Сыру сыр!


Слаўгарадскія майстры на справе даказалі, што добрую прадукцыю можна атрымліваць і на праблемных тэрыторыях

Фестываль народных промыслаў «Гаспадарчы сыр» адбыўся ў Слаўгарадзе ўжо чацвёрты раз. Да гэтага на працягу некалькіх гадоў у раёне папулярызаваліся традыцыі сыраробства і заахвочвалася насельніцтва. У розных вёсках ладзіліся адукацыйныя семінары, фокус-групы, майстар-класы. Тым, хто далучаўся да справы, аказвалі матэрыяльна-тэхнічную і кансультатыўную падтрымку. Сёння суполка налічвае 15 чалавек, а колькасць сартоў сыру, якія яны вырабляюць, павялічылася да пяці дзясяткаў. І ніводнае свята раёна не абыходзіцца без удзелу сыравараў.

[caption id="attachment_81363" align="alignnone" width="600"]Слаў­га­рад­скія сы­ра­ва­ры ве­да­юць рэ­цэп­ты ка­ля 50 сар­тоў сы­ру. Слаў­га­рад­скія сы­ра­ва­ры ве­да­юць рэ­цэп­ты ка­ля 50 сар­тоў сы­ру.[/caption]

Намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Святлана Язерская ў супадзенні дат чарнобыльскай трагедыі і сырнага фэсту нічога дрэннага не бачыць. Наадварот, лічыць, што гэта вельмі сімвалічна. Бо на справе даказвае, што раён не здаецца, працягвае жыць і развівацца.

Уладзіслаў Баланюк з Лапаціч па традыцыі прывёз на свята свой фірменны сыр «Сулугуні» на грузінскі манер. У 1992 годзе ён разам з сям'ёй прыехаў жыць да цешчы ў Слаўгарадскі раён ажно з Сухумі. Пайшоў працаваць у калгас, а жонка — у школьную сталовую. А некалькі гадоў таму стаў сыраварам. Свой сулугуні Баланюк робіць па асаблівым «сухумскім» рэцэпце. Такі, усміхаецца ён, можна паспрабаваць толькі ў яго і ў Сухумі. Грузія, як вядома, славіцца не толькі віном, але і самаробнымі сырамі.

— Сыр выгадней прадаваць, чым малако, — адзначае Уладзіслаў Баланюк. — Кілаграм сыру каштуе 90 тысяч рублёў, а літр малака, калі яго здаваць, каля 4 тысяч. На кілаграм сыру трэба 10-12 літраў. Вось і лічыце.

Сыры Людмілы Бондаравай з Лапаціч спрэс «імянныя». А якія смачныя — не адарвацца! Еў бы і еў! Яна свае вырабы называе выключна імёнамі самых блізкіх і любімых людзей. «Раёк» і «Надзея» — у гонар сябровак, з якімі працавала ў школе. А «Валодзька» — у гонар мужа. Яго ўжо няма ў жывых, але яна працягвае варыць сыр з гэтай назвай.

У Людмілы Ерафеевай з Гіжэнкі сыры на любы густ: сулугуні з кменам і звычайны, адыгейскі ў чыстым выглядзе, а таксама з разынкамі і макам. Прызнаецца, што спецыяльна для фэсту за 5 дзён наварыла 30 кілаграмаў смачнага прадукту.

[caption id="attachment_81364" align="alignnone" width="400"]Сім­вал свя­та за­пра­шаў фа­та­гра­фа­вац­ца на па­мяць. Сім­вал свя­та за­пра­шаў фа­та­гра­фа­вац­ца на па­мяць.[/caption]

— Такія сыры ў магазіне не купіш, — нахвальвае яна тавар. — У нашым і тлустасць, і шчыльнасць малака зусім іншыя. Колькасць бялку куды вышэйшая.

Але сыры — гэта толькі частка яе справы. Яна — гаспадыня аграсядзібы, трымае трусоў і іншую свойскую жыўнасць. Гэтую ідэю — спалучыць дом і гаспадарку — падгледзела ў Францыі, куды слаўгарадскіх сыравараў некалькі гадоў таму вазілі для атрымання вопыту. Займацца справай дапамагаюць сын Алег з нявесткай Ірынай. Дарэчы, у вёску сям'я пераехала жыць з Магілёва і ні кропелькі не шкадуе.

Каб прадаць свае запасы, сыраварам хапіла дзвюх гадзін фестывалю. Але народ не разыходзіўся, слухаў народныя песні і ўдзельнічаў у гульнях. «Я спецыяльна прыехала на гэта свята з Гомеля, — падзялілася адна з пакупніц. — Летась выпадкова трапіла на яго і засталася пад уражаннем. Дадому прывезла шмат гасцінцаў. Такога сыру, як тут, няма нідзе. Таму сёлета ўжо ехала сюды мэтанакіравана».

— Фестываль стаў традыцыйнай пляцоўкай, дзе дэманструецца самазанятасць насельніцтва, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — У раёне сёння налічваецца 70 беспрацоўных, а 400 чалавек не ўключаны ў актыўную працоўную дзейнасць. Фестываль — добры прыклад таго, што пры жаданні можна паспяхова займацца сыраробствам, аграэкатурызмам і забяспечваць сябе і родных.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.