Вы тут

Сродкі на сацыяльную падтрымку — ад кожнага працаздольнага


Намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава наведала дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея», што ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці.

Гэты візіт быў невыпадковым. Менавіта тут папраўляюць здароўе дзеці, што пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Беларуска-германскае сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея» створаны ў 1994 годзе. За гэты час на яго развіццё выдаткавана больш як 17 млн еўра, у тым ліку звыш 9 млн еўра — з рэспубліканскага бюджэту. Санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне тут прайшло каля 70 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Намеснік прэм'ер-міністра азнаёмілася з умовамі пражывання дзяцей. А яны тут сапраўды найлепшыя. Ёсць усё неабходнае для лячэння, вучобы, адпачынку: жылыя карпусы, спальны корпус, культурна-здараўленчы комплекс: трэнажорная і спартыўная залы, зала для масавых мерапрыемстваў, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі. Летам дзейнічае абсталяваны пірсам пляж, можна пакатацца на лодках, каноэ, катамаранах. Цэнтр мае аўтаномную сістэму забеспячэння гарачай і халоднай вадой, ацяплення, спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнэт. Да паслуг тых, хто наведвае дзяцей, аўтастаянка і гасцявыя дамкі.

Наталля Качанава адзначыла, што дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея» — адзін з мноства прыкладаў, які паказвае, колькі сродкаў дзяржава накіроўвае на сацыяльную падтрымку. «Калі працуе эканоміка і працуюць людзі, то ёсць і магчымасць рэалізоўваць значныя сацыяльныя праекты, у тым ліку і аздараўленне дзяцей»,— канстатавала намеснік прэм'ер-міністра.

Разам з тым Наталля Качанава падкрэсліла, што ўсе працаздольныя грамадзяне Беларусі павінны ўдзельнічаць у фарміраванні сродкаў на сацыяльную падтрымку грамадзян. Па яе словах, да канца гэтага года будзе праводзіцца маніторынг Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». «Я сама ўдзельнічала ў распрацоўцы дэкрэта. Мая думка такая: людзі, якія могуць працаваць, павінны працаваць і плаціць падаткі», — сказала Наталля Качанава.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.