Вы тут

Не маем права забыцця


Мінаюць гады. Прывычнае, штодзённае становіцца яўным, будзённым, і з платформы памяці аб ваенных гадах міжволі сціраюцца сапраўды заслужаныя імёны людзей перыяду таго ліхалецця, пра якіх мы не маем права забыцца. Пра аднаго з іх, свайго земляка, Сямёна Адамавіча Яроцкага, камандзіра партызанскага атрада №345, хацелася б успомніць, каб яшчэ раз нагадаць сённяшняму пакаленню вартасць такіх людзей на зямлі.

Ураджэнца вёскі Капланцы Яроцкага мабілізавалі ў Чырвоную Армію старшым палітруком, намеснікам эскадрона па палітчасці 21-й арміі. Першае хрышчэнне ў баях з немцамі адбылося на Гомельшчыне.
17 верасня іх эскадрон трапіў пад моцны артабстрэл каля вёскі паміж Ладыньскім і Трацінскім раёнамі Палтаўскай вобласці ва Украіне. Тройчы паранены і кантужаны, ён, апрытомнеўшы, стаў прабірацца да Магілёва, у родныя капланецкія мясціны, каб прадоўжыць супраціўленне ворагу там, дзе, як той казаў, і сцены дапамагаюць. Дабраўся да брата Сяргея ў вёску Засвяціна. Заросшага, у старым зіпуне родныя не пазналі Адама. Размова з братам была невясёлай. Немцы звярэлі, рабавалі калгаснае дабро, гвалтавалі жанчын, распраўляліся з камуністамі. Быў расстраляны муж сястры Галі — Аляксандр Равінскі, старшыня Капланецкага сельскага Савета Фядос Булойчык, дырэктар МТС Фёдар Баранаў і іншыя.

З цяжкай думкай Сямён пакінуў дом брата і падаўся ў лясное ўрочышча Даўгалессе. Тут была выкапана зямлянка, якая і стала першым рэзервовым месцам сустрэч з братам Пятром, Карпам Кішкаром, якія выдавалі першачарговую інфармацыю і пра нямецкі гарнізон у Беразіно, і пра здрадніка Гаўрылу Яроцкага, які служыў старастам у Капланцах. Актыўная дзейнасць Сямёна Яроцкага прыносіла свае вынікі: да канца 1941 года былі арганізаваны падпольныя партыйныя арганізацыі ў 4-х вёсках.

Весткі пра зверствы фашыстаў шакіравалі патрыётаў. Са стварэннем гета ў Беразіно за адзін дзень —
1 лютага 1942 года — была знішчана ўся яўрэйская абшчына раёна. Людзі самі капалі сабе магілу, а затым на краі выкапанага рову іх расстрэльвалі, іншых закопвалі жывымі. Дзяцей забівалі варварскім спосабам — ударам па галаве дубінкай. Такія метады новых парадкаў вымушалі людзей аб'ядноўвацца ў атрады. Так, 10 сакавіка 1942 года быў створаны партызанскі атрад, у які ўвайшлі: С.А. Яроцкі — камандзір, К.А. Баранаў — камісар, Ф.І. Казаноўскі — начальнік штаба, В.М. Буры — начальнік асобага аддзела, М.І. Шалай — яго памочнік, В.Д. Жукоўскі — начальнік санітарнай службы, А.Я. Царыкаў — сакратар партбюро, М.Ф. Пыж — сакратар камсамольскай арганізацыі, І.А. Лескавец — рэдактар сценгазеты і баявых лісткоў, А.Е. Шагойка — радыст.

Засады, спальванне мастоў — партызаны кантралявалі вялікія тэрыторыі. Асабліва пагражалі ахоўным нямецкім камунікацыям групы арміі «Цэнтр», якія дыслацыраваліся ва ўсакінскіх лясах. Са стаўкі Гітлера прыйшоў загад аб ліквідацыі партызанаў гэтай зоны. Масіраваная групоўка нямецкіх войскаў, аснашчаных гарматамі, мінамётамі, танкамі, бронемашынамі пачала душыць супраціўленне партызанскіх застаў. Наступленне карнікаў у гэтыя ліпеньскія дні суправаджаліся артылерыйскімі і мінамётнымі абстрэламі, хваля за хваляй наляталі самалёты, скідвалі бомбы, абстрэльвалі вёскі з кулямётаў. Гарэлі сёлы, вялікія ўчасткі лесу, падалі дрэвы, разбягаліся ў страху людзі.

22 ліпеня немцы акружылі партызанскую групу. Для ліквідацыі партызанаў лясны масіў быў раздзелены на 2 сектары, а сектары — на ўчасткі, за якімі былі замацаваны пэўныя нямецкія часці з усім узбраеннем, уключаючы танкі і браневікі. Пачаліся напружаныя пошукі выхаду з «мяшка» разведкі. І вось паміж вёскамі Дулебы і Мачаск праз забалочаны ўчастак, на карце абазначаны як зусім непраходны, пайшлі на прарыў блакады. Дрыгва хадзіла ходырам. У бесканечным манеўраванні, харчуючыся грыбамі і малінай, невялікімі групамі, якім прыходзілася натыкацца на немцаў, адбіваючыся, хаваючыся па шыю ў балотных канавах, кожны са сваёй тактыкай выбіраліся з акружэння. Толькі адзін 345-ы партызанскі атрад знішчыў 1336 нямецкіх салдат і афіцэраў, 315 паліцэйскіх і здраднікаў Радзімы, пусціў пад адхон 32 варожыя эшалоны, узарваў 1 чыгуначны мост і 43 шашэйныя, разграміў 5 гарнізонаў праціўніка... За храбрасць камандзіра С.А. Яроцкага, не без дапамогі мясцовых здраднікаў, расплачваліся жыццямі яго сваякі. Немцы расстралялі бацьку, жонку і трое дзяцей брата Пятра,  жонку брата Сяргея (засталося пяцёра маленькіх дзяцей). Забіты швагер, расстраляны родны дзядзька, два браты камандзіра загінулі на франтах.

Сам камандзір партызанскага атрада Сямён Яроцкі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалём «Партызану Айчыннай вайны», ордэнам Айчыннай вайны I ступені. У сваіх успамінах «Ідзе вайна народная» С.А. Яроцкі з вялікай удзячнасцю расказвае пра людзей, якія загінулі як героі: Фёдара Курача, Веру Лясных, Максіма Шыка, Міхаіла Шалая, Уладзіміра Беражнога, Мікалая Губіча і многіх іншых. З пагардай расказвае і пра мясцовага здрадніка-старасту Гаўрылу, па даносе якога была знішчана яго сям'я. А ён, між іншым, пасля вайны доўгі час працаваў у леспрамгасе ў глушы Пінскай вобласці. Трэба ж было так здарыцца, што Яроцкі сустрэўся з былым нямецкім прыслужнікам у цягніку Брэст — Пінск. Яго сярод пасажыраў пазнала пляменніца Рая. Здрадніка тут жа арыштавалі.

І гэта вельмі невялікая крыха дзейнасці партызанскага атрада №345 пад камандаваннем нашага земляка С.А. Яроцкага. На тэрыторыі раёна актыўна дзейнічалі і іншыя партызанскія атрады. Ні ў адной краіне свету, ні ў адной рэспубліцы СССР не было столькі партызанаў у час Другой сусветнай вайны, іншых узброеных канфліктаў. Прыемна, што сярод іх былі і адважныя землякі.

Ніна БУРКО,

в. Капланцы Бярэзінскага раёна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».