Вы тут

Аўтограф для акадэміка


Сёлета споўнілася 115 год з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага, акадэміка, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і СССР, грамадскага дзеяча. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца архіў вучонага і яго кнігазбор.

Бібліятэка Гаўрылы Іванавіча доўгі час знаходзілася ў Інстытуце геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі. Шэсць гадоў таму сын вучонага Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі, геолаг, геатэктонік, перадаў яе ў нашу кніжніцу.

Сёння архіўны збор Г. Гарэцкага ўключае каля 3000 экзэмпляраў кніг, перыядычных выданняў, арыгінальных адбіткаў, аўтарэфератаў кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Самыя раннія выданні — тры кнігі «Инструкций для иследования и описания рек», якія ўбачылі свет у Друкарні Імператарскай Акадэміі навук у 1896 — 1898 гг.

Тэматычна бібліятэка падзелена на дзве часткі. У першую ўвайшлі выданні, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю вучонага-геолага: даследаванні вучоных 1960 — 1980-х гг. па геалогіі антрапагену, стратыграфіі, палеаграфіі, палеанталогіі, геамарфалогіі, гідрагеалогіі, інжынернай геалогіі, археалогіі на ўсёй тэрыторыі былога СССР.
У другой — кнігі беларускіх літаратуразнаўцаў, фалькларыстаў, гісторыкаў з аўтографамі і дарчымі надпісамі гаспадару і яго сям’і.

Гаўрыла Іванавіч быў адным з найбольш аўтарытэтных вучоных-чацвярцічнікаў Савецкага Саюза, у 1967 — 1983 гг. узначальваў камісію АН СССР па вывучэнні чацвярцёвага перыяду. З усіх канцоў Савецкага Саюза вучоныя дасылалі яму свае даследаванні. Нашчадкам ён пакінуў багатую спадчыну ў выглядзе манаграфій, артыкулаў, справаздач і іншых дакументаў па геалогіі антрапагенавага перыяду.

Акадэмік праводзіў сумесныя даследаванні на тэрыторыі Украіны, прымаў удзел у канферэнцыях па чацвярцёвай геалогіі і геамарфалогіі. Працуючы ў Мінску, супрацоўнічаў з украінскімі геолагамі, з многімі ліставаўся. На кнігах ад украінскіх калег — дарчыя надпісы са словамі ўдзячнасці. Акадэмік сябраваў і з вучонымі з іншых рэспублік былога СССР. Пра гэта сведчаць дарчыя надпісы ад прадстаўнікоў Літвы (М. Кабайлене), Малдавіі (К. Негадаеў-
Ніканаў, П. Яноўскі), Грузіі
(Д. Цэрэтэлі) ды інш. У кнігазборы шмат выданняў, якія падарылі вучонаму беларускія геолагі, палеантолагі, геахімікі.

Апошнія дваццаць гадоў жыцця Г. Гарэцкі не пакідаў Беларусь. Шмат працаваў,
выязджаў на доўгатэрміновыя палявыя работы, аб’ездзіў усю краіну.

У другой частцы кнігазбору Г. Гарэцкага прадстаўлены кнігі беларускіх літаратуразнаўцаў, з якімі вучонага звязвалі сяброўскія, грамадскія і прафесіянальныя сувязі. Інтарэсы Гаўрылы Іванавіча не абмяжоўваліся толькі спецыяльнай літаратурай. Яго вабілі мова і літаратура, гісторыя і этнаграфія, тэатр і музыка. Любоў да роднай мовы ў яго была з дзяцінства. Вучоны гаварыў не толькі па-беларуску і па-руску, але валодаў польскай і нямецкай мовамі. Каштоўны ўнёсак у айчынную культуру зрабіў Гарэцкі, склаўшы сумесна з братам Максімам «Руска-
беларускі слоўнік» (Мінск, 1918), які пасля быў дапоўнены і выдадзены пад назвай «Маскоўска-беларускі слоўнік»
(Вільня, 1920).

