Вы тут

Пад той самай Севярынаўкай


На фронце Васіль Быкаў не раз трапляў у складаныя сітуацыі. Аднак, здаецца, найбольш напружанымі склаліся для будучага беларускага класіка баі ў студзені 1944 г. пад украінскім горадам Кіраваградам. У артыкуле «Эпапея працягваецца» крытык Дзмітрый Бугаёў адзначаў:

«Ротны камандзір (Васіля Быкава. — Аўт.) у апошні момант падарваў кумулятыўнай гранатай фашысцкі танк, які насцігаў параненага ў нагу Быкава. Небяспека была настолькі блізкай, што і пасля выбуху гранаты варожая машына, ужо спыняючыся, яшчэ ўціснула ў снег полы шыняля распластанага на зямлі параненага воіна. Ногі ён інстынктыўна падабраў пад сябе. Гэтыя жахлівыя падзеі адбываліся пад той самай Севярынаўкай на Кіраваградчыне, дзе Васіль Быкаў значыцца пахаваным».

Так, нават сваякам Васіля Уладзіміравіча прыйшла пахаванка, у якой гаварылася: «Загінуў 10 студзеня 1944 г., пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў у в. Вялікая Севярынаўка». На шчасце, Васіль Быкаў застаўся жывы. Пазней кіргізскі пісьменнік Чынгіз Айтматаў пісаў: «Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення».

Пад той самай Севярынаўкай у марозныя студзеньскія дні 1944 г. побач з лейтэнантам Быкавым змагаліся дзясяткі савецкіх воінаў. Сярод іх быў і радавы 468-га стралковага палка Аляксей Чыслоў. У даваенны час салдат жыў у Полацку па вуліцы Леніна, 16. Калі пачалася вайна, палачанін разам з сям'ёй эвакуяваўся ў глыбіню краіны. У Чырвоную Армію яго прызваў Ленінска-Кузнецкі райваенкамат Кемераўскай вобласці. На фронце Аляксей Чыслоў стаў артылерыстам, трапіў у 111-ю стралковую дывізію. Туды ж накіравалі служыць і Васіля Быкава. Так адбылося, што землякі ваявалі побач. Артылерыст Чыслоў загінуў у баі 7 студзеня 1944 г. Яго жонцы Васілісе, якая на той момант перабралася ў Сямёнаўскі раён тагачаснай Горкаўскай вобласці, адправілі пахаванку. Аляксей Чыслоў з Полацка назаўсёды застаўся ў в. Вялікая Севярынаўка. Гэта і ад яго імя Васіль Быкаў пазней пісаў праўду аб вайне.

Юрый Камягін, краязнаўца,

г. Гродна.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.