Вы тут

Кахаць нельга памілаваць


Гэтая гісторыя заўсёды пачынаецца аднолькава. Замужняя жанчына, якая ніколі не кахала, раптам адчувае, як унутры з'яўляецца іншая, закаханая. Але скутая законамі, паводле якіх існуе грамадства, яна не ведае, што рабіць з гэтай новай, невядомай. Ад яе так проста не пазбавіцца, дый не хочацца пазбаўляцца... Гэтая гісторыя заўсёды заканчваецца аднолькава.

28-28

Напрыканцы красавіка ў Мінску прайшлі гастролі Маскоўскага тэатра юнага гледача, іх зладзіла незалежная тэатральная кампанія «Тэатр Ч». У межах гастрольнай праграмы паказалі і адну з апошніх пастановак стваральніка бяспечнай правакацыі, як некалі напісала пра яго крытык Марына Давыдава, вядомага расійскага рэжысёра Камы Гінкаса «Лэдзі Макбет нашага павета» (паводле Мікалая Ляскова).

Гэты сюжэт мы асэнсоўваем стагоддзямі. Напрыклад, у ХІХ, крыху пазней за аповесць Ляскова, з'явілася падрабязнае апісанне метамарфозаў жаночай душы, што спасцігла каханне пасля замужжа, — «Ганна Карэніна» Льва Талстога. А ў ХХІ Іван Вырыпаеў напісаў і зняў сваю «Эйфарыю», дзе замужняя Вера сустракае на чужым вяселлі Паўла, і, як забойца ў завулку, на іх выскоквае каханне... Усе гэтыя гісторыі аднолькава пачынаюцца парушэннем нейкіх адвечных правілаў, аднолькава заканчваюцца смерцю гераіні і маюць бясконцую колькасць варыяцый паміж пунктамі А і Б. Кама Гінкас, для якога жаночая душа даўно не поцемкі, а аб'ект мастацкага даследавання (згадаем яго слынны спектакль «К.І. са «Злачынства» паводле «Злачынства і пакарання» Ф. Дастаеўскага з Аксанай Мысінай у галоўнай ролі ці тую ж «Медэю», ці «Геду Габлер»), выбраў сярод іх гісторыю, як ён сам зазначыў «маладой аторвы, якая пераадольвае жыццёвыя цяжкасці».

Гінкас планаваў паставіць «Лэдзі Макбет нашага павета» спецыяльна для актрысы Алены Лядавай (беларускаму гледачу яна больш вядома па кіно — «Алена», «Географ глобус прапіў», «Левіяфан»). Аднак Лядава ў апошні момант не змагла прыняць удзел у пастаноўцы, і Гінкас, кіруючыся толькі ўражаннямі ад аднаго вялікага тэлеінтэрв'ю, запрасіў на галоўную ролю актрысу тэатра Льва Додзіна Елізавету Баярскую. Так уразіла яго стрыманасць, цэльнасць, моц і прыхаваная глыбіня Баярскай падчас тэлеразмовы. Дарэчы, рэжысёр адзначае, што яму важна пабачыць акцёра не на сцэне, а, так бы мовіць, у жыцці, няхай сабе і на экране тэлевізара. Гэтаксама, пасля прагляду перадачы, Гінкас запрасіў на ролю ў спектаклі «Чорны манах» паводле А. Чэхава і Сяргея Макавецкага, з якім раней не працаваў.

На пачатку спектакля купецкая жонка Кацярына Львоўна ў выкананні Елізаветы Баярскай нагадвае дзяўчынку-падлетка, якая стрымлівае праявы свайго характару пад уплывам «дарослых» — мужа Зіновія Барысавіча (Аляксандр Тараньжын) ды свёкра Барыса Цімафеевіча (Валерый Барынаў), аднак як толькі з'яўляецца працягнутая рука Сяргея (Ігар Балалаеў) з першым сімвалічна падлеткавым спакушэннем — цыгарэтай — яна тут жа хапаецца за яе і ўжо не адпускае да самага канца. Дзяўчынка знікае, калі Барыс Цімафеевіч заспявае каханкаў, і Кацярына Львоўна прымае рашэнне атруціць цесця, каб вызваліць Сяргея. Тут перад гледачом паўстае ўжо жанчына-вядзьмарка, якая здольна ўсім аддаць належнае: цесцю — грыбочкаў, мужу — заступ, пляменніку — падушку на твар, а сабе — каханага. Калі Зіновій Барысавіч шэпча перад смерцю, каб пазвалі папа, паспавядацца, Кацярына Львоўна толькі смяецца ў адказ: «І так харош будзеш». Гэтым яна адкрывае перад гледачом, няхай і не ў найлепшай праяве, жаночую моц і глыбіню, якія заўважыў Гінкас. Яшчэ адно пераўтварэнне Кацярыны Львоўны адбываецца ў турэмнай бальніцы, калі ёй падаюць толькі што народжаннае дзіця, пра якое было столькі мар напачатку спектакля. «Ну яго зусім!» — адказвае Кацярына і адварочваецца да сцяны. Абыякавасць апаноўвае яе душу да ўсяго ў гэтым свеце, апроч Сяргея, які больш яе не кахае...

Разам з пераўтварэннямі Кацярыны Львоўны выразна змяняецца і атмасфера спектакля. Спачатку гэта марэнне ў купецкім доме, дзе нудна і душна. Так, што хочацца і гузік на кашулі расшпіліць, і нічога, апроч сподняй кашулі, не надзяваць, і ўпасці на кажух на сані, шырока раскінуўшы рукі і ногі. Бо душна — унутры і звонку. Пасля залу сцінае жах: і людзі-каты Кацярыне Львоўне мрояцца, і свечкі цьмяна гараць, і дзіцячы ложак да труны падобны, і ў шчыліну відаць, як некага душаць... Напрыканцы, са з'яўленнем катаржан, усіх апаноўвае адчай.

Кама Гінкас вымушае артыстаў існаваць на перасячэнні дзвюх прастор. Ён накідвае іх адна на адну, як мастак, каб дамагчыся ў спалучэнні патрэбнай фактуры. Адна з гэтых прастор — прастора сцэны, створаная мастаком Сяргеем Бархіным, з якім Гінкас даўно працуе ў тандэме. Дзве яе асаблівасці — гэта нахіл, з якога ад пачатку ўсё коціцца ў бездань, і едка-карычневы колер хаты без задняй сцяны (замест яе правал у бездань). Другая — прастора тэксту Мікалая Ляскова, які Гінкас не пераўтварае ў традыцыйную інсцэніроўку, а вымушае акцёраў прамаўляць спачатку простую мову, а пасля словы аўтара (герой так і кажа: «Свае», — адазваўся Зіновій Барысавіч»), гэтым змяняючы звыклы спосаб іх акцёрскага існавання.

Гісторыя, якую хоча распавесці Гінкас, куды больш змястоўная, чым толькі адвечная гісторыя спасціжэння кахання тады, калі яно па ўсіх правілах не можа быць спасцігнута. Гэта гісторыя чалавечай свабоды і несвабоды ўвогуле, сімвалам якіх выступае хор катаржан, што з'яўляецца напачатку і ў фінале спектакля. Купка безгаловых людзей у шынелях. Сведчанне нашага ўнутранага арышту. А гісторыя Кацярыны Львоўны, якая тоне ў рацэ разам з новай каханкай Сяргея, — так, асобны выпадак. Кацярыну Львоўну ў канцы, дарэчы, невыносна шкада. І ў гэтым увесь Кама Гінкас, які не адпускае свайго гледача без эмацыйнага ўзрушэння.

Гінкас змяняе назву Ляскова. Лэдзі Макбет нашага (а не Мцэнскага) павета — падкрэслівае рэжысёр. Тыя, хто ведаюць яго стаўленне да тэксту, мяркуюць, што Гінкас вяртаецца да гэтай назвы дзеля дакладнасці. У першай публікацыі аповесці значылася менавіта «нашага». Аднак, на маю думку, зменай назвы рэжысёр падкрэслівае іншае: паміж паветам Ляскова і нашым часам няма ніякай адлегласці. Мы па-ранейшаму там.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.