Вы тут

Каб блакітныя люстэркі заззялі чысцінёй


У краіне праходзіць акцыя «Чысты вадаём»

Пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, цэлафанавыя пакеты, пачкі ад цыгарэт і абгорткі ад цукерак — такія незвычайныя аб'екты «палявання» ў апошнія красавіцкія дні выбралі для сябе члены рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

29-20

Другі год запар па іх ініцыятыве і актыўным удзеле праходзіць масавая прыборка прыбярэжных зон рэк, азёр і іншых вадаёмаў краіны. Да гэтай справы далучаюцца і супрацоўнікі розных арганізацый і ведамстваў, а таксама простыя грамадзяне, неабыякавыя да стану навакольнага асяроддзя.

Сёлета супрацоўнікі выканаўчага апарату таварыства разам з прадстаўнікамі цэнтральнага апарату Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пачалі акцыю з Пятровіцкага вадасховішча, што знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне, за 4,5 кіламетра ад Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Узброіўшыся пакетамі для смецця, удзельнікі акцыі крок за крокам прайшлі ўздоўж берагавой лініі вадасховішча, каб сабраць бутэлькі і паперкі, а таксама пакінутыя нядбайнымі рыбакамі бляшанкі з-пад прынад і вывезці іх з дапамогай транспарту ЖКГ.

За першыя гадзіны працы на Пятровіцкім вадасховішчы, прайшоўшы каля двух кіламетраў ад вёскі Волма да трасы М1, удзельнікі акцыі сабралі цэлы прычэп адходаў. Некаторыя ўчасткі нават нагадвалі палігоны цвёрдых камунальных адходаў — наведвальнікі вадаёма пакідалі тут смецце шмат гадоў запар. Агульная ж працягласць берагавой лініі вадасховішча — каля 40 кіламетраў.

— Галоўная мэта акцыі — заклікаць усіх рыбакоў і тых, хто адпачывае на беларускіх вадаёмах, не засмечваць навакольнае асяроддзе, — расказаў старшыня праўлення рэспубліканскага савета Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Юрый Шумскі. — Але каб на нашых рэках і азёрах было чыста, трэба спачатку прыбраць ужо існуючае смецце.

29-22

Па словах Юрыя Іванавіча, летась акцыя «Чысты вадаём» атрымала значны грамадскі водгук: разам навядзеннем парадку займаліся інспектары аховы прыроды і рыбакі, школьнікі і мясцовыя жыхары — на больш як 100 вадаёмах і рэках краіны працавала каля 7 тысяч чалавек. Было сабрана амаль
1,1 тысячы куб. м адходаў.

Вынікі гэтай працы не прымусілі сябе чакаць — спецыялісты адзначаюць, што на вадаёмах стала менш смецця. Але пакуль людзі канчаткова не зразумеюць, што чысціня беларускіх прыродных скарбніц залежыць у тым ліку і ад іх саміх, неабходна праводзіць такія акцыі, упэўнены арганізатары.

Клопат аб чысціні берагавых ліній рэк і азёраў напярэдадні адкрыцця купальнага сезона — не адзіная прычына звярнуць увагу на акцыю. Згодна з новымі правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, рыбаловы-аматары абавязаны падтрымліваць належны санітарны стан рыбалоўных угоддзяў, не пакідаць на іх берагах, а таксама на лёдзе смецце і іншыя адходы, не дапускаць засмечвання і забруджвання рыбалоўных угоддзяў іншым чынам. За парушэнне нормы прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь. Каб кожны, хто наведвае вадаёмы, не забываў пра гэта, супрацоўнікі таварыства паляўнічых і рыбаловаў устанавілі 1200 інфармацыйных аншлагаў.

Яшчэ адной важнай праблемай, з-за якой таксама адбываецца забруджванне навакольнага асяроддзя, начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Сяргей Новікаў лічыць адсутнасць у шматлікіх населеных пунктах, асабліва сельскіх, кантэйнераў для ТКА.

— Больш свядомыя грамадзяне вывозяць смецце ў суседнія вёскі, дзе наладжана сістэма збору адходаў, астатнія выкарыстоўваюць замест сметнікаў прыпынкі грамадскага транспарту, узбочыну дарогі ці бераг ракі, — адзначыў Сяргей Новікаў. — Прадстаўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі неабходна больш актыўна выконваць свае функцыі — перашкод для гэтага няма. Нават акцыя паказвае, што простыя людзі ахвотна збіраюць смецце, каб ачысціць бераг, — бо каму прыемна адпачываць побач са сметнікам?

29-19

Паважаныя чытачы! Заклