Вы тут

Спадчына і паслядоўнікі Сафіі Слуцкай


1 мая будзе адзначацца 430 гадоў з дня нараджэння Сафіі Слуцкай. У вырашэнні пытання аб веравызнанні гэтай князёўны ўжо зламана нямала дзідаў. Пра тое, што ўшанаваная святая, можа быць, вызнавала каталіцтва, «Звязда» пісала ў артыкуле за 8 ліпеня. Аднак днямі ў рэдакцыю прыйшоў ліст, у якім прыводзяцца аргументы на карысць праваслаўнага веравызнання Сафіі Слуцкай. Дзеля справядлівасці прадставім і гэты пункт гледжання.

28-9

79-гадовая мінская пісьменніца і мастачка, у мінулым — выкладчыца гісторыі Людміла Санберг адзначае, што яна ўжо 20 гадоў як адышла ад атэістычных поглядаў і цяпер займаецца вывучэннем гісторыі праваслаўнай царквы. 7 апошніх — даследавала жыццё і дзейнасць Сафіі Слуцкай.

Ёю было прагледжана 70 розных крыніц: кніг, архіўных дакументаў. Яна сабрала партрэты і фотаздымкі родных Сафіі з роду Алелькавічаў і Радзівілаў. У выніку атрымалася кніга пад назвай «Княгіня Сафія Слуцкая». 30 асобнікаў выдання пісьменніца падаравала ў царкоўныя прыходы, якія носяць імя святой Сафіі, у бібліятэкі.

Аўтар адзначае, што ёй было важна паказаць унутраны свет княгіні. Яна спрабавала перадаць, як выглядала Сафія, як паводзіла сябе ў сям'і. Людміла Санберг не проста па-свойму пераказала гісторыю жыцця гэтай вядомай жанчыны, але і ўзгадала ўсіх яе продкаў і паслядоўнікаў, тых, хто пасля ў Слуцкім княстве захоўваў праваслаўную веру.

Сафія нарадзілася 1 мая 1585 года і была адзінай дачкой князя Слуцкага Юрыя Юр'евіча і Барбары, дачкі Мікалая Кішкі. Дзяўчына рана засталася сіратой, адышлі і яе дзядзькі Аляксандр і Ян-Сімяон. Апеку над ёй узялі Хадкевічы, родныя па жаночай лініі. Жаніхом дзяўчыны стаў прадстаўнік іншага ўплывовага роду — Януш Радзівіл. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што паміж двума родамі ледзь не здарылася ваеннае сутыкненне. Магла адбыцца сапраўдная грамадзянская вайна за «слуцкую спадчыну». Аднак пытанне ўдалося вырашыць мірам, Сафія ўсё ж выйшла замуж за пратэстанта Януша Радзівіла.

Даследчыца адзначае: «Разам з мужам Сафія займалася дабрачыннасцю. Архівы захоўваюць граматы пра ахвяраванні Радзівілаў. З удзелам Сафіі горад Слуцк заставаўся апорай праваслаўя. За свае сродкі Сафія пабудавала Пакроўскі храм на Мір-Гары Язельскага павета Бабруйскага ўезда. Княгіня Сафія сваімі рукамі вышывала святарскія рызы для цэркваў».

Сафія Слуцкая памерла пры нараджэнні дзяўчынкі ва ўзросце 26 гадоў 19 сакавіка 1612 года. Яе ўладанні адышлі да мужа, у род Радзівілаў: 7 крэпасцяў і палацаў, каля 32 вёсак.

[caption id="attachment_81273" align="alignnone" width="600"]Мі­ка­лай Ра­дзі­віл Чор­ны і яго бра­ты, ство­ра­ныя аў­та­ркай. Мі­ка­лай Ра­дзі­віл Чор­ны і яго бра­ты, ство­ра­ныя аў­та­ркай.[/caption]

У сведчаннях прадстаўнікоў розных канфесій захавалася памяць пра Сафію Слуцкую як пра жанчыну, якая заўсёды імкнулася да міру. Невыпадкова выхавальнік яе мужа, пратэстанцкі паэт-лацініст Саламон Рысінскі (адзін з першых дзеячаў, які самавызначаўся «беларусам»), заснавальнік пратэстанцкай школы ў Слуцку, прысвяціў ёй пранікнёныя радкі:

«Зорачка! Ты захавалася ў сузор'і Слуцкім адзіная, Між літоўскімі славай самая яркая, першая дачка! Хіба ты менш рыцар, чым горды муж твой вялікі?»

У сваёй кнізе Людміла Санберг падрабязна разглядае і тое, як запаветы Сафіі выконвалі яе паслядоўнікі — дзеці мужа ад другога шлюбу (са смерцю князёўны скончыўся і род Слуцкіх). Праз год пасля смерці Сафіі Януш Радзівіл ажаніўся другі раз: у 1613 годзе ён пабраўся шлюбам з нямецкай прынцэсай Елізаветай Брандэнбургскай, у іх нарадзіліся чацвёра дзяцей. Адным з іх быў Багуслаў Радзівіл (1620-1649). Па лініі маці ён аказаўся родным усім манархам Еўропы і яго добра прымалі пры ўсіх дварах. Багуслаў стаў вядомым дзеячам і магнатам Вялікага Княства Літоўскага, мецэнатам і дабрачынцам, захавальнікам вялікай бібліятэкі, дзе збіраліся каштоўныя рукапісы, у тым ліку Радзівілаўскі летапіс, збору карцін, замалёвак з панарамамі беларускіх месцаў, эскізаў і праектных малюнкаў збудаванняў. На службе ў Багуслава Радзівіла былі многія навукоўцы, дзеячы культуры.

Дачка Багуслава Радзівіла — Людвіка Караліна — была адной з самых адукаваных жанчын свайго часу, мецэнаткай. Па словах Людмілы Санберг, яшчэ ў юнацтве яна вывучала архіў бацькі і знайшла ў ім грамату, у якой яе дзед Януш Радзівіл, выконваючы волю праведнай княгіні Сафіі, абавязваў усіх сваіх нашчадкаў захоўваць цэласнасць праваслаўнай веры ў Слуцкім княстве.

У 1690 годзе Людвіка Караліна пацвердзіла прывілеі, здабытыя пры жыцці Сафіі Слуцкай для праваслаўнага насельніцтва княства. Яна падтрымлівала свабоду веравызнання на землях Случчыны і не схіляла жыхароў края да прыняцця ўніі. У прывілеі «патрабавалася захоўваць цэрквы, пабудаваныя ў Слуцкім княстве, маёнтках Кейданаўскіх і Капыльскіх, якія знаходзіліся пад блаславеннем Канстанцінопальскага Патрыярха і кіраваліся свабодаю старагрэчаскага богаслужэння і сілаю правіл веры ў духу Усходняй царквы».

Калі Людвіка Караліна стала прынцэсай Нейбурскай, то дапамагала матэрыяльна ўніверсітэтам, заснавала 12 стыпендый для студэнтаў. Яна жыла ў Берліне, але праз сваіх адміністратараў, адвакатаў, арандатараў мудра кіравала Слуцкім княствам і перыядычна наведвала свае ўладанні. Рабіла шмат добрых спраў, клапацілася пра адукацыю сваіх падданых, дапамагала выпускнікам Слуцкай гімназіі. У межах Слуцкага княства яна марыла стварыць ідэальную дзяржаву, якую ўяўлялі філосафы...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Элы ОЛІНАЙ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.