Вы тут

Камфорт і давер ідуць поруч


Нават пры ўкараненні механізму міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі кліентаў без іх фізічнага наведвання аддзяленняў банкі гатовы браць рызыкі на сябе.

Чаму Нацбанк апошнім часам надае асаблівую ўвагу лічбавым тэхналогіям? «Мы не можам застацца ў хвасце сусветных тэндэнцый. Іначай мы страцім сваю канкурэнтаздольнасць, — заявіў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў падчас міжнароднага форуму «Лічбавы банкінг: тэхналогіі і навацыі», які адбыўся ўчора ў Мінску ў межах выставы «ТІВО-2015».

«Для развіцця лічбавага банкінгу неабходна змена ментальнасці. І я маю на ўвазе нават не каналы дыстанцыйнага абслугоўвання. Гэта стварэнне давяральнага асяроддзя паміж банкам і кліентам», — упэўнены Сяргей Дубкоў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Аляксандр Сотнікаў удакладняе фармулёўку: «Лічбавы банкінг — гэта значыць зрабіць усё, каб чалавек менш хадзіў у банк; зрабіць усё, каб чалавек максімальна часта меў стасункі з банкам, выкарыстоўваючы лічбавыя каналы, а банк пры гэтым атрымліваў максімальную колькасць інфармацыі аб паводзінах кліента; гэта не толькі і не столькі перавод у лічбу дзейных каналаў, тэхналогій і прадуктаў, колькі стварэнне новых тэхналогій, прадуктаў, падстаў узаемадзеяння банка і кліента».

І Нацбанк паступова стварае гэтае камфортнае для кліента асяроддзе. Пачалося ўсё з развіцця безнаяўных разлікаў, а скончыцца павінна поўнай нашай фізічнай адсутнасцю ў банку пры карыстанні яго паслугамі. Напрыклад, цяпер можна паўдзельнічаць у абмеркаванні праекта ўказа «Аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», размешчанага нядаўна на сайце рэгулятара.

Згодна з дакументам, у Беларусі прапануецца стварыць адзіную банкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі кліентаў. Для гэтага неабходна стварэнне механізму міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліентаў без іх фізічнага наведвання банкаў. Базай павінна паслужыць інфармацыя аб першаснай ідэнтыфікацыі ў адным з беларускіх банкаў. У сувязі з гэтым прапануецца стварыць адзіную банкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі кліентаў пад эгідай Нацбанка. Гэта павінна паспрыяць фарміраванню рынку ідэнтыфікацыйных паслуг і міжбанкаўскага рынку дыстанцыйных банкаўскіх паслуг. Пры гэтым рэгуляванне стварэння і функцыянавання прапанаванага адзінага міжбанкаўскага ідэнтыфікацыйнага цэнтра прапануецца замацаваць у статуце Нацбанка як адну з яго функцый. У якасці базы для стварэння адзінай сістэмы ідэнтыфікацыі прапануецца разглядаць Адзіную разліковую і інфармацыйную прастору (АРІП).

Аснова праекта ўказа ў тым, каб рэгламентаваць магчымасць правядзення ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліента ў банку пры другім і наступных зваротах на падставе інфармацыі, атрыманай падчас першага звароту, калі чалавек ўласнаручна падпісваў неабходныя дакументы. Мяркуецца, што банкі самі будуць вызначаць метады і формы паўторнай ідэнтыфікацыі і ідэнтыфікацыі ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага кантролю і палітыкай па кіраванні рызыкамі. Пры гэтым банк возьме на сябе ўсе рызыкі, звязаныя з пэўнасцю паўторнай ідэнтыфікацыі свайго кліента.

Асноўныя напрамкі і мэтавыя паказчыкі развіцця лічбавай трансфармацыі крэдытна-фінансавай сферы на найбліжэйшую будучыню знойдуць адлюстраванне ў Стратэгіі развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій на 2016-2020 гады, якая будзе распрацавана і вынесена на разгляд Праўлення Нацыянальнага банка ў снежні 2015 года.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».