Вы тут

Трыумф калумбійцаў у Мінску


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра «новага старога» лідара футбольнага чэмпіянату краіны, апошні вынік «Цмокаў» у сезоне 2014/2015 і фінал футзальнага чэмпіянату свету.

1. У матчы трэцяга тура БАТЭ перамог «Гомель» (2:0) і захапіў лідарства ў футбольным чэмпіянаце краіны. Галы на рахунку Ігара Стасевіча і Віталя Радзівонава. Дарэчы, для Радзівонава гол у вароты «Гомеля» стаў 15-м за кар'еру. Ніводны іншы футбаліст за ўсю гісторыю вышэйшай лігі не паражаў вароты гамельчан так часта. Але найбольш ярка ў гэтым матчы раскрыўся навічок «жоўта-сініх» Неманья Мілунавіч. Пасля гульні сербскі абаронца так пракаментаваў вынік матча: «Гомель» дзейнічаў не вельмі востра. А мы нядрэнна згулялі ў абароне. Ды і ўвогуле пакуль не прапусцілі ніводнага мяча. Акрамя гэтага, захоўвалі канцэнтрацыю і не давалі сапернікам контратакаваць. У гамяльчан шмат маладых хуткіх хлопцаў, якіх трэба было ўвесь час трымаць пад кантролем».

Былы лідар, брэсцкае «Дынама», не справіўся з мікашэвіцкім «Гранітам» — 0:1. Адзіным голам у матчы адзначыўся экс-гулец «Гомеля» Цярэнцій Луцэвіч.

Сярод найбольш цікавых вынікаў трэцяга тура адзначым перамогу «Белшыны» над гродзенскім «Нёманам» — 3:1. Дагэтуль бабруйчане 16 гадоў не маглі адолець «жоўта-зялёных»!

Салігорскі «Шахцёр» і мінскае «Дынама» згулялі ў безгалявую нічыю.

2. У другім таварыскім матчы серыі Еўравыкліку зборная Беларусі па хакеі саступіла камандзе Нарвегіі — 2:3. Пасля паражэння галоўны трэнер беларускай зборнай Дэйв ЛЬЮІС адзначыў добрую гульню нарвежскага варатара: «Ларс Вальдан правёў выдатную гульню, не раз выратоўваючы сваю каманду. Лаланд таксама дзейнічаў нядрэнна, і ў прапушчаных шайбах яго віны няма. У Кевіна амаль што не было шанцаў зрэагаваць на гэтыя кідкі. На чэмпіянаце свету менавіта Лаланд будзе нашым першым варатаром». Адзначым, што спарынгі з камандай Нарвегіі былі апошнім этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які стартуе ў Чэхіі 1 мая.

3. «Цмокі-Мінск» завяршылі сезон у Адзінай лізе ВТБ на перадапошнім 15-м месцы. У заключным матчы мінчане саступілі «Лакаматыву-Кубані» — 80:85. Такім чынам у сезоне 2014/2015 «Цмокі» атрымалі 7 перамог і пацярпелі 21 паражэнне.

4. У Мінску завяршыўся чэмпіянат свету па футзале. У вырашальным матчы зборная Калумбіі перамагла парагвайцаў (4:0) і трэці раз у гісторыі стала чэмпіёнам свету. Такую ж упэўненую перамогу ў барацьбе за «бронзу» атрымалі аргенцінцы: «нябесна-блакітныя» разграмілі сапернікаў з Бельгіі — 7:1. Нагадаем, што зборная Беларусі паўтарыла сваё найлепшае дасягненне, адабраўшыся ў чвэрцьфінал, дзе саступіла будучым сярэбраным прызёрам — парагвайцам.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.