Сябраваў з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам. Пра сустрэчы з Янкам Купалам Гарэцкі ўспамінаў: «У 1918 годзе ў Смаленску жыў і Янка Купала з маладою жонкаю Уладзіславай Францаўнай, жылі яны на Малой Багаслоўскай вуліцы, у прыдаліннай частцы горада, у аднапавярховым доме. Купала досыць часта запрашаў Максіма ў госці, брат і мяне браў з сабою. Хоць і цяжка жылося ў той час, але Уладзіслава Францаўна заўсёды была выключна гасціннай і жыццярадаснай».

Пасля смерці паэта Гарэцкі наведваў Уладзіславу Францаўну. У лісце да сваёй жонкі Ларысы пісаў: «Быў у Купаліхі. Шмат чаго яна апавядала мне пра апошні год жыцця Купалы. Якія цяжкія ў яго былі перажыванні — ад фізічных хвароб і іншых» (25. 05. 43). І ў другім лісце ад 17. 06. 43 вучоны піша з Масквы жонцы: «Учора быў я ў гасцёх у цёткі Уладзіславы, якая жыве ў гасьцініцы «Масква». Добра пагаманілі. Успамінае яна ўсё Янку, яго апошнія гады. Паказала мне ўсе яго апошнія карткі. Як-небудзь паедзем у крэматорый, укланіцца праху вялікага нашага
песняра-прарока...».

У кнігазборы захоўваюцца выданні Янкі Купалы ваеннага часу: прыжыццёвы зборнік вершаў і паэм «От сердца» (1941) і пасмяротнае выданне выбраных твораў (1943) пад агульнай рэдакцыяй Якуба Коласа. Адзіная кніжка Купалы з дарчым надпісам у кнігазборы Гарэцкага — «Поэмы» (1978). Яе вучоны атрымаў ад пляменніцы паэта Ядзвігі Раманоўскай: «Даражэнькім Гарэцкім у дзень юбілея Гаўрылы Іванавіча на добрую памятку ад родных Янкі Купалы. Красавік 1980,
г. Мінск. Ядвіга Раманоўская».

З Якубам Коласам Г. Гарэцкага пазнаёміў у 1924 г. яго брат Максім. Пясняр і браты Гарэцкія сябравалі на працягу ўсяго жыцця. Іх аб’ядноўвала работа ў камісіях і секцыях Інбелкульта, яны разам удзельнічалі ў канферэнцыі, прысвечанай рэформе беларускага правапісу і азбукі. Якуб Колас дасылаў свае новыя кнігі Гаўрылу і Ларысе Гарэцкім. Пасля выхаду ў свет паэмы «Рыбакова хата» паэт падараваў і яе. Да кнігі быў прыкладзены ліст, у якім Якуб Колас пісаў: «Мае дарагія Ларыса і Гаўрыла! Пасылаю Вам сваю паэму «Рыбакова хата». Прашу прабачэння за неахайны экземпляр. На ім шмат паметак, але ўсё ж чытаць можна. Вельмі прашу Г. І. пачытаць мае падборкі аб сваім сучасным становішчы. Я ўсё ж хачу вярнуць Вас на Беларусь. Я ўсё яшчэ знаходжуся ў становішчы хворага. У лёгкіх усё скончылася, тэмпература нармальная. Хвароба і гады забралі сілу. Доктар усё трымае мяне ў хаце, не пускае на вольнае паветра. Цалую Вас. Пішыце. Якуб Колас. 27. XII. 47». На кнізе аўтограф: «Маім мілым, дарагім землякам Ларысе і Гаўрыле Іванавічу Гарэцкім на добрую памяць. 25. ХІІ. 1947 г.».
Гэту кніжку сын акадэміка перадаў у дар музею Якуба
Коласа.

