Вы тут

Дарога жыцця,


або Мележаўскі паром побач з... «Тытанікам»

Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў сябе ў ролі паромшчыка. І раіць чытаць гэты рэпартаж, слухаючы шлягеры савецкіх часоў, узгаданыя ніжэй.

[caption id="attachment_81312" align="alignnone" width="600"]Жур­на­ліст Аляксандр Пук­шан­скі  пра­цуе на па­ро­ме. Служ­бо­вая ін­струк­цыя для па­ром­шчы­каў. Жур­на­ліст Аляксандр Пук­шан­скі
пра­цуе на па­ро­ме.
Служ­бо­вая ін­струк­цыя для па­ром­шчы­каў.[/caption]

Не толькі славутасць, але і неабходнасць

Вядома ж, «гімнам» напярэдадні падрыхтоўкі рэпартажу стала папулярная і ў наш час песня пра паромшчыка. Але на месцы аказалася, што ў рэальным жыцці ўсё не зусім так, як спявае Ала Пугачова.

Праўда, што «плыве паром, спявае вада пра нешта побач... То бераг левы патрэбны ім, то бераг правы...» А вось многае іншае не адпавядае рэальнасці. На паромнай пераправе, дзе працаваў журналіст, было двое паромшчыкаў. І тыя, да якіх напрасіўся ў памагатыя, былі не сівымі, а... панурымі. Праўда, перад развітаннем паромшчыкі шчыра смяяліся. Але ўсё па парадку.

У гарадскім пасёлку Сураж Віцебскага раёна нас сустрэў старшыня сельскага выканкама Аляксандр Вялітчанка. Ён распавёў, што летась Суражу споўнілася 450 гадоў! «На сёння ў нас жывуць каля 970 чалавек, у тым ліку меней за 100 — на тым беразе Заходняй Дзвіны».

«Гарадок наш падзяляе рака... Я жыву на адным, ну а ты — на другім на высокім беразе, на стромкім», успомніў я песню нашага земляка Антонава.

Паводле слоў тутэйшых, паром быў «заўсёды». Краязнаўцы расказвалі, што ён курсіруе больш за 70 гадоў. Нават у папулярнай сярод карыстальнікаў інтэрнэту «Вікіпедыі» дзеючая паромная пераправа ўзгадана як славутасць. Між іншым, мала хто ведае: у пасёлку нарадзіўся юрыст і эканаміст Захар Кацэнеленбаум. Пасля рэвалюцыі яго подпіс быў на грошах. І менавіта гэты хлопчык з беларускага мястэчка быў адным з заснавальнікаў Дзяржбанка СССР.

28-21

— Каму — «забава», а многім тутэйшым без парома ніяк? — цікаўлюся.

— Ну, гэта ж толькі ў пэўны час года: вясной і восенню, калі вада вялікая. У крыгаход, вядома, паром не ходзіць. Але ўжо праз некалькі дзён пасля таго, як лёд сыдзе, запускаем катар, — папраўляе мяне Аляксандр Вялітчанка.

Катар мае назву «Тытанік»! І каму толькі ў галаву прыйшла ідэя даць такую назву працавітаму маленькаму судну?

— Перасяліць? Ды не пераедуць, бо там прыватныя дамы, агароды. Плюс шэраг дамоў — дачы. Нельга сказаць, што людзі без парома пазбаўлены цывілізацыі на супрацьлеглым беразе... Крама ёсць. Па серадах туды прыязджае машына бройлернай птушкафабрыкі. Калі медыцынская дапамога патрэбна, «хуткая» прыедзе, бо таксама ёсць дарога на Віцебск. Пошта — усяго за 3,5 кіламетра ў суседняй вёсцы. Наконт школы, калі не памыляюся, толькі восем дзяцей на тым беразе. Калі не могуць хадзіць у суражскую школу, наведваюць у Заполлі. Да яе кіламетраў з 14. А вось Суражскі лясгас насамрэч «пакутуе». Вытворчы цэх на тым баку, адміністрацыя — тут. Калі рабочых і на катары перавезці можна, то іншае — складана... А без парома даводзіцца на той бераг ехаць у аб'езд прыкладна 80 кіламетраў. Я маю на ўвазе, калі цераз мост у Рубе (прыгарад Віцебска. — Аўт.), — працягвае Аляксандр Вялітчанка.

[caption id="attachment_81314" align="alignnone" width="600"]Ста­ры су­раж­скі па­ром, які бу­дуць ра­ман­та­ваць. Ста­ры су­раж­скі па­ром, які бу­дуць ра­ман­та­ваць.[/caption]

Тыя, хто чакаў паром, распавялі, што ў халады рака становіцца «дарогай жыцця». Як толькі лёд мацнее, заліваюць, падсыпаюць. У выніку нават машыны могуць праехаць...

На шчасце, у час «без парома» ў апошнія гады не было надзвычайных здарэнняў. А раней гінулі людзі, якія рызыкавалі падчас таго ж крыгаходу на лодках пераплыць раку. Бадай, амаль што ўсе «смельчакі» былі ў нецвярозым стане.

Пра тое, што Суражу патрэбны мост, не пісаў толькі самы лянівы журналіст. Каб не ствараць нездаровы ажыятаж, у райвыканкаме перспектыву не афішуюць. Зразумела, людзі адразу ж пачнуць цікавіцца, калі пабудуюць. Журналісту адказныя асобы паведамілі, што пытанне вывучаецца. Магчыма, і з'явіцца ў найбліжэйшыя гады параўнальна недарагі мост, з металічных секцый. Вось у расійскім Веліжы, напрыклад, ваенныя пабудавалі вялікі аўтадарожны разборны мост. Дык няўжо нашы не змогуць? А ў Бешанковічах, дзякуючы армейцам, гадоў шэсць таму ўпершыню ўсталявалі пантонны мост. Адтуль, дарэчы, перадалі Суражу стары паром, які цяпер і функцыянуе. А былы суражскі на беразе чакае рамонту. Працуючы ж таксама не вечны, дык і будзе яму замена. І зноў па чарзе...

«Беларус» цягне пераправу!

Пакуль паром набліжаўся, заўважыў, што яго цягне трактар «Беларус»... без колаў... Потым паромшчыкі растлумачылі, што гэта — «не інвалід», а «сэрца» парома, «палымяны матор». Яму б колы, адразу можна ў поле...

— Раней я ў лясніцтве працаваў. Напарнік мой таксама Аляксандр, ён — берагавы: прычапляць, адчапляць — гэта яго праца, — адказвае на мае пытанні матарыст Аляксандр Цішкін.

[caption id="attachment_81315" align="alignnone" width="600"]Ка­тар «Ты­та­нік». Ка­тар «Ты­та­нік».[/caption]

Працуе ён тут каля чатырох гадоў. Дзяжурства суткі праз трое. На пароме ёсць службовае «памяшканне» з «буржуйкай». Ля яе даволі ўтульна, паромшчыкі там снедаюць. І для пасажыраў ёсць вялікая «будка» з лаўкай. Але падчас касога дажджу або моцнага ветру там, мякка кажучы, не курорт. На той бераг паром ідзе хвілін 6-7. Шырыня ракі — прыкладна 150 метраў.

Плацяць паромшчыкам каля 2,5 мільёна рублёў у месяц. Пры такім рэжыме працы і нядрэнна.

Пераправа працуе з 6.30 раніцы, кожныя 30 хвілін возім людзей на той бераг. І так да вечара. А потым перавозяць толькі экстранныя службы: «хуткую», пажарных, газавікоў. Паромшчыкі сказалі, што такое здараецца часта.

— Усю ноч можам туды-сюды вазіць. Не, закаханыя не прасіліся, каб на спатканне... У альтанцы на беразе цалуюцца. Ды і не агучваў ніхто тэлеграму з парома нашага, як у камедыі (смяецца). Трос надзейны, на пару сезонаў хапае. Калі ўжо насамрэч падвядзе нешта, дык катар жа ёсць. Зможам дайсці па вадзе і зрабіць усё, што трэба, — распавядае Аляксандр Цішкін.

Што цікава, гэты самы паром быў «кіназоркай». Калі эксплуатаваўся ў Бешанковічах, яго знялі ў фільме па рамане Івана Мележа... Здымалі ў 1980-я гады.

І стаў я... берагавым!

Убачыўшы надпіс вялікімі літарамі звонку «кабінета» паромшчыка: «ПЕРЕПРАВА БЕСПЛАТНО. РБ, РФ» падумаў, што нехта пажартаваў. Але высветлілася: знайшоўся «разумнік», які спрабаваў зарабіць на перавозцы.

У лістападзе мінулага года ў Смаленскай вобласці ў гарадку Веліж асеў мост цераз Заходнюю Дзвіну. Да беларускага Суража меней за 44 кіламетры. Вось і паехалі расіяне. А яны ж звыклі, што за ўсё трэба плаціць. Вось і... Вінаватага за самаўпраўства пакаралі. Пытанне, няўжо з грамадзян далёкага замежжа будуць браць грошы, выклікала смех. Не!

Былі мы на пераправе ўдзень, калі вада паднялася. Таму легкавыя аўто не заязджалі. А вось трактар, калі я «заступіў на змену», хай і не без цяжкасці, але патроху «забраўся».

Запусціць рухавік «Беларуса», які і цягне пераправу, не даверылі. Маўляў, няма пасведчання трактарыста. Ды і зусім невесела будзе, калі што здарыцца. А вось «рукамі памахаць», каб тэхніка заехала, аддаць канцы, калі ласка.

Безумоўна, у Сураж варта прыехаць не толькі дзеля парома. Недалёка цудоўны вялікі пляж. Расказалі, што пясок там, «як марскі», ды і крынічка недалёка. Мясцовы лясгас добраўпарадкаваў месца адпачынку... А ў іншы бок — старая брукаваная дарога, на якую мы заехалі выпадкова.

Пакуль толькі адзін вясковец непадалёку ад Суража займаецца аграрным турызмам. Другі будуе дом для прыёму гасцей на ўскраіне пасёлка. А месцы тут прыгожыя, паветра чыстае. З польскага Суража прыязджалі некалькі гадоў таму афіцыйныя госці, дык вельмі спадабалася. Дарэчы, мясцовыя энтузіясты наладжваюць міжнародныя кантакты. Ёсць жа Сураж расійскі, украінскі, нават іспанскі!

У планах мясцовай улады завабліваць тых, хто зможа развіць турызм. Выгадная ж справа! Ёсць ідэя правесці рыцарскі турнір. Інфармацыйную падтрымку «Звязда» аказаць гатова.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Віктара Нікалаева.

Сураж — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».