Вы тут

Увага! Дзверы адчыняюцца...


І дзверы гэтыя — у паралельны свет, які незаўважна для нас існуе штодзень, існуе зусім побач, толькі апусціце позірк да ўзроўню дзіцячых вачэй. Іншым шанцуе: яны існуюць
у двух светах адначасова, спалучаючы дарослую дзелавітасць і здольнасць бачыць вялікі, поўны цудаў свет. Да такіх шчасліўчыкаў належаць дзіцячыя пісьменнікі.

ХУТКАЯ ДАПАМОГА

Я ніколі не быў у псіхолага. Але з замежных фільмаў стварыў сабе такую карцінку: зачыненыя дзверы з меднай шыльдай, скураная канапа і стол, закіданы часопісамі, каб знерваваны пацыент мог забіць час.

На гэты ўяўны стол я кладу тоненькую кніжку Алены Мальчэўскай «Ша-ша з левага чаравіка». Бачу, як пацыент цягне да яе дрыжачыя рукі, разгортвае, чытае, і калі доктар пазірае з дзвярэй: «Калі ласка, праходзьце», пацыент усміхаецца ў адказ: «Дзякуй, мне ўжо не трэба». Пацыент ідзе дадому, сядае на буфет і шчасліва боўтае нагамі.

Ёсць казкі, у якіх свет дарослых перакладаецца на дзіцячую мову: дадаюцца магічныя аздобы, адбываюцца цудоўныя метамарфозы, а ўзнагароды і пакаранні набываюць маштабы самыя ўнушальныя. Дзеці ўсё гэта ўспрымаюць літаральна, у той час як дарослыя бачаць
рэалістычную аснову твора.

У гэтым сэнсе «Ша-ша з левага чаравіка» Алены Мальчэўскай — казка наадварот: не жыццё ператвараецца ў казку, а казка ўводзіцца ў жыццё, робіцца не проста адным з яго складнікаў, але неад’емнай яго часткай.

Ужо з першай старонкі кнігі, з казкі «Вера і шытыя сланы», можна вызначыць дзве асноўныя рысы твораў Алены Мальчэўскай: шматзначнасць, якая не кідаецца ў вочы, не выглядае як імкненне аўтара выказаць сваю дасціпнасць, і лагодны, крышачку сумны тон, які быццам выказвае шкадаванне аўтара пра наш свет: што ён не такі цудоўны, якім мог бы быць, што людзі ў ім чамусьці не вельмі шчаслівыя, што многія ў гэтым вінаватыя самі.

Вера (якое светлае імя) трымае дома чатырох сланоў, праўда, шытых. Кожны слон мае сваю гісторыю і кожны з іх у свой час змяніў самую Веру. Так, слон, які спіць, выпадкова навучыў сваю гаспадыню захоўваць таямніцы, дакладней, дзякуючы яму Вера зразумела: «На свеце ёсць таямніцы, якія павінны заставацца таямніцамі. І калі слон спіць, не трэба старацца зазірнуць яму ў вочы». Прытрымлівайся мы простага правіла не гвалціць Сусвет, жыццё стала б прыўкрасным.

З гісторыі пра значнасць таямніц вырастае іншая — пра слана Лёніка. Сваё імя ён атрымаў у гонар дзіцячага стаматолага, які нечакана выявіў страх перад мышамі. «Слон, пра якога не ведае Лёнік» перахоплівае ідэю сусветнай упарадкаванасці ды непазбежнасці непа-
збежнага — у лёгкай, гумарыстычнай форме. Пад гумарам я маю на ўвазе не анекдатычныя сітуацыі, а добрую, цёплую
ўсмешку аўтара, якая адчуваецца ў кожным слове. Так, адзін з фрагментаў нагадвае славутую псіхалагічную байку пра дамкрат: адна дзяўчынка перад паходам да стаматолага вырашыла, што калі будзе балюча, яна ўкусіць доктара за палец. Лёнік выканаў працу віртуозна, але дзяўчынка ўсё адно яго ўкусіла: ці ж дарма яна ішла на такія пакуты?
Ці дарма так старанна настройвала сябе на горшае?

«Слон, які вандруе і танцуе» —
надзвычай карысная казка, якая апісвае такую страшную рэч, як выхад з зоны камфорту. Вера ніколі не займалася танцамі і ўвогуле меркавала, што танцуе, як слон. Вядома, яна памылялася.

А чацвёрты слон Веры жыве ўнутры яе. Гэта голас, які не дазваляе ёй разгубіцца і дае парады. Кожны мусіць завесці такога слана — рашучага, упэўненага, самадастатковага.