У бібліятэцы ёсць кнігі з аўтографамі Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі і інш. З імі вучоны пазнаёміўся падчас вучобы ў Горацкім землямерна-агранамічным вучылішчы і Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі. У архіве вучонага захоўваецца і перапіска «Гурыка і Уладзіка» (так ласкава называлі адзін аднаго Гаўрыла Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка). Гэтая багатая эпісталярная спадчына сведчыць пра іх адносіны, у якіх не было афіцыёзу, а адчувалася шчырая цікавасць да творчасці адзін
аднаго.

У кнігазборы некалькі кніг У. Дубоўкі. У зборніку вершаў «Жёлтая акация» (1970) яго аўтограф: «Дарагім Г. І. і
Л. І. Гарэцкім на памяць, ад шчырага сэрца. 15/02. 71 Масква.
Ул. Дубоўка».

Вучоны часта бываў у Маскве — удзельнічаў у дэкадах беларускай літаратуры і культуры. Ён з цікавасцю слухаў выступленні, радасна ўспрымаў прамоўцаў, але часам ацэньваў іх крытычна. Пра гэта сведчыць ліставанне вучонага з роднымі. У лісце да Ларысы Восіпаўны ён пісаў: «Паэты выбралі для чытання ў большасці старыя творы ды і чыталі іх не ўсе па-майстэрску. А. Куляшоў добра прачытаў верш «Да аб’еднаных нацый», але мог бы выбраць нешта больш мастацкае... П. Панчанка чытаў кепскавата, хоць і добры верш пра высотны дом. П. Глебка таксама невыразна прачытаў верш пра мір. К. Крапіва кепска прачытаў стары верш пра асла і сонца. К. Кірэенка тэатральна, але не вельмі ўмела, прачытаў вялікі стары верш, які ён чытаў у гэтай зале... М. Танк чытаў без захаплення, глухім голасам, свой стары верш, які сказаў добра: «А хто вецер пасее, — той буру пажне».

У бібліятэцы амаль усе выданні твораў беларускіх літаратараў маюць аўтографы, адрасаваныя вучонаму і яго сям’і. Больш за ўсё кніг для дзяцей ад Станіслава Шушкевіча.
У зборніку вершаў «Лясная калыханка» (1958) аўтограф паэта: «Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму са шчырым пачуццём і самымі найлепшымі пажаданнямі. Станіслаў Шушкевіч. 20. XII. 1959»; на кнізе «Сарочы церамок» (1959): «Гаўрылу Іванавічу на добры ўспамін. Станіслаў Шушкевіч. 20. XII. 1959».

У год свайго 75-гадовага юбілею Гаўрыла Іванавіч атрымаў падарунак ад беларускіх пісьменнікаў — зборнік вершаў «Слухайце — Хатынь. Слушайте — Хатынь» (1975). На кнізе 32 аўтографы ад І. Шамякіна, А. Астрэйкі, К. Кірэенкі, П. Панчанкі, А. Зарыцкага,
С. Грахоўскага, М. Лужаніна,
К. Цвіркі, М. Танка, А. Бачылы, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна,
А. Вярцінскага, П. Броўкі ды інш.

Г. Гарэцкі сябраваў і з вучонымі-гуманітарыямі. Сярод іх — вядомы фалькларыст, літаратуразнаўца, краязнаўца Арсень Ліс, аўтар зборніка «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984), аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма пра творчасць Максіма Гарэцкага «Прысады жыцця» (1985). У кнігазборы акадэміка яго аўтограф на кнізе пра мастака Язэпа Драздовіча «Вечны вандроўнік» (1984): «Глыбокапаважанаму Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму на згадку пра даўнейшую Беларусь з пажаданнем усяго добрага. А. Ліс.
4. 9. 84».

З часам кнігазбор Г. Гарэцкага значна папоўніўся выданнямі з уласнай бібліятэкі яго сына Радзіма Гарэцкага. І цяпер гэты кнігазбор носіць назву
«Бібліятэка Гарэцкіх».

 

Надрукавана ў «ЛіМ»

 

Алена ДЗЕНІСЕНКА,

Віктар СВЯКЛА,
навуковыя супрацоўнікі ЦНБ НАН Беларусі

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.