Вы тут

На шляху адраджэння


У наступным годзе з'явіцца інтэрнэт-музей чарнобыльскай катастрофы.

Аварыя на атамнай станцыі была амаль 30 гадоў таму, але нанесены ёю ўрон закрануў не адно пакаленне. З 1988-га па 2010 год Саюзнай дзяржавай былі выкананы тры праграмы па пераадоленні наступстваў трагедыі. З пазамінулага года рэалізуецца чацвёртая праграма (яна працягнецца да 2016 года). Калі ў папярэдніх галоўным было аднаўленне і рэабілітацыя пацярпелых тэрыторый, то цяпер акцэнт зроблены на інфармацыйную палітыку. Мэта новых праектаў — разбурыць чарнобыльскія міфы і стэрэатыпы, дапамагчы чалавеку адэкватна ацаніць магчымасці пражывання ў забруджаных раёнах, раскрыць гаспадарчы і прыродны патэнцыял гэтых земляў.

Экскурсіі для маладых спецыялістаў

Сёння даследчыкі мяркуюць, што нерадыяцыйныя фактары (напрыклад, сацыяльна-псіхалагічны стрэс, вобраз ахвяры) нанеслі рэальную шкоду, якая перабольшвае рызыку апраменіцца на пацярпелых тэрыторыях. У Расіі і Украіне створаны спецыялізаваныя цэнтры сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі і інфармавання насельніцтва, што сутыкнулася з праблемамі пасля чарнобыльскай аварыі. У нас такіх устаноў няма. Рэабілітацыяй давялося займацца школьным псіхолагам, сацыяльным работнікам, медыкам. Цяпер ужо ў кожным з забруджаных раёнаў дзейнічаюць цэнтры практычнай радыялагічнай культуры. Беларускае аддзяленне Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (БАРБІЦ) забяспечвае мясцовыя сацыяльна-псіхалагічныя службы інфармацыйнымі матэрыяламі, праводзіць для іх семінары-кансультацыі па працы з насельніцтвам.

Трэба сказаць, што большасць мерапрыемстваў цяперашняй саюзнай праграмы накіравана на школьнікаў і моладзь. Так, у красавіку для студэнтаў медыцынскіх і педагагічных ВНУ Гомеля ўпершыню арганізавалі экскурсію ў Хойніцкі і Калінкавіцкі раёны. Каб маладыя спецыялісты самі ўбачылі, у якім стане цяпер знаходзяцца гэтыя тэрыторыі, пачулі пра жыццё ў рэгіёне ад сваіх патэнцыйных калег і перасталі баяцца размеркавання сюды.

— Кожны мясцовы жыхар раз на год праходзіць пашыраны медагляд. З-за ўзмоцненай прафілактыкі статыстыка па захворваннях, у тым ліку і анкалагічных, у забруджаных раёнах нават лепшая, чым на Віцебшчыне. Да таго ж там прапануюць вялікія льготы маладым спецыялістам. Хойніцкі раён, напрыклад, калі выпускнік падпісвае з мясцовым прадпрыемствам працоўны дагавор на пяць гадоў, аднаразова выплачвае яму 50 мільёнаў. Паўсюдна забяспечваюць жыллём: спачатку дзяржаўным, а потым выдаюць ільготны крэдыт на будаўніцтва ўласнага, — расказвае загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела БАРБІЦ Ірына САЎЧАНКА.

Каб прааналізаваць, як моладзь ставіцца да перспектывы жыць тут, навучэнцам прапанавалі запоўніць анкеты — да і пасля экскурсіі. Аказалася, што пасля знаёмства з «чарнобыльскімі» раёнамі студэнты сталі больш лаяльна ставіцца да іх. На наступны год ужо запланавана падобная экскурсія для будучых спецыялістаў па Магілёўшчыне.

У канцы мая адбудзецца брэйн-рынг паміж беларускімі і расійскімі школьнікамі на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Пярліна» ў Віцебскай вобласці. Інтэлектуальнае спаборніцтва дапаможа засвоіць навыкі бяспечнага пражывання ў пацярпелых раёнах. А да 30-годдзя чарнобыльскай аварыі ў кожны з 21 забруджанага рэгіёна Саюзнай дзяржавы перададуць дзіцячую пазнавальна-гульнявую выставу «Прайдзі шляхам адраджэння». Праект разлічаны на малодшых школьнікаў.

Віртуальная галерэя і анлайн-кансультаванне

Новая Саюзная праграма прадугледжвае стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы. Да канца наступнага года ў сеціве з'явіцца расійска-беларускі навукова-тэхнічны электронны архіў па праблемах радыяцыйнай абароны насельніцтва. Напярэдадні 30-й гадавіны трагедыі адкрыюць і інтэрнэт-музей чарнобыльскай катастрофы. У гэтай віртуальнай галерэі ўсе матэрыялы размесцяць у храналагічным парадку. Экспазіцыя будзе мець тры асноўныя залы: «Аварыя», «Ліквідацыя наступстваў» і «Адраджэнне». Як паведаміў дырэктар БАРБІЦ Мікалай БАРЫСЕВІЧ, расійскія калегі папоўняць музей звесткамі па Бранскай, Арлоўскай і Тульскай абласцях.

Распрацоўваецца таксама сістэма дыстанцыйнага кансультавання. Яна дазволіць толькі ў Беларусі ахапіць больш за 70 мясцовых цэнтраў, створаных у пацярпелых раёнах на базе адміністрацыйных, вучэбных і медыцынскіх устаноў.

Найбольш маштабным праектам стане расійска-беларускі інфармацыйны інтэрнэт-партал па праблемах пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Рэсурс будзе разлічаны на розныя катэгорыі насельніцтва і змесціць інфармацыю не толькі пра гісторыю аварыі, але і пра сучасны этап аднаўлення земляў. Спецыялістам цікавыя будуць раздзелы з нарматыўна-прававымі актамі па чарнобыльскай праблематыцы, спіс навуковых арганізацый, што займаюцца пытаннямі радыяцыйнай бяспекі, даведкі пра вядучых спецыялістаў па радыяэкалогіі, радыяцыйнай медыцыне, сельскагаспадарчай радыялогіі. Інтэрнэт-карыстальнікі знойдуць на сайце карысную інфармацыю аб правілах паводзін у забруджаным лесе, пра канцэнтрацыю радыенуклідаў у садавіне і агародніне і пра пункты, дзе можна набыць дазіметры. Партал будзе мець версію на рускай і англійскай мовах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.