Вы тут

Франтавы альбом


Гісторыя нашай Радзімы — гісторыя кожнай сям'і. Нядаўна ў мяне адбылася размова з маёй бабуляй Ганнай. Аднойчы ўвечары яна дастала стары альбом і стала яго гартаць. Я зацікавілася некаторымі фотаздымкамі — і бабуля пачала свой пранізлівы аповед.

25-29

15-гадовым падлеткам мой прадзед Пётр Раткевіч, скончыўшы 7 класаў Лагойскай школы, адправіўся ў Мінск. Увесь шлях ён пераадолеў пешшу. Пазней ён атрымаў прафесію шафёра і сустрэў рускую дзяўчыну, якую моцна пакахаў і з якой неўзабаве ажаніўся.

23 чэрвеня 1941-га ён пайшоў на працу, адкуль дадому не вярнуўся: нечакана быў адпраўлены на фронт. Змагаўся з гітлераўцамі да канца вайны: быў шафёрам, механікам-кіроўцам 23-й танкавай брыгады. Маладая жонка майго прадзеда разам з нованароджаным дзіцем была расстраляна карнікамі падчас аднаго з іх рэйдаў. Пётр Раткевіч так і не ўбачыў свайго сына, якому было ўсяго год і восем месяцаў...

У гэтым месцы аповеду бабуля праслязілася і глыбока задумалася. Затым перагарнула старонку старэнькага фотаальбома і ўспомніла яшчэ адзін эпізод з ваеннай біяграфіі майго прадзеда. Шчака ў яго была незвычайная: у ёй на ўсё жыццё затрымаўся цёмны цвёрды асколак. Танк майго прадзеда ўдзельнічаў у важных ваенных бітвах, гарэў разам з экіпажам. Страшныя раненні і апёкі былі па ўсім целе. Аднойчы ледзь не згарэў у танку ў баі пад Масквой. Нягледзячы на страшны боль, ён змог не толькі выбрацца сам, але і выратаваць напарніка, які страціў прытомнасць. Пасля папраўкі прадзед кожны раз зноў ішоў на фронт і займаў сваё пачэснае месца побач з баявымі таварышамі-танкістам, якія марылі ачысціць нашу зямлю ад фашысцкай навалы. Так, прайшоўшы ўсю вайну, ён дажыў да Перамогі. А калі грымеў салют у яе гонар, ён быў у дарозе: ехалі на другі фронт, каб змагацца з японскімі агрэсарамі.

Бабуля падышла да старога камода і дастала беражліва загорнутыя ў аксаміт ордэны і медалі свайго бацькі. Я стала іх разглядваць, уважліва чытаючы надпісы: «За адвагу», «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Японіяй», ордэн Айчыннай вайны І ступені.

Бабуля Ганна паправіла абрус, з любасцю правяла рукой па партрэце маладога танкіста ў ваеннай форме. І тут я падумала: як добра, што ў мяне быў такі баявы прадзед, што былі такія ж, як ён, маладыя хлопцы, якія выратавалі нашу зямлю і падаравалі нам, сённяшняму пакаленню, жыццё.

Юлія ХМЕЛЬ, вучаніца 11 класа гімназіі №25 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.