Вы тут

29 гадоў пераадолення


На забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Беларусі сёння жыве каля мільёна чалавек. Для таго, каб яны спакойна жылі і працавалі, неабходна ствараць і развіваць ужо існуючыя сацыяльна-бытавыя і эканамічныя ўмовы. Менавіта таму ў праект дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, разлічанай на 2016-2020 гады, закладзена больш фінансавых сродкаў.

— У многіх раёнах будуюцца новыя сельскагаспадарчыя аб'екты, — гаворыць намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Мікалай Цыбулька. — Не забываемся і на развіццё камунікацый на гэтых тэрыторыях. Напрыклад, газіфікацыя мясцовасці робіцца для таго, каб насельніцтва не паліла дровы, якія змяшчаюць радыенукліды. З тых жа меркаванняў пракладваюцца водаправодныя сеткі, а дарогі набываюць цвёрдае пакрыццё. Агулам жа летась з бюджэту на выкананне заданняў па пераадоленні наступстваў катастрофы выдаткавана больш за 3 з паловай трыльёны рублёў. А аздаравіцца змаглі амаль 90 тысяч пацярпелых.

Радыенукліды выпалі ў 1986 годзе нераўнамерна. Нават на тэрыторыі адной гаспадаркі сустракаліся тэрыторыі з розным узроўнем забруджвання. І таму паступовы працэс вяртання тэрыторый у севазварот ідзе з 1990-х гадоў.
За гэты час другое жыццё далі 17,5 тысячы гектараў зямлі — пасля пільных праверак на наяўнасць цэзію, стронцыю і іншых небяспечных хімічных элементаў.

— Аднак выведзена земляў з гаспадаркі агулам вельмі шмат — 240 тысяч гектараў, — працягвае Мікалай Цыбулька. — Некалькі гадоў таму мы ў межах навуковага раздзелу Дзяржаўнай праграмы даручылі правесці Інстытуту радыялогіі інвентарызацыю гэтых земляў. Яна цяпер падыходзіць да канца. І папярэднія вынікі ўжо вядомы. Большая частка гэтых земляў непрыдатна для вяртання без велізарных грашовых сродкаў. Значная частка зямлі калісьці была асушана, аднак за тры дзясяткі гадоў меліярацыйныя сістэмы сапсаваліся без эксплуатацыі. Па сутнасці, там трэба праводзіць паўторную меліярацыю. Частка земляў зарасла лясамі. І наколькі гэтыя тэрыторыі ў перспектыве, калі яны ачысцяцца, будуць прывабныя ў фінансавым плане для патэнцыяльнага інвестара, які прыйдзе да нас і пажадае вырошчваць на іх, напрыклад, тэхнічныя культуры для атрымання біяпаліва?

У зонах адсялення і адчужэння па-ранейшаму праводзяцца навуковыя даследаванні і мерапрыемствы, скіраваныя на прафілактыку разносу радыенуклідаў. Ды вось толькі вярнуцца назад на адселеныя тэрыторыі можна будзе людзям не раней, чым праз 100 гадоў...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.