Вы тут

Вялікі крок наперад


Менавіта так у Грузіі ацанілі значэнне для іх краіны візіту беларускага Прэзідэнта.

Асобным пунктам афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію стала Аўтаномная Рэспубліка Аджарыя, адзін з найбольш развітых рэгіёнаў краіны. Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся са старшынёй урада Аджарыі Арчылам Хабадзэ.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў аўтаномнай рэспубліцы супрацоўніцтва ў машынабудаванні, будаўніцтве, турызме. Беларускі бок гатовы прапанаваць любыя паслугі будаўнічага комплексу, паставіць любую тэхніку: ад сельскагаспадарчай да камунальнай.

Прэзідэнт падкрэсліў таксама, што Аджарыя з'яўляецца найбольш развітым рэгіёнам не толькі Грузіі, але і ўзбярэжжа. Апошнім часам у разы павялічылася колькасць турыстаў з Беларусі ў Грузію, у тым ліку і ў Аджарыю. «Мы рады, што ў вас сур'ёзныя поспехі. Мы ўдзячны вам за разважлівасць, асабліва ў цяжкія часы. Аджарыя не кінулася ў амбіцыі, а разам з грузінскай дзяржавай рухалася наперад і развівала сваю зямлю. Раздзяліцца можна за паўгода, а вось каб потым наладзіць адносіны, пойдуць гады, і, пакуль не зменіцца пакаленне, цяжка будзе нешта аднавіць», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што члены беларускага ўрада, якія таксама ў гэтыя дні працавалі ў Грузіі, добра вывучылі рэгіён і змогуць прапанаваць калегам у Аджарыі некаторыя варыянты супрацоўніцтва.

Старшыня ўрада Аджарыі Арчыл Хабадзэ адзначыў, што ў Аджарыі існуе шмат сфер, куды можна інвеставаць. «У нас ёсць патэнцыял, і мы збіраемся прыцягнуць больш турыстаў з Беларусі. Мы вельмі хочам прыцягнуць беларускія інвестыцыі ў турыстычную галіну», — сказаў ён. Аджарыя гатова прадаставіць для беларускіх інвестыцый, беларускіх кампаній участкі, дзе могуць быць пабудаваны вялікія комплексы для адпачынку беларусаў.

* * *

У ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі Беларусь і Грузія выйшлі на дамоўленасці, у выніку рэалізацыі якіх двухбаковы таваразварот бачыцца ў аб'ёме $200 млн.

Няма праблем у нашых краін і ў палітыцы, заявіў журналістам беларускі лідар. На яго думку, краінам трэба стварыць трывалы фундамент двухбаковых адносін. «А гэта гандаль, гэта эканоміка — вось што галоўнае», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў таксама, што Беларусь мае намер на працягу года адкрыць у Грузіі пасольства.

Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі, падводзячы вынікі візіту, заявіў журналістам, што ў асобе Аляксандра Лукашэнкі Грузія ўбачыла сапраўднага сябра, які паважае краіну, яе дзяржаўнасць і суверэнітэт. Георгій Маргвелашвілі падкрэсліў, што на падставе гэтага грузінскі бок гатовы прыкласці максімум намаганняў для развіцця міралюбівага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Ён лічыць важнай ролю беларускага лідара на постсавецкай прасторы: «Мінск — гэта тое месца, дзе многія працэсы знаходзяць мірнае вырашэнне. Прэзідэнта Лукашэнку я ведаю як чалавека, які зрабіў вельмі шмат для нашых суседзяў. Дружба і партнёрства з такім чалавекам, я ўпэўнены, будзе вялікім крокам наперад і для Грузіі, і для ўсяго нашага рэгіёна».

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.