кідаць груз. Яшчэ першыя ПДММ не даляцелі да зямлі, а вайскоўцы, якія прыбылі на ваенных «МАЗах», павыскоквалі з машын і занялі абарону. Іх задача — ахова верталётнай пляцоўкі.

У такіх хуткіх дзеяннях і манеўрах асабовага складу няпроста разабрацца неспецыялісту. Міжволі ўспамінаеш радкі з Васіля Цёркіна: «Кто стрелял? Куда попал?» Але на дапамогу прыходзіць начальнік штаба вучэнняў першы намеснік камандзіра 38-й брыгады гвардыі палкоўнік Вадзім Шадура, ён тлумачыць па ходу: «Сёння адпрацоўваецца этап вядзення контрдыверсійных дзеянняў ў прызначаным раёне ўзмоцненым мабільным батальёнам. Ажыццёўлена дэсантаванне пасадачным спосабам парашутна-дэсантнай роты паветрана-дэсантных войск Расійскай Федэрацыі і дзвюх рот 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады для захопу пляцоўкі, выхаду ў раён пераправы, узяцця яе пад ахову і забеспячэння руху галоўных сіл батальёна ў прызначаны раён вядзення контрдыверсійных дзеянняў.

25-28

На гэтай пераправе і разгарэўся потым бой. Яшчэ да яго пачатку на вучэбным вададроме быў перакінуты «калейны» мост, каб па ім прайшла тэхніка. У лясных зарасніках прытаілася засада. Па плямістай форме можна было пазнаць беларускіх дэсантнікаў: маскіроўка ў іх была максімальна набліжана да мясцовасці. З сухой травы хлопцы зрабілі сабе такія «прычоскі», што іх зусім не было відаць у лесе. І толькі калі развязаўся бой... Страляніна стаяла такая, што ўгору ляцелі фантаны вады. У выніку пераправа была забяспечана. Пазней усе тры варожыя дэсантна-разведвальныя групы, якія, паводле легенды, высадзіліся на нашай тэрыторыі, былі знойдзены і абясшкоджаны. Адзін радок выніку — і тры дні напружанай працы.

Насамрэч вучэнні — нялёгкая работа. У ходзе маршаў байцам даводзілася пераадольваць да 100 кіламетраў у суткі ў пошуках умоўнага праціўніка. І ўсе ўдзельнікі манеўраў прадэманстравалі падрыхтаванасць, баявую вывучку.

Такія сумесныя манеўры сталі добрай традыцыяй. І беларусы бываюць у суседзяў, і расіяне прыязджаюць на вучэнні да нас. Камандзіры гавораць, што падобная практыка дае магчымасць абмяняцца вопытам, дазваляе выпрацаваць адзіныя погляды на методыку падрыхтоўкі дэсантнікаў. А байцы кажуць, што ім было цікава пазнаёміцца, даведацца, як служаць суседзі. Гвардыі малодшы сяржант Сяргей Калеснікаў з Брэста, які першы раз на сумесных вучэннях, сказаў, што на самым пачатку стасункаў адчувалася пэўнае напружанне, а потым усё прайшло і засталося толькі баявое таварыства. Юнак з дзяцінства марыў служыць у ПДВ, свядома рыхтаваўся да службы. Цяжкасці яго ніколі не палохалі, сказаў, што перад кожным скачком сэрца ў яго па-асабліваму замірае, але зразумець яго зможа толькі той, хто служыў у дэсантных войсках. Таму не дзіва, што расійскія і беларускія хлопцы добра разумеюць адзін аднаго.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.