Вы тут

Абсалютная перамога


Нурсултан Назарбаеў набраў 97,7% галасоў на пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах у Казахстане, якія адбыліся ў гэту нядзелю. Па звестках Цэнтральнага выбарчага камітэта, у галасаванні ўзялі ўдзел болей за 95% жыхароў Казахстана, уключаных у спісы.

«Я думаю, што ўсе вы былі сведкамі беспрэцэдэнтнай актыўнасці нашых грамадзян», — адзначыў старшыня ЦВК Рэспублікі Казахстан Уладзімір Фос.

На думку міжнародных назіральнікаў і экспертаў, такі высокі паказчык грамадскай актыўнасці ўвойдзе ў гісторыю. Яны зафіксавалі сусветны рэкорд яўкі. Казахстанцы займалі чаргу яшчэ да адкрыцця выбарчых участкаў. Паток выбаршчыкаў не спыняўся да самага іх закрыцця.

Згодна з папярэднімі звесткамі, другое месца ў прэзідэнцкай гонцы заняў сакратар Камуністычнай народнай партыі Тургун Сыздыкаў — 1,6% галасоў. Трэцяе — самавылучэнец, старшыня федэрацыі прафсаюзаў Абельгазі Кусаінаў (0,7% галасоў).

У дзень выбараў Нурсултан Назарбаеў правёў брыфінг. Прэзідэнт заявіў, што ў выпадку перамогі ён створыць камісію па ажыццяўленні пяці дзяржаўных рэформаў. «Гэтая камісія будзе мець пяць падгруп, якія неадкладна пачнуць працаваць», — дадаў кіраўнік Казахстана.

Пяць інстытуцыйных рэформаў прадугледжваюць фарміраванне сучаснага прафесіянальнага, аўтаномнага дзяржаўнага апарату, забеспячэнне вяршэнства закону ў судах і ў паліцыі, укараненне грамадзянскага бюджэтавання, умацаванне сістэмы абскарджання і ўкараненне самарэгулявання грамадства.

За выбарчым працэсам назіралі 1026 прадстаўнікоў з замежных краін. «Назіральнікі ад СНД не выявілі парушэнняў, якія маглі б паўплываць на ход выбарчай кампаніі», — заявіў кіраўнік місіі назіральнікаў Садружнасці незалежных дзяржаў, старшыня Выканкама — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Казахстан наведалі 410 прадстаўнікоў місіі, у склад якой увайшлі і парламентарыі з Беларусі. Ад Палаты прадстаўнікоў — Віктар Гумінскі, ад Савета Рэспублікі — Мікалай Казаравец.

Канчатковыя вынікі выбараў, згодна з пастановай ЦВК Рэспублікі Казахстан, стануць вядомы не пазней за 3 мая 2015 года.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Нурсултана Назарбаева з перавыбраннем Прэзідэнтам Казахстана. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «Пераканаўчая перамога на выбарах пацвярджае правільнасць паслядоўна праводзімага Вамі курсу, накіраванага на пабудову суверэннага, моцнага і квітнеючага Казахстана», — гаворыцца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што стратэгічнае партнёрства паміж Беларуссю і Казахстанам будзе і ў далейшым паспяхова развівацца як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

Вераніка ПУСТАВІТ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.