«Вера і шытыя сланы» не столькі казка для дзяцей, колькі псіхалагічны трэнінг для іх бацькоў.

Як і «Ша-ша з левага чаравіка». Ша-ша — цудоўнае стварэнне, якое з’явілася аднойчы ўвечары ў кватэры Светы (якое мілае імя). Ша-ша прыходзіць да людзей, каб навучыць іх тром рэчам. Рэчы кожны раз розныя, але аб’ядноўвае іх адно: безумоўная неабходнасць чалавеку. Навука Ша-шы можа ўратаваць вас ад ціхай, нікому — і вам самім — не заўважнай гібелі.

Настрой казак спадарыні Алены — далікатны, утульны, вельмі «свой» — падтрымліваюць ілюстрацыі Таццяны Дзіваковай (якое добрае прозвішча). Таму без перабольшванняў можна лічыць кнігу «Ша-ша з левага чаравіка» лепшай у серыі «Вясёлы калейдаскоп» Выдавецкага дома «Звязда» — і адным з лепшых праектаў выдавецтва ўвогуле.

ПОСТМАДЭРНІЗМ
У ПЯСОЧНІЦЫ

«Забавы дзетвары» — кніга вершыкаў для дзяцей пра іх саміх і навакольны свет (збольшага прыроду). Так ці інакш, усё, пра што піша Галіна Нічыпаровіч, добра вядома дзецям — з уласнага, хоць і такога невялікага, досведу ці з іншых кніжак ды фільмаў. Спадарыня Галіна апісвае зімовыя гульні і святы, штодзённыя радасці і перажыванні.
У жартаўлівай форме аўтарка тлумачыць сваім чытачам, чаго ад іх чакаюць дарослыя, а чаго рабіць няварта — такая сабе літаратурная спроба сацыялізаваць маленькіх анархістаў. Прычым, ідзе яна ад зваротнага: аўтар паказвае адмоўны прыклад, і хоць яна не асуджае кепскія паводзіны свайго героя, малы чытач зразумее: так рабіць няварта:

Шчочкі, лоб і нос кірпаты

Перапэцканы у Наты.

Тут, дарэчы, пытанне з «ў» вырашаецца вельмі лёгка: «перапэцканыя ў Наты».

Усе вершыкі «бойкія», вясёлыя, хоць і не вылучаюцца асаблівай арыгінальнасцю. Іншыя творы варта было б дапрацаваць: наладзіць рытм так, каб не выпадала «ў», больш дакладна, зграбна фармуляваць думкі.

Ёсць у «Забавах дзетвары» адна адметнасць, на якую хочацца звярнуць увагу не толькі чытачоў, але і самой аўтаркі. Вершык «Танюшына гора» прачытваецца як прыквел да славутай драмы пра Таню і мячык; у вершыку «Свавольнік» ёсць радок «адарваў сабачку лапу», што таксама наводзіць на думкі пра іншы дзіцячы твор. І як на мяне, гэта добрая ідэя — даваць іншае прачытанне класіцы, пераносіць герояў у наш час, нашую краіну, вымалёў-
ваць новыя дэталі ў даўняй гісторыі і пад. У прозе гэтым займалася Алена Турава: яе «Рыжык у Залюстроўі» і «Кіндэрвілейскі прывід» — шчыльнае спляценне спасылак, інтэртэкстаў, прамога цытавання, удалага запазычання. Галіна Нічыпаровіч зрабіла такую спробу — толькі спробу — у дзіцячых вершах. Было б добра развіць гэтую спробу ў паўнавартасны творчы праект. Аднак пры гэтым варта памятаць, што творы-«працягі» не павінны моцна саступаць арыгіналам, а ў ідэале мусяць не саступаць увогуле, хоць гэта і надзвычай складана.

Пры дабрасумленнай, нетаропкай працы ў спадарыні Галіны ўсё мусіць атрымацца. Тым больш што яе натхняюць шасцёра ўнукаў.

БАЙКІ Ў ПРОЗЕ

Янка Галубовіч з 1990-х гадоў піша дзіцячыя кнігі, а аднаго разу нават выдаў зборнік дэтэктыўных апавяданняў «Вяселля не будзе». Змрочных гісторый са злачынствамі і пакараннямі хапае і ў чарговым яго зборніку казак «Шчодрая вавёрка».

Гэтыя казкі можна лічыць байкамі, запісанымі ў празаічнай форме: тут нязменна прысутнічаюць алегорыя і мараль, якая зазвычай прапагандуе думку «хто не працуе, той не есць». Ёсць і іншыя ўстаноўкі, якія аўтар спрабуе прывіць малому чытачу: дапамагай бліжняму свайму, на зло адказвай дабром, але чужынцам не дужа давярай; парады слухай, ды свой розум май; сябар спазнаецца ў бядзе — і многае іншае, што наўрад ці можа павесяліць дзіця, а ў яго мамы, таты ці бабулі выкліча змрочную ўсмешку, маўляў, так і ёсць, жыццё пражыць — не поле перайсці.

Казкі Янкі Галубовіча пера-
сыпаныя прыказкамі, якія не столькі дапамагаюць раскрыць сэнс твора (ён і без таго зразумелы), колькі аздабляюць тэксты, робяць творы для дзяцей адметнымі. Разам з тым прыказкі надаюць казкам падкрэслена беларускае гучанне, таму ў перакладзе на ўсялякую іншую мову творы Я. Галубовіча загучалі б зусім інакш. «Во няўдаліца, — падумала каза-рупліўка пра сваю суседку. —
У хаце страха цячэ і печ не пячэ, а ёй хоць бы што. [...] Але, як кажуць, у людзей пытай, ды свой розум май».

Нягледзячы на агульны невясёлы настрой, які пакідае па сабе кніжка, надзея на лепшае ёсць. Часцей за ўсё непуцёвых герояў ратуюць (усе героі ў Я. Галубовіча — з жывёльнага свету, адзін раз імі сталі дрэвы), згубленыя дзеці знаходзяцца, разбураныя хаты аднаўляюцца, знішчаны дабрабыт наладжваецца. Але, як і ў жыцці, іншым разам героям не шанцуе.

Я б не раіў чытаць дзецям усе казкі запар, бо гэта можа моцна папсаваць ім прыроджаны аптымізм. Але як прышчэпка ад небяспечнай бесклапотнасці «Шчодрая вавёрка» будзе дарэчы. Пры гэтым у казках шмат пейзажных замалёвак, ад якіх на душы робіцца крыху святлей.

Госці З УКРАІНЫ

Міхайла Слабашпіцкі — украінскі празаік, крытык, літаратуразнаўца, публіцыст, грамадскі дзеяч і да ўсяго — аўтар дзіцячых кніг. Адну з іх —
«Ці далёка да Афрыкі?» — пераклаў на беларускую мову Алесь Карлюкевіч.

Сем апавяданняў, якія склалі кнігу, аб’ядноўвае адзін герой, які насамрэч не раз выяўляе сябе героем. Жыццё Слаўкі адрозніваецца ад жыцця іншых хлопчыкаў: сярод яго лепшых сяброў зазвычай лічацца жывёлы, а вольны час ён бавіць не за камп’ютарнымі гульнямі, а за кніжкамі, у назіраннях за прыродай, вывучэнні далёкай і такой прыцягальнай Афрыкі. У яго доме жывуць сабака, сапраўдны афрыканскі папугай і верабей Цінь-Цвірынь. Не ведаючы мовы жывёлаў, Слаўка цудоўна з імі разумеецца і ў адказ атрымае шчырае
сяброўства.

Міхайла Слабашпіцкі як сталы аўтар мае выпрацаваны стыль, які не саступае найлепшым узорам дзіцячай літаратуры. Ён не злоўжывае апісальнасцю, павучальнасцю (яе ўвогуле няма), яго дыялогі натуральныя і заўжды маюць значэнне для твора — альбо раскрываюць рысы характару герояў, альбо намякаюць на пэўныя падзеі, якія быццам бы застаюцца па-за ўвагай чытача. Апісанні герояў-жывёл — старога каня Каштана, жако, Цінь-Цвірыня — не выглядаюць карціннымі ці найгранымі. Гэта жывыя істоты, жывыя душы. Апавяднні спадара Міхайлы — сапраўды якасная літаратура. Шкада толькі, што не ўсе ілюстрацыі адпавядаюць мастацкаму ўзроўню
тэксту.

Прырода грае вызначальную ролю ў кнізе, але і людзям у ёй месца знаходзіцца. Аўтар прыкмячае смешныя чалавечыя рысы і паказвае іх нам, але не злосна, а як бы з цёплым шкадаваннем, што вось такія мы і што тут зробіш.

Часам «Ці далёка да Афрыкі?» нагадвае светлыя апавяданні Паўстоўскага, часам —
«Дзяніскіны аповеды», але толькі стылістычна і так бы мовіць настраёва, бо сюжэтна творы Міхайлы Слабашпіцкага
вельмі арыгінальныя.

 

Надрукавана ў «ЛіМ»

 

Адам БЕЛЬЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.