Вы тут

Мроі-сны парыжаніна Царфіна


У Смілавічах ёсць дзве карціны, падораныя сям'ёй мастака.

Гасцямі міжнароднай канферэнцыі «Суцінскія чытанні» сёлета былі сваякі яшчэ аднаго мастака са Смілавічаў — Шрагі Царфіна, які быў таварышам Суціна з дзяцінства і ў парыжскі перыяд яго жыцця. Прычым, у Беларусі сустрэліся розныя галіны роду Царфіных: французская, ізраільская і расійская. І калі дзіцячы кардыёлаг Іў Дзюлак (унук Шрагі) бываў у Смілавічах раней, то сын яго дзядзькі Аўдзім Царфін, напрыклад, прыехаў сюды ўпершыню. Пазнаёміла іх беларуская зямля, якая захоўвае магілы продкаў. На яўрэйскіх могілках Смілавічаў удалося адшукаць магілу дзеда Шрагі Царфіна. Вядома, што яго бацькі загінулі ў гета падчас Другой сусветнай вайны. І гэта трагедыя, што перажыў народ, які быў вымушаны шукаць сваё месца на зямлі, але імкнуўся быць карысным там, дзе яго прымалі.

25-24

Мастакі яўрэйскага паходжання родам з Беларусі сёння ствараюць ёй гонар у свеце. Мы іх прымаем цяпер, наноў, як частку і сваёй культуры. Таму што яны хоць стваралі і праславіліся ў Парыжы, але прыехалі туды асобамі, якія фарміраваліся пад уплывам розных культур, што сышліся на беларускіх землях, адпаведна неслі і вобраз сваёй малой радзімы, няхай яна ўвасаблялася для іх у межах аднаго мястэчка.

Смілавічы. Музей «Прастора Хаіма Суціна», што адкрыты тут з 2008 года, сёлета пашырыўся. За кошт залы яшчэ аднаго ўраджэнца мястэчка Шрагі Царфіна. Гэта той самы мастак, імя якога тры гады таму стала адкрыццём для сучасных жыхароў Беларусі падчас выстаў мастакоў «Парыжскай школы» з калекцыі Белгазпрамбанка. У экспазіцыі была серыя з 12 твораў мастака, што ўразілі колерамі, вобразамі і іх пластычным выяўленнем. Гэта было падобна да намаляваных мрояў: нечаканыя спалучэнні фарбаў, ды і, наогул здавалася, неверагодныя колеры, за якія чапляўся позірк, а сярод іх было цікава разглядваць сюжэт, разгадваючы сутнасць назвы. Разгадваць прыходзілася тады ці не кожнага з мастакоў, прадстаўленых на выставе — надта мала было ў нас вядома пра іх: з'ехалі ў Парыж — так і з'ехалі... Але ж з'язджалі напачатку ХХ стагоддзя адсюль, з нашай зямлі. І, можа быць, павезлі яе часцінку, насілі яе — хоць бы ў сваіх мроях. А цяпер два мастакі на Радзіме размясціліся пад адным дахам — у музеі «Прастора Хаіма Суціна», які быў створаны пры Цэнтры дзіцячай творчасці Смілавічаў.

[caption id="attachment_80983" align="alignnone" width="600"]25-25 Кар­ці­на «Дзяў­ча­ты ў квет­ках», якая на­ле­жыць пры­ват­най уста­но­ве куль­ту­ры «Спад­чы­на і час», пе­ра­да­дзе­на на доў­га­тэр­мі­но­вае за­хоў­ван­не ў му­зей «Пра­сто­ра Су­ці­на» ў Смі­ла­ві­чах.[/caption]

Усё нездарма, вельмі сімвалічна. Яны жылі побач — праз два дамы. Суседзі, ды нават больш. Малы Шрага бегаў і глядзеў, як малюе Хаім, калі той прыязджаў да бацькоў падчас вучобы ў Мінску, потым у Вільні. Маляваў — як чараўнік вадзіў рукой, а потым з-пад яе атрымлівалася нешта стройнае. І так зачароўвала. Для хлопчыка гэта быў цуд, якім той захацеў авалодаць. І стараўся.

А потым захацеў стаць мастаком, як Хаім, паехаць вучыцца. Напэўна, для сям'і камерсанта гэта было дзіўна: што тое мастацтва можа даць, было незразумела. Ды і каб дасягнуць у ім нечага, трэба шмат маляваць, маляваць... Але ж як гэта яму падабалася! Абрам Царфін зразумеў імкненне сына, адпусціў яго ў Малявальную школу ў Вільню. Шрага Царфін з'ехаў са Смілавічаў дзесьці ў 1914 годзе.

З Суціным яны сустрэнуцца зноў ужо ў Парыжы ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі Шрага адшукае свайго ўжо славутага земляка ў вялікім горадзе па просьбе яго маці.

Гэты чалавек, падобна, быў грамадзянінам, дзе б ні жыў. Так, прыняў грамадзянства Францыі. Але не проста прыняў. Другая сусветная вайна, якая прыйшла ў яго краіну ў 1939-м, вымусіла апрануць вайсковую форму, каб абараняць яе. Але нават у арміі, на фронце, ён пры магчымасці малюе. Лёс яго захоўваў для мастацтва. Хоць у акупаванай Францыі сям'я яўрэя была пад пагрозай, а адважны Шрага пры гэтым яшчэ ідзе ў Супраціўленне. Калі становіцца зусім небяспечна — ратуецца з жонкай у гарах, пакінуўшы маленькую дачушку ў манастыры.

Чалавек дзіўнага лёсу, які ведаў, што такое жыццёвы выбар, грамадзянскі выбар і мастацкі. Можа, таму лёс яго і захоўваў: у падзяку за гатоўнасць служыць іншым. І за тое, што ўмеў аднаўляцца як чалавек і як творца. Пасля вайны яго творы былі страчаны. Ён маляваў, маляваў зноў. Творы знікалі з выстаў — зноў маляваў, маляваў новыя. Маляваў, таму што гэтага патрабавала яго натура. Нават без думак пра выставы (адмаўляўся ад іх) — маляваў. Для людзей, якія ахвотна куплялі яго творы. Праўда, часам усё ж выстаўляўся (у розных краінах) — і ўсіх уражвалі неверагодныя колеры гэтага «алхіміка».

Ён маляваў асабліва актыўна тады, калі трапіў у шпіталь, ужо невылечна хворы. Маляваў так, нібыта баяўся, што любімая праца перарвецца, а чагосьці ён так і не паспее стварыць. Аднак гэта было шчаслівае жыццё: чалавек займаўся той справай, якую сам для сябе абраў, якую любіў, дзеля якой жыццёвы шлях прывёў яго ў Парыж з гэтых маленькіх Смілавічаў. Гэта было насычанае жыццё: памёр Царфін у 1975 годзе і пакінуў шмат твораў. Але асабліва напрыканцы жыцця любіў вяртацца ў думках у дзяцінства, узгадваў сваю малую радзіму.

Цяпер пра яго тут будуць гаварыць як пра вялікага мастака: зорка Царфіна такая ж значная і светлая, як і зорка Суціна. Тым больш што са спасылкай на ўспаміны Царфіна распавядаюць, што ён узгадваў свае родныя Смілавічы і рэчку Волму з маляўнічымі пейзажамі вакол яе. Расказваць пра гэта цяпер будуць часцей у Беларусі і ў родным мястэчку, куды мастак вярнуўся праз стагоддзе (ці трошкі больш). Вяртанне гэтае маральнае, але можна сказаць, што Шрага Царфін «прапісаўся» на Радзіме ўжо хоць бы таму, што цяпер тут ёсць яго «ўласны» пакой у музеі Суціна. І тут жа ўпершыню ў Смілавічах былі выстаўлены працы двух славутых ураджэнцаў (творы са сваёй калекцыі прадставіў Белгазпрамбанк). Паглядзець пейзаж Хаіма Суціна «Вялікія лугі ў Шартры» — сенсацыя для мястэчка. Прац Шрагі Царфіна на аднадзённай выставе 20 красавіка, вядома, было больш: з банкаўскай калекцыі 6 палотнаў і адна гуаш. Аднак, насамрэч, твораў Царфіна ў Беларусі больш: у 2012 годзе калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея папоўнілі дзве працы, якія падаравала дачка мастака Ліліян: «Гай» і «Светлы Неф». Акрамя таго, яго творамі могуць пахваліцца і Смілавічы: 2 гуашы былі падараваны мясцоваму музею сям'ёй творцы. Арыгіналы! А яшчэ ёсць дзіўныя экспанаты ў музеі: 4 кавалачкі тканіны, кожны з якіх таксама твор мастацтва. Малюнкі для іх распрацаваў Царфін, які шмат гадоў супрацоўнічаў з дамамі высокай моды ў Парыжы, нават здабыў славу «віртуоза малюнка для тэкстылю». Тады ён думаў, як выжыць, пракарміць сям'ю, працаваў і рабіў усё, што прапаноўваў лёс. І не ведаў, што яго лёс творцы будзе даўжэйшым за жыццё. Так бывае — калі жыць мастацтвам.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.