Вы тут

Сірыйскі крызіс: перспектывы ўрэгулявання


З 6 па 9 красавіка ў Расіі быў праведзены другі раўнд перамоў прадстаўнікоў законнай сірыйскай улады з прадстаўнікамі апазіцыі ў спробе ўрэгуляваць сірыйскі крызіс. На жаль, найбольш уплывовыя апазіцыйныя групоўкі адмовіліся ўдзельнічаць у перамовах, што не дазволіла дасягнуць неабходнага выніку.

Сірыйскі крызіс не выклікае належнай заклапочанасці ў заходніх калідорах улады. Сотні тысяч забітых і параненых, мільёны бежанцаў знаходзяцца вельмі далёка ад заходняга свету і разглядаюцца ў якасці прымяняльнай цаны за звяржэнне непажаданага ўрада. Ключавая праблема ў вырашэнні сірыйскага крызісу заключаецца ў тым, што яго нельга разглядаць выключна ў рамках самой Сірыі. Ён з'яўляецца часткай шматузроўневага глабальнага крызісу, у сувязі з чым і існуе так доўга.

Першы ўзровень крызісу — канфліктны патэнцыял, які ствараецца ў Еўразіі ў рамках амерыканскай стратэгіі па стрымліванні канкурэнтаў. Чым больш праблем у Еўразіі, чым больш заняты, вырашаючы іх, патэнцыйныя канкурэнты ЗША, тым больш яны паслаблены і тым больш зручна Вашынгтону захоўваць сусветнае панаванне.

І ў найбліжэйшыя гады амерыканцы наўрад памяняюць сваю стратэгію. Наадварот, у ЗША будзе ўсё больш пагроз з боку Кітая, які робіцца мацнейшым, усё больш праблем у сувязі з нарастаючым дзяржаўным доўгам і неабходнасцю велізарных дадатковых выдаткаў на ўкараненне элементаў сацыяльнай абароны для амерыканскіх грамадзян па еўрапейскім узоры. У гэтых умовах сродкаў для ажыццяўлення маштабных ваенных дзеянняў за мяжой не будзе, і тактыка далейшага разбурэння стабільных грамадстваў на тэрыторыі Еўразіі будзе па-ранейшаму запатрабаваная. Бо яна не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў, але стварае мноства праблем буйным еўразійскім дзяржавам.

Тым больш, што верагоднасць прыходу да ўлады пасля Абамы больш агрэсіўна настроенага ў дачыненні да канкурэнтаў прэзідэнта вельмі вялікая. Такім чынам, чакаць, што амерыканцы знізяць сваё негатыўнае ўздзеянне на сірыйскую сітуацыю, не прыходзіцца. Уся надзея на тых, хто зможа супрацьстаяць гэтай стратэгіі ў рэгіёне.

Другім узроўнем крызісу з'яўляюцца рэгіянальныя супярэчнасці паміж саюзнікамі ЗША і краінамі, што імкнуцца ажыццяўляць самастойную палітыку. Сірыя, Турцыя і Ізраіль імкнуцца максімальна аслабіць Іран, саюзнікам якога з'яўляецца Сірыя. Свежым праяўленнем гэтай канкурэнцыі стаў Емен, дзе да ўлады прыйшлі хаусіты, якія падтрымліваюцца Іранам. Рэгіянальным супярэчнасцям ужо шмат гадоў, магчымасці вырашыць іх у найбліжэйшыя гады не бачныя, паколькі кожная з груповак досыць магутная для таго, каб стрымліваць сваіх праціўнікаў і захоўваць магутнасць. Таму Сірыя будзе і далей заложнікам гэтага канфлікту.

Трэці ўзровень крызісу — праблемы паміж дзяржавай і грамадствам у ісламскіх краінах. Пры любым аслабленні дзяржаўнай улады частка паўнамоцтваў узурпіруецца радыкальнымі групамі, якія імкнуцца да тэрарыстычнай дзейнасці ў выпадку, калі не могуць хутка прыйсці да ўлады. З прычыны сваёй прыроды такія групоўкі канфліктныя, з'яўляюцца аб'ектам маніпуляцый збоку і праяўляюць неабгрунтаваную жорсткасць да суграмадзян. Пры гэтым, калі выпусціць джына з бутэлькі лёгка, то загнаць яго назад вельмі цяжка.

Падтрыманыя Захадам так званыя «арабскія рэвалюцыі» 2011 года аслабілі ўстойлівасць і аўтарытэт дзяржаўных апаратаў у рэгіёне, даючы магчымасць ісламскім радыкалам прадэманстраваць іх найгоршыя рысы. Пасля шакіруючага ўзнікнення ў 2014 годзе самаабвешчанай Ісламскай дзяржавы на тэрыторыях Ірака і Сірыі была надзея, што Захад абдумаецца і спыніць фінансаванне і падтрымку апазіцыі ў Сірыі, але гэта надзея не спраўдзілася.

Ці з'яўляецца сітуацыя цалкам безнадзейнай? Так таксама сказаць нельга. Злучаныя Штаты, усё больш здабываючы нафты на сваёй тэрыторыі, усё ў меншай ступені будуць мець патрэбу ў пастаўках нафты з Персідскага заліва. Значыць, у сувязі са зніжэннем ступені іх цікавасці і аб'ёмаў закупак нафты ім на змену па ступені ўплыву на працэсы ў рэгіёне будуць прыходзіць іншыя краіны, перш за ўсё члены Еўрасаюза, а таксама Кітай і Індыя. Гэтыя дзяржавы не зацікаўлены ва ўзмацненні супярэчнасцяў у рэгіёне і могуць прыкласці намаганні па частковым тушэнні, калі не вырашэнні, асноўных канфліктных супрацьстаянняў.

Асаблівыя надзеі ёсць у гэтым плане на Кітай і Індыю, рост уплыву якіх у свеце фіксуецца ў апошнія гады. Пры гэтым найлепшыя шанцы атрымаць перамогу ў сірыйскім канфлікце ёсць у прэзідэнта Асада. Яго праціўнікі занадта разнамасныя, многія з іх схільны да супрацоўніцтва з радыкальнымі ісламскімі групоўкамі, што кампраметуе ўвесь апазіцыйны рух. Магчымы, акрамя чыстай перамогі дзейнага прэзідэнта, і варыянт па рэалізацыі стратэгіі нацыянальнага прымірэння, калі частка апазіцыі, схільная да супрацоўніцтва, будзе інтэгравана ва ўладныя структуры ў абмен на заканчэнне супрацьстаяння, як гэта было зроблена аднойчы ў Таджыкістане.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.