Урокі маленства


...Гэта ўжо традыцыя: у першыя выхадныя лютага ў школах праводзіць вечары сустрэч, вечары ўспамінаў пра дзяцінства — такое вясёлае, такое бесклапотнае і такое ж далёкае...

Мы, у прыватнасці, у роднай вёсцы заканчвалі толькі пачатковую школу. Васьмігодка была за тры вярсты, на цэнтральнай сядзібе саўгаса. Дабіраліся туды пехам, вясной і восенню часам па гразі ды бездарожжы, зімою — па снезе...

Але ж, як звычайна, да навукі цягнуліся не ўсе. Асобныя з нашых хлопцаў любілі час ад часу прагуляць, літаральна — адсядзецца ў кустах, а назаўтра спаслацца на прыродныя катаклізмы: то, маўляў, вады ў боты набралі, то дарогу зусім замяло, то галовы забалелі... Брашы, што хочаш: гэта ж не цяпер, настаўнікі не правераць, бо няма як. Тэлефонаў у кожнай кішэні ды хаце тады не было, машын ды матацыклаў — таксама, а пехатой да бацькоў не дужа находзішся...

А вось сябрукам ды іншым вучням можна і праўду сказаць — пабыць героямі.

Карацей, нашы «партызаны» часам з гэткай помпай баялі пра свае лясныя прыгоды, што іншым (нават дзяўчынкам) таксама хацелася паспытаць рамантыкі.

Дык вось. Неяк зімовым ранкам, пакінуўшы сумкі з падручнікамі пад мостам, купка вучняў, у тым ліку і Зіна з Валяй, збочыла ў лес.

Там спрактыкаваныя хлопцы ўмомант назбіралі сухога галля, прыцягнулі трухлявы камель, расклалі вясёлае вогнішча...

Вакол яго і сапраўды так цікава было гуляць у даганялкі, валтузіцца ў снезе, скакаць... А ўжо як смачна есці!.. Усе разам яны наваліліся на прынесеныя з дому блінцы і скваркі з каўбасой! Што ўжо казаць пра клёцкі, якія былі ў дзяўчат...

Але ж потым, пасля трапезы, настрой у кампаніі стаў псавацца. Ну, яшчэ б: усё смачнае было з'едзена, бегаць ды скакаць болей не хацелася, цяпельца душу не грэла. Дзеці засумавалі, а Зіне з Валяй дык і ўвогуле захацелася ў цёплы клас, на заняткі. Час ад часу яны сталі пазіраць у бок школы...

Прычым — не марна, бо адтуль, здаецца, нехта ішоў. Адзін... Да іх...

— Мабыць, Васька Шкет даў цягу з апошніх урокаў? — выказаў здагадку нехта з дзяцей і нават збіраўся насустрач...

Дзякуй Богу, не пабег, бо гэта быў не Васька: да групы «партызан» рашуча набліжаўся... Васіль Рыгоравіч (светлай памяці!), дырэктар школы і настаўнік фізікі, на ўроках якога заўсёды была армейская дысцыпліна (для таго, каб падтрымліваць яе, былому франтавіку хапала позірку).

Як высветлілася, адсутнасць вучняў з нашай вёскі Васіль Рыгоравіч заўважыў яшчэ да заняткаў, выклікаў на «допыт» аднакласнікаў. Тыя мусілі сказаць яму праўду. А ўжо знайсці прагульшчыкаў былому камандзіру разведвальнай роты цяжкасці не склала.

...Так што назаўтра «партызанаў» чакала добрая прачуханка на школьнай лінейцы, прысвечанай дысцыпліне, пасля якой аж да канца навучальнага года ніводзін вучань з нашай вёскі не тое, што не прагуляў нейкі ўрок, нават ні разу на яго не спазніўся! Ішлі ўсе! Ішлі ў любую непагадзь... Бо сорамна было перад Васілём Рыгоравічам, перад іншымі дзецьмі. Асабліва — дзяўчынкам. Адна з якіх, Валя, стала потым знакамітай ткачыхай Валянцінай Кірылаўнай і, успомніўшы гэты выпадак на вечары сустрэчы, прызнала: «Адзін раз памылішся, а ўрок атрымаеш на ўсё жыццё».

Таццяна Раманава,

г. Наваполацк.

Што дарослае, што малое

Спортам я захапіўся з маленства. Напачатку разам з бацькам мы сачылі за ўсімі футбольнымі матчамі і так шчыра хварэлі за мінскае «Дынама», што наш лямант кшталту «Малайцы!», «Давай! Давай!» чулі нават суседзі. Гэта — у чэмпіёнскі 1982 год. Пра больш познія гульні дынамаўцаў тата казаў толькі адно слова: «Калуны!..».

Аднак на футболе мы не спыніліся, з цягам часу ў наша жыццё ўварваўся біятлон. Кожную зіму мы з бацькам сталі сачыць за поспехамі лыжнікаў-стралкоў...

А потым... бацькам стаў я сам. І неяк лёгка прызвычаіўся адным вокам сачыць за сваім трохгадовым сынком, а другім — за гонкамі па тэлевізары. Праўда, біятланістка Надзея Скардзіна тады не радавала яшчэ ні прызавымі гонкамі на этапах кубка свету, ні медалямі. Яе, маладую спартсменку, каментатар Уладзімір Навіцкі, можна сказаць, «падганяў» да фінішу, раз-пораз называючы прозвішча...

Сынок мой гэтыя рэпартажы як быццам не слухаў — больш цікавіўся цацкамі, але ўсё ж неяк спытаў: «Тата, а чаму гэтую цёцю называюць сардзінай?»

Я не ведаў, што адказаць. Як, дарэчы, і жонцы — потым.

Рэч у тым, што праз працу ў мяне не заўсёды быў час, каб сачыць за гонкамі. А таму давялося прасіць сваю палавіну, каб глядзела тэлевізар і потым расказвала, як там змагаліся нашы, хто выйграў...

Жонка з разуменнем паставілася да майго захаплення. І, назіраючы за этапамі кубка свету, нават запомніла досыць складаныя прозвішчы замежнікаў Фуркад і Свендсан (не кажучы пра суайчыннікаў)...

І вось чэмпіянат свету. На крылах лячу з працы, ледзь пераступіўшы парог дома, пытаюся ў жонкі: «Ну, як там?»

Тая далажыла: «Першае месца — Свендсан, другое — Фуркад, а трэцяе... Трэцяе — я забылася... Здаецца, Мярзавец?»

Так яна пачула прозвішча Маравец (каманда Чэхіі).

А таму біятлоннага заўзятара з маёй палавіны, на вялікі жаль, не атрымалася. Усе надзеі цяпер на сына, бо ён жа ў нас не толькі расце, а яшчэ і разумнее.

С. Грышчанкоў,

г. Мінск.

«А Савося і блізка не было...»

...На стол пакласці ўсё, што ёсць, —

Такі ўжо звычай наш спрадвечны.

Як толькі ў хату ступіць госць —

Адразу смажыцца яечня.

А дзе яна, там, вядома ж, і сто грамаў, гэта як мінімум!

Праўда, не заўсёды. І не ўсім.

Майму добраму знаёмцу (назавём яго Алесем) у той раз, напрыклад, ні кроплі не перапала. Ды дзе — у роднай, можна сказаць, цешчы! Зяць абурыўся, зяць пакрыўдзіўся, прыцемкам выйшаў на двор, потым — на вясковую вуліцу, стаіць там, «думу думае». Бачыць, двое знаёмцаў насустрач — Савось і Антось. Прайдзісветы яшчэ тыя: пра нешта іншае могуць не ведаць, а вось пра выпіўку — усё чыста!

У той дзень, дарэчы, нехта шапнуў ім, што бабка Аксіння бражку ў лазні гоніць і, як заўсёды, крукам над ёю сядзіць. Прычым не дарэмна: надта ж добры прадукт у яе выходзіць!

Хлопцам было б за шчасце паспытаць яго — свежага... Але ж як бабулю адтуль выманіць?

Разважалі яны і так, і гэтак, толькі нарэшце скемілі, што баба Аксіння з тыдзень таму на рынку была, парсючка на гадоўлю купляла. І калі яго з хлеўчыка выпусціць...

Хлопцы тут жа размеркавалі абавязкі: Антось расчыніць дзверы хлеўчыка і выганіць парсючка на двор, Савось схаваецца за лазняй і будзе чакаць зручнага моманту, Алесь жа тым часам будзе гучна стукаць у вокны бабчынай хаты са словамі: «Цётка Аксіння! А цётка Аксіння, ці не тваё парася па вуліцы бегае?..»

Гаспадыня, седзячы ў лазні, гэты лямант, вядома ж, пачула — пабегла да хаты (Савось тым часам сігануў у лазню і скраў пасудзіну з бражкай). Алесь жа з Антосем па просьбе бабулі кінуліся лавіць парсючка. А той малы, шустры... Віску нарабіў, як восеньскі дождж гразі... Алесь на ёй паслізнуўся ды ў лужыну — акурат «фасадам»... Але ж добра, што рукі доўгія: злавілі яны парася!

Бабка Аксіння не ведала, як радавацца і як хлопцам аддзячыць. Хоць паўлітра, ды на вуліцу вынесла. Болей, сказала, пакуль што нямашака. Маўляў, заўтра будзе — прыходзьце...

Запрасіла, хлеўчык з парсючком замкнула, а сама ў лазню...

Толькі назаўтра, у нядзелю, гамонячы з суседкамі, не вытрымала: прызналася, што нехта скраў бітон з бражкай.

Кабеты ў адзін голас сталі даводзіць, што гэта Савось з Антосем...

Але старая (святая прастата!) не хацела верыць. Казала:

— Ды не можа быць таго, людцы! Антось жа парася лавіць памагаў. І Алесь, Надзін зяць, таксама... А Савося там і блізка не было!

Ірына Ермаковіч,

в. Азяраўцы, Браслаўскі раён.

Толькі так, не іначай...

Мой сынок рос вялікім гарэзам: чаго толькі не прыдумляў (асабліва гадкі ў чатыры), чаго не вырабляў... Не раз праз яго чырванела. Ну вось напрыклад. Жыла ў нашым шматкватэрным доме пара сужэнцаў. Абое старэнькія ўжо, абое хворыя, але пра сябе жонка турбавалася меней, усё мужа свайго глядзела: каб хаця ён добранька паснедаў-папалуднаваў, каб у час таблетачкі выпіў, каб яблык ці моркву з'еў... Добрая жанчына была. Але ж і сама дужа нездаровая: ногі ў яе балелі, хадзіла ў перавалку, як тая качачка, за што і мянушку адпаведную мела.

Дык вось неяк майму сынку прыспела да яе звярнуцца:

— Цёця Вутачка, — сказаў ён (як — за вочы — усе ў нашым доме), — а можна я зайду ў ваш гародчык? Мой мячык туды закаціўся.

Цёця ад нечаканасці аж мову страціла: маўчыць, не ведае, што казаць...

Не лягчэй было і мне ад сораму хоць ты скрозь зямлю праваліся! Стаю, выбачаюся... А ўжо потым, дома, давай даводзіць сынку, што суседку завуць цёця Жэня, што менавіта гэтае імя яму трэба запомніць і калі ён выхаваны хлопчык, то звяртацца да жанчыны павінен толькі так.

Сынок, лыпаючы вочкамі, слухаў мяне, але, падобна, нічога не разумеў. Ну чаму, у прыватнасці, ён, выхаваны, павінен называць добрую цёцю Вутачку неяк іначай, не так, як завуць яе ўсе (яны што — нявыхаваныя?). Гэта падавалася яму няправільным, нелагічным...

А таму, калі мячык залятаў у вядомы гарод, сын мой па-ранейшаму бегаў да цёці Вутачкі. І — адпаведна — звяртаўся да яе толькі так — не іначай.

Раіса Васільева,

г. Гомель.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.