Вы тут

Мікалай ЧАРГІНЕЦ: «Нашу літаратуру ведаюць у свеце...»


За гады сваёй дзейнасці Саюз пісьменнікаў Беларусі даволі інтэнсіўна развівае міжнародныя кантакты. Сведчаннем таму дзясяткі сустрэч з літаратарамі іншых краін, у тым ліку міжнародны «круглы стол» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які СПБ ладзіць сумесна з Міністэрствам інфармацыі, Выдавецкім домам «Звязда», ды іншыя творчыя і арганізацыйныя праекты. Гэтая тэма і стала прадметам гутаркі са старшынёю СПБ
Мікалаем Іванавічам Чаргінцом.

— Скажыце, калі ласка, ці ёсць пэўны міжнародны вектар, кірунак у стасунках Саюза пісьменнікаў Беларусі ў апошнія гады?

— Калі пад вызначэннем вектара разумець, куды, у які бок пазірае наша творчае аб’яднанне, то адкажу дастаткова прама. Міжнародная дзейнасць СПБ цесна ўвязана з памкненнямі нашай краіны ў знешнепалітычным аспекце ў цэлым. Мы ўважлівыя да той знешнепалітычнай дзейнасці, якую праводзіць дзяржава.

Асновай нашых стасункаў са светам з’яўляюцца як традыцыі, так і досвед, набыты ў апошні час. Да многага абавязвае стварэнне Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Адпаведна — і развіццё стасункаў з Саюзам пісьменнікаў Расіі на чале з Валерыем Ганічавым. Ды і часопіс, які выпускае наш Літаратурны фонд, «Белая Вежа», сарыентаваны на публікацыю твораў
пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Гэта і ажыццяўляецца.

Актыў нашай арганізацыі бярэ ўдзел у многіх мерапрыемствах, якія ладзяць літаратары Расіі. Мы вельмі ўдзячны рэдакцыі часопіса «Наш современник» за прапаганду беларускай літаратуры на рускай мове. Гэта своеасаблівы мост, які дапамагае ісці наперад, мець вядомасць праз рускую мову, што вельмі значна для многіх нашых калег.

— Мікалай Іванавіч, відавочна, і ўвогуле постсавецкая прастора цікавая для Саюза пісьменнікаў
Беларусі...

— Несумненна. Нават прывяду такі факт: членамі СПБ з’яўляюцца таджыкскі драматург і празаік Ато Хамдам, азербайджанскі паэт Чынгіз Аліаглу, малдаўскі літаратар Юрый Іваноў, армянскі паэт Эдвард Мілітанян... Не засталіся ўбаку ў гэтым плане і Латвія, Літва. Вітаутас Жэймантас і Яронімас Лауцюс — літоўскія пісьменнікі — уваходзяць у нашу творчую супольнасць. Паэт Станіслаў Валодзька — наш зямляк з Латвіі — таксама ў складзе СПБ. А пра Яронімаса Лауцюса хацеў бы сказаць асобна. Ён жыве і працуе ў Вільнюсе. Выдае дзіцячы часопіс «Тры зорачкі», з’яўляецца дырэктарам выдавецтва, сарыентаванага на дзіцячую літаратуру.
І вельмі шмат выдаецца ў Беларусі. Ведаю, што ў апошнія гады яго кнігі пабачылі свет у мінскіх выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Адукацыя і Выхаванне», «Пачатковая школа»... Дарэчы, не толькі на рускай мове, але і
па-беларуску.

— Помніцца, шырокі розгалас сярод пісьменнікаў, асабліва ў Мінску, выклікаў «круглы стол» беларускіх і казахскіх пісьменнікаў...

— З Казахстанам, казахскімі калегамі ў нас сяброўства асаблівае. Як палітык я ў розныя гады прыкладваў шмат намаганняў для ўмацавання беларуска-казахстанскіх стасункаў. Саюз
пісьменнікаў Беларусі сябруе з Нацыянальным саюзам пісьменнікаў Казахстана. Нурлан Аразалін, вершы якога актыўна друкуюцца па-беларуску, — мой добры сябар. І, праводзячы «круглы стол», мы ладзілі сустрэчу менавіта з сябрамі, размаўлялі на адной мове пабрацімства. Госцем Дома літаратара быў і Алжас Сулейменаў, паэт, якога лічаць за гонар прымаць у любых залах, у любых аўдыторыях. Прыемна, што нашы выдаўцы парупіліся, каб перакласці і выдаць па-беларуску творы шматлікіх казахскіх пісьменнікаў. Ведаю, у «Полымі» друкаваліся вершы Алжаса Сулейменава, Нурлана Аразаліна, вялікага Абая Кунанбаева, пераўва-
собленыя на беларускую мову Міколам Мятліцкім.

— Такая праца, пэўна, магчымая, калі ёсць энтузіясты, ініцыятары...

— Сапраўды, шмат залежыць ад творчай ініцыятывы пісьменнікаў. Між іншым таварыствы дружбы з замежнымі краінамі ўзначальваюць пісьменнікі Мікола Мятліцкі, Зіновій Прыгодзіч, Навум Гальпяровіч, Георгій Марчук, Алесь Карлюкевіч. Як прыклад хацеў бы адзначыць дзейнасць
Ірыны Качатковай, якая шмат зрабіла па перакладзе літаратуры Таджыкістана, Кыргызстана, іншых краін на беларускую мову.

Рэзананс займеў выдавецкі праект «Звязды» «Сугучча сэрцаў», які прадставіў беларускую літаратуру і літаратуры краін Садружнасці ў адзінаццаці тамах. Невыпадковым з’яўляецца і тое, што гэтая справа адзначана прэміяй СНД «Зоркі Садружнасці». Прэзентацыі кніг серыі прайшлі не толькі ў Беларусі, але і ў Казахстане, Украіне, Азербайджане, іншых краінах. Сам факт выдання серыі, арганізацыі такога шырокага праекта паспрыяў фарміраванню асяродка сяброў беларускай літаратуры. Кнігі «Сугучча» сёння з’яўляюцца асновай для перакладчыцкіх памкненняў па знаёмстве з беларускім мастацкім словам у краінах Садружнасці. Ведаю, што ў Казахстане, Туркменістане, Азербайджане рыхтуюцца «беларускія нумары» літаратурна-мастацкіх часопісаў, анталогіі беларускай літаратуры.

— Мікалай Іванавіч, а калі гаварыць пра перспектывы, планы ў развіцці міжнародных літаратурных стасункаў...

— Планаў у нас дастаткова шмат. Яны ў значнай ступені звязаны з тым, каб прасоўваць нашы здабыткі ў краінах Еўропы, Азіі. Склалася неблагая пляцоўка па супрацоўніцтве з пісьменніцкай супольнасцю Турцыі. Спадзяёмся на развіццё адносін з Польшчай, Чэхіяй, Славакіяй, Балгарыяй, Азербайджанам... Дзякуючы старшыні секцыі пера-
кладу СПБ прафесару Івану Чароту выбудаваліся выдатныя адносіны з Сербіяй. Думаю, што яны і надалей будуць умацоўвацца. Сучасная беларуская літаратура вартая таго, каб яе ведалі
ў свеце!..

 

Надрукавана ў «ЛіМ»

Гутарыў
Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.