Вы тут

Апантаныя за камерай


Што цікавіць нашых маладых рэжысёраў?

Фестываль кароткаметражнага кіно Cіnema Perpetuum Mobіle, які сёлета ў Беларусі прайшоў у чацвёрты раз, упершыню арганізаваў асобны конкурс беларускіх карцін. На ўдзел было пададзена каля пяцідзесяці заявак, з іх адабрана восем фільмаў — тры ігравыя, дзве дакументальныя карціны, дзве анімацыйныя і адна анімацыйна-ігравая. Праграма — зрэз таго, што цікавіць нашых маладых рэжысёраў, якія сваімі праектамі не прэтэндуюць на вялікае кіно, а здымаюць на энтузіязме. Тым цікавей назіраць за зменай сюжэтаў на вялікім экране — усё, што бачылі гледачы, было зроблена дзеля агучвання думкі, нейкага пасылу, ідэі.

25-16

Шэры, змрочны «Невядомы мужчына» Дзмітрыя Дзедака пабудаваны на кантрастах, асноўны з іх закладзены ў асобе галоўнага героя А.Р.Ч. Гэта маўклівы санітар у моргу, які, здаецца, цяжка ідзе на кантакт з навакольным светам і камфортна сябе адчувае ў сваёй абалонцы і побач з нябожчыкамі. У той жа час ён займаецца жывапісам і сентыментальна віншуе свайго гадаванца з Новым годам. Факт перадпачатку свята — таксама важны складнік атмасферы і сэнсу фільма. Таму што традыцыйнае ўяўленне пра Новы год, як пра яскравы, прыгожы, цудоўны час, ніяк не асацыюецца з навіслай антыўтапічнасцю карціны. Яшчэ адзін кантраст.

Галоўны герой праходзіць каля маляўнічага віншавальнага банера, на якім напісана «З Калядамі і Новым годам!», а вакол надвор'е дажджлівай позняй восені. Ёлка і Дзед Мароз на голым, такім індустрыяльным і безаблічным, асфальце, акуркі побач з мандарынамі — усё гэта выглядае недарэчна. Халоднае ігнараванне маці і прасветлены твар у бок жывёліны — ужо трагічна. Атрымалася антыўтопія, ад якой, вядома ж, хочацца збегчы. Магчыма, гэта было запланавана, але «Незнаёмы чалавек» — не самы прыемны прагляд, што не мінусуе яго вартасці. Тут для нас раскрыліся парадоксы жыцця: вечнае суіснаванне прыгожага і агіднага, высокага і нізкага, узвышанага і зямнога, у рэшце рэшт, свята Новага года і неадпаведнага надвор'я.

Удзельнікам конкурсу была таксама цікавая сваім мантажом, іранічнасцю і задумай пятнаццаціхвілінка «Шчаслівыя дні», якую стварылі Марыя Манакова і Дзмітрый Ляўкоўскі. Галоўнае тут — каханне і перыпетыі ў адносінах двух чалавек. Пачынаецца з таго, што Антон — адзін з двух галоўных герояў — выкідваецца з акна (у дастаткова жартаўлівай кіношнай атмасферы, каб гледачы не пачалі выціраць слёзы). Далей паралельным мантажом мы бачым, што ў Антона і абыякавай дзяўчыны (галоўнай гераіні) усё здараецца аднолькава: спатканне, два чалавекі праз столік адзін супраць аднаго, тлумачэнні прапаноў «расстацца». Абое застаюцца ў адзіноце, абое некуды едуць, аказваецца, у лес, каб пакрычаць, чуюць галасы адно аднаго. Да гэтага моманту глядач не ведае, ці звязаны гэтыя героі, але мудрагелісты мантаж верне нас да сцэны з выскокваннем з акна і ўсё патлумачыць. Кароткаметражка цікавая сваімі колерамі, персанажамі, адносінамі паміж героямі, некаторым жартам. «Завернуты» мантаж аўтары патлумачылі частым перапісваннем сцэнарыя, але не важна, што менавіта паўплывала, таму што ён стаў фішкай карціны.

Дакументальная стужка «Шлях да сонца» Яўгена Лыткіна і Максіма Малахава параўноўвае два музычныя гурты. Першы — пакуль што невядомыя барысаўскія энтузіясты, ад якіх больш патрабуюць звычайнага выканання кавераў (запатрабаванага ў забаўляльных установах), чым уласнай музыкай. Другі — папулярны гурт «Без білета», які, па інфармацыі з цітраў, сабраў «Мінск-Арэну», што быццам плюсуе яго вартасці і канстатуе прызнанне публікі. Па словах рэжысёра, ідэя фільма заключаецца ў тым, што некалькі гадоў таму «Без білета» можна было здымаць гэтаксама, як зараз хлопцаў з Барысава. Назва гаворыць быццам пра тое, што палова галоўных герояў ідзе па гэтым шляху, другая — да зоркі ўжо дакранулася. Каментарыі галоўнага рэдактара музычнага партала, выкарыстаныя ў фільме, ураўноўваюць галоўных герояў з агульнай бясконцай масай таленавітых музыкантаў, што гучыць амаль трагічна. Магчыма, словамі каментатара агучваецца прыгавор і суровая рэальнасць. Што гэтую папулярнасць, якая тут узведзена ў абсалют, абумоўлівае — рулетка ці доўгая праца — фільм не патлумачыў. І не змог патлумачыць шмат чаго іншага праз хронаметраж, але патэнцыял для сур'ёзнай поўнаметражнай працы мае.

Другая дакументальная стужка «І шчасце» Максіма Шведа звярнулася да тэмы, якая ў нашай інфармацыйнай прасторы гучыць недастаткова гучна і ўпэўнена, — дзеці з аўтызмам. Увогуле, пяшчотны фільм, дзе маці расказвае пра свайго сына, які вучыцца ў інтэграваным класе — тым, дзе незвычайныя дзеткі маюць магчымасць атрымліваць агульную адукацыю побач са сваімі аднагодкамі. Дастаткова адзначыць дзве вартасці — тэма (стваральнікі плануюць зрабіць серыю такіх кароткіх фільмаў) і апошні буйны план асветленага твару маці.

25-17

Ідэю анімацыйнай карціны «Вялікая Казява і маленькая Казяўка» Дзмітрыя Шастапалава можна сфармуляваць параўнальна каротка: не чакайце моманту, знака і заўтрашняга дня, каб сказаць галоўныя словы тым, каго любіш. Маленькая, якую Вялікая палюбіла за дзень, знікла ў той час, як у свой адрас не паспела атрымаць важныя словы. Казяўкі, маўляў, жывуць толькі адзін дзень. А наша жыццё даўжэйшае?

Цікава знешняе афармленне таксама анімацыйнага троххвіліннага фільма «Мульт пра вяселле», аўтары якога — Аляксандра Падкапаева і Марыся Тульфанкова — выкарыстоўвалі этнаграфічныя матэрыялы з Брагінскага раёна (Гомельская вобласць). З фільма, напрыклад, можна дазнацца, што павінна зрабіць дзяўчына, калі ёй падабаецца жаніх, які прыйшоў сватацца.

Настальгічны фільм «ОБНЦБНЧА» Максіма Лушчыка падаецца як энцыклапедыя перабудоўнага дзяцінства. Назва заснавана на трох папулярных дзіцячых жарганізмах — «обана», «цэбанска» і «четко». Ну было ж, праўда? Нагадвае яшчэ бясконцыя абрэвіятуры савецкага ладу ЦК КПСС, ЦК ВКП(б) і гэтак далей. Хаця, што тычыцца шматзначнага СССР, гэтая абрэвіятура адчуваецца толькі як геаграфічная адзінка, не адбітая на ўсведамленні. Як звычайная энцыклапедыя, фільм складаецца з частак — гэта напалову анімацыйныя, напалову ігравыя эпізоды, кожны з якіх паказвае традыцыі дзяцінства. Напрыклад як з дапамогай піянерскага гальштука стаць Рэмба? Завязаць яго адпаведным чынам на галаве — і гатова. Альбо як арганізаваць сапраўдныя драйвовыя гонкі? Узяць аркуш паперы, скласці яго па неабходнай схеме, напісаць нешта накшталт «Таёта» і дзьмуць. Што цікавага можна знайсці летам у вёсцы ў трактары? Гэта ж звер, магутнасць, сябар мужчын, якія любоўна ўпрыгожваюць яго каляровай ізалентай, карткамі і старонкамі з часопісаў для «сапраўдных мужыкоў». У такое сакраментальнае месца можна незаўважна для ўсіх трапіць, паглядзець на гэтую прыгажосць і быць выкінутым з кабіны тым самым сапраўдным гаспадаром.

Дзеянне апошняга фільма праграмы — «Дзень нараджэння ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага — пачынаецца ў цягніку, у якім галоўны герой Ягор другі раз вяртаецца дадому ў Мінск, таму што не змог здаць экзамены ва ўніверсітэце. Па прыездзе ён разумее, што мінскі пах застаўся, але горад прымае яго холадна. Фільм, скажу на ўсялякі выпадак, назвалі драмай. Паказана яна няцвёрдай камерай, своеасаблівым мантажом, буйнымі планамі, доўгімі сцэнамі. Дарэчы, адна з гэтых доўгіх-доўгіх сцэн — выкананне галоўным героем песні пра дрэнны-дрэнны свет у свой дзень нараджэння. Вядома ж, гэты эпізод наўмысны, таксама і апошняя сцэна з падняццем па лесвіцы, якая быццам сімвалізуе ўзыход на Галгофу — усё свядома распрацавана і распланавана. Але замкі гэтыя будуюцца на надуманай, гіпербалізаванай, крохкай тэме, нецікавым сюжэце, непераканаўчасці за кошт дэталяў і выканаўцаў роляў, беспадстаўнасці. Адлічэнне з універсітэта — гэта не драма, асабліва ў абыгрыванні, якое прадставіў нам малады творца.

Што цікавіць нашых маладых аўтараў? Гэта вечнае: каханне («Шчаслівыя дні»), жыццёвыя пастулаты, падобныя да прыказак («Вялікая Казява і маленькая Казяўка»), роўнасць людзей («І шчасце»), кантрасты жыцця («Незнаёмы чалавек»). Гэта бягучае: развіццё творчых людзей («Шлях да сонца»), настальгія па дзевяностых («ОБНЦБНЧА»), вывучэнне традыцый («Мульт пра вяселле»). Гэта надуманае: «Дзень нараджэння ў Мінску».

Дарэчы, менавіта апошні фільм стаў пераможцам конкурсу беларускіх фільмаў на Cіnema Perpetuum Mobіle, адзначаны таксама карціна «Шчаслівыя дні», якая атрымала прыз глядацкіх сімпатый, «ОБНЦБНЧА» — у намінацыі Perpetuum Lіbertas, «Невядомы мужчына» — у намінацыі Perpetuum Ars.

Фільмаў, якія б'юць у вока пазнавальнай рэальнасцю, у конкурсе аказалася не так шмат, але неяк, з павелічэннем колькасці, у іх праявяцца не толькі час, магчыма, менталітэт: раптам тое самае, няўлоўнае, беларускае.

Праграма з такімі рознымі карцінамі такіх блізкіх (тэрытарыяльна) нам людзей даказвае, што наша асяроддзе здольна і, самае галоўнае, гатова ствараць кіно. Хаця б таму, што яго любіць. На гэтым трапяткім этапе станаўлення і свабоды любая ініцыятыва — шчасце. Таму няхай жыве кіно!

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.