Вы тут

Марэсьеў з Шышчыц


Юрый Палікарпавіч Мяцельскі — сын каваля з вёскі Шышчыцы Слуцкага раёна. Рос у шматдзетнай сям'і. Рана пачаў працаваць і гэтаксама рана палюбіў неба...

Дарога ў нябёсы

Аднойчы летам 1933 года, убачыўшы самалёт, ён вымавіў запаветнае: «Я таксама буду лятаць». Школу закончыў на «выдатна». Яму прапанавалі месца настаўніка геаграфіі, працы і фізкультуры. Юрый пагадзіўся, бо трэба было дапамагчы абуць і адзець малодшых братоў і сясцёр.

У верасні 1939 года камсамольца Мяцельскага прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Праўда, пачынаць служыць давялося з коннага артылерыйскага дывізіёна. Але неўзабаве ён падаў рапарт і папрасіў адпусціць яго для паступлення ў вучылішча. Яму далі дазвол. Праз Маскву, з сухім пайком, трымаў шлях у Чкалаўскае лётнае вучылішча. Мара ўвасобілася ў жыццё. У ліку лепшых выпускнікоў быў накіраваны ў часць далёкай бамбардзіровачнай авіяцыі, якая толькі фарміравалася.

Гармата «Дора»

Вялікую Айчынную вайну Мяцельскі сустракае ў званні лейтэнанта. Ён — першы пілот далёкага бамбардзіроўшчыка «ДБ-3Ф». У 1942 годзе атрымлівае першае баявое заданне — разбамбіць «Вялікую Дору» пад Харкавам. Дыяметр ствала гэтай гіганцкай гарматы ворага амаль паўметра. Перавозілі яе толькі па чыгунцы, абслугоўвалі 300 чалавек. Зенітнае прыкрыццё выключнае, і прабіцца да месца яе дыслакацыі вельмі складана.

Ноччу па разліку ўвайшлі ў раён цэлі. Раптам зямля ажыла дзясяткамі пражэктараў, прастора вакол самалётаў закіпела ад разрыву зенітных снарадаў. Тым не менш цвёрдая рука першага пілота вывела перагружаную машыну на цэль. І смяротны груз пайшоў уніз. Заданне выканана. Самалёт вярнуўся на родны аэрадром у Дзягілева, пад Разанню. Юрыя пачало калаціць: аказваецца, у баі не адчуў, што быў паранены. Асколкам зенітнага снарада яму адсекла палову левай ступні. Перадаўшы кіраванне самалётам другому пілоту, ён сам сабе наклаў жгут, каб спыніць крывацёк. Пасля таго, як яго падлячылі ў шпіталі, Мяцельскі дабіваецца вяртання ў строй.

Нябесны ціхаход

Яму зноў даверылі баявы самалёт — нябесны ціхаход «ПО-2». Вераснёўскай ноччу 1943-га, пралятаючы над лініяй фронту, трапілі ў моцны шквал агню. «Прызямліліся» дагары коламі. На шчасце, на сваёй тэрыторыі. Другі пілот быў цяжка паранены. Непадалёк стаяла наша воінская часць. У батальёне ніводнага каня — запрэглі валоў і паехалі па параненага. Потым Юрый дазваніўся ў свой полк. Прыляцелі адтуль па лётчыкаў. З разбітага самалёта ўсё, што можна, знялі, а рэшткі спіхнулі ў роў. У Юрыя аказаліся зламанымі два рабры. Зноў шпіталь, трывогі, сумненні. Нарэшце, медыцынская камісія... Сіла духу, воля гэтага чалавека і на гэты раз вырашылі яго лёс. Яго вярнулі ў баявы строй. Трапіў на 2-гі Украінскі фронт і зноў за штурвал самалёта «По-2». І так да 1 студзеня 1945 года...

Апошні палёт

У Новы год атрымаў заданне бамбіць танкарамонтны завод пад Будапештам. Пры падыходзе да цэлі самалёт захапілі промні пражэктара. Адзін паратунак — скінуць бомбы на цэль і адыходзіць. Раптам Юрый адчуў моцны ўдар. Нямецкі снарад лёгка прашыў тонкую падлогу самалёта і адарваў галёнку ад сцягна. Яны дацягнулі да палявога аэрадрома, а калі селі, то Юрый страціў прытомнасць, сплываючы крывёю.

Яго хутка падхапілі пад рукі, падагналі паўтаратонку, каб адвезці ў санчасць. Праўда, шафёр з прычыны святломаскіроўкі на аэрадроме — непадалёку ж немцы — заблудзіў, доўга не мог дабрацца да лазарэта. А калі нарэшце давёз, то абяскроўлены авіятар пачуў ціхі ўрачэбны прысуд: «Пульс слабенькі, памрэ».

Але ён выжыў. Дзяжурная медсястра дала яму сваю кроў для пералівання. Пасля дзвюх паспяховых аперацый пачалася ў пілота газавая гангрэна і не хацела назло эскулапам адступаць. І вырашыў тады галоўны хірург лётнага шпіталя, якому Юра вельмі нагадваў загінулага на фронце сына, адправіць падапечнага на сваю радзіму, у Пяцігорск. Мясцовыя асы ад хірургіі змаглі зрабіць, здавалася б, неверагоднае...

Пацалунак місіс Чэрчыль

Набліжалася Перамога. Рыхтаваліся. Начальства Пяцігорскага шпіталя даведалася, што ў Юры ёсць задаткі мастака, а ў шпіталі нават няма партрэта таварыша Сталіна. Яму прапанавалі ўзяцца за гэту справу.

У канцы красавіка 1945 года ляжаў, як звычайна, у палаце. Раптам заходзіць спадарыня Клемянціна Чэрчыль у суправаджэнні Паліны Молатавай і генерал-палкоўніка Арэхава з Масквы. Як пазней патлумачылі, інспектавала жонка брытанскага прэм'ера стан шпіталяў. З падарункамі, вядома: пінцэтамі, хірургічным матэрыялам, касцюмамі афіцэрскаму саставу. Спадабаўся ёй партрэт Сталіна ў вестыбюлі шпіталя, вось і папрасіла адвесці ў палату да мастака. Акрамя касцюма, яна лётчыку і акардэон падарыла, а ён ёй ручку пацалаваў. Лайкавую пальчатку адцягнуў і пацалаваў. А яна яго — у шчаку.

Ад штурвала да пэндзля

Пры садзейнічанні генерала Арэхава паступіў Юрый у Маскоўскі інстытут Сурыкава. Вучыла яго славутая Вера Мухіна. І сёння ён захоўвае яе падарунак — абцугі для нацягвання палатна, з яе аўтографам.

Да выхаду на пенсію працаваў Юрый Палікарпавіч мастаком-афарміцелем, але па-ранейшаму заставаўся ў душы лётчыкам. Пасля вайны ажаніўся з масквічкай Валяй, якая ў вайну была зенітчыцай, вырасцілі дваіх дзяцей, унукаў. У 1962 годзе пераехалі ў Мінск.

Пілотку лётчыка, якую атрымаў у далёкім 1940 годзе, Юрый Палікарпавіч беражліва захоўвае як самую дарагую рэліквію. Пра сваё жыццё гэты чалавек сціпла гаворыць: «Мне пашанцавала, я ўцалеў». Цудоўна разумеючы, што многія з тых, хто быў побач, заплацілі лёсу зусім іншую цану.

Вольга ФЯДЗЯШЫНА,

г. Слуцк.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.