Вы тут

Глінянае шчасце


На конкурс керамікі ў Гомельскі гарадскі цэнтр культуры людзі прыходзілі сем'ямі. Не толькі для таго, каб паглядзець на разнастайныя вырабы з гліны 60 творцаў розных узростаў і ступені майстэрства. Але і каб паспрабаваць нешта тут жа, на месцы, зрабіць сваімі рукамі. Магчымасць была прадастаўлена ўсім, хто жадаў. Таму да настаўнікаў выстройваліся чэргі.

28-12

Настаўнік скульптуры Людміла Голубева выхавала не адно пакаленне мастакоў і скульптараў. Ёсць сярод іх і вядомыя, напрыклад, дацэнт кафедры дызайну архітэктурнага асяроддзя архітэктурнага факультэта БНТУ Павел Вайніцкі. Прызнаюся, мне самой давялося быць яе вучаніцай у гомельскай мастацкай школе.

З таго часу шмат гліны было ператворана ў цудоўныя (і не вельмі) вырабы. Хтосьці стаў мастаком, хтосьці набыў іншую прафесію. Але ж усе захавалі дзівоснае адчуванне гэтага мяккага падатлівага матэрыялу, які пасля апрацоўкі становіцца такім цвёрдым і надзейным. Як чалавек у працэсе жыцця-быцця. Відаць, меў рацыю Той, хто ствараў чалавека менавіта з гліны.

Знакаміты біблейскі аповед, дарэчы, мае пацвярджэнне: аказваецца, самая простая гліна ўтрымлівае ў сабе асноўныя элементы біялагічнага жыцця. Нездарма са старажытнасці і да сёння з яе дапамогай лечаць самыя розныя захворванні. Для беларусаў гліна — самы «тутэйшы» матэрыял, любімы не толькі творцамі, але і спажыўцамі прыгожых вырабаў з яе. Ну, скажыце, ці ёсць дом, у якім няма ніводнага керамічнага вырабу? Уладзімір Осіпаў, дырэктар гомельскай мастацкай школы, нагадвае, што ў нашай краіне былі магутныя традыцыі керамікі:

28-13

— У 80-90-я гады існавала нават аб'яднанне з 6 прадпрыемстваў, якія выпускалі кераміку. У 90-я інтарэс да гэтай тэмы заўважна зменшыўся, але ж сёння ён зноў адраджаецца. Тым больш, што ў Гомелі ёсць цікавыя майстры, якія працягваюць традыцыі. Ёсць і тыя, хто нядаўна пачаў гэтай справай займацца, але вельмі захапіўся. Вось іх усіх, у тым ліку дзяцей, навучэнцаў розных школ, гурткоў і секцый, дзе навучаюць тэхналогіям працы з глінай, мы запрасілі прадставіць свае работы.

Папулярызаваць кераміку, захаваць і развіваць традыцыі продкаў — такую мэту ставяць арганізатары. А ўдзельнікі проста захапляюцца магчымасцю паглядзець на іншых і сябе паказаць. Самабытнаму гомельскаму керамісту Аляксандру Наўгародскаму акарыны, на якіх ён спецыялізуецца, замаўляюць музыканты не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Ён і сам можа пайграць на керамічным інструменце, што здзіўляе не толькі мілагучнасцю, але і знешнім выглядам. Прынамсі, дзвюх аднолькавых акарын ён не робіць. А паралельна з музычнымі прыладамі лепіць імбрычкі, званочкі, дзівосных пачварак... І зусім няважна для мастака, што дзве вышэйшыя адукацыі не адпавядаюць захапленню жыцця.

Між тым, у гомельскай мастацкай школе, дзе раней бачыць мастацтва вучылі толькі дзяцей, сёння займаюцца і з дарослымі. Пакуль урокі традыцыйныя: малюнак, жывапіс і кампазіцыя, але ж ёсць патрэба і ў развіцці прыкладных відаў. Той жа керамікі, напрыклад. Многія людзі хацелі б навучыцца штосьці рабіць сваімі рукамі. Некаторыя бачаць жыццёвую перспектыву ў прафесійных занятках рамесніцтвам.

28-14

— Я сам кераміст, — кажа дырэктар школы Уладзімір Осіпаў, — і быў заўсёды за тое, каб людзі займаліся прыкладнымі відамі мастацтваў. Дзяцей гэта не толькі развівае, але і пазбаўляе ад шкодных уплываў вуліцы. У нас вельмі цікавая народная творчасць. Мы базіруемся на народных формах, якія адпрацаваны майстрамі за шмат гадоў.

Юная Дар'я Купрацэвіч пашкодзіла манікюр, калі рабіла сваю першую ў жыцці вазачку на ганчарным крузе. Але выраб свой паказвае з гонарам і гаворыць, што хацела б навучыцца працаваць з глінай — каб маме і сябрам дарыць прыгажосць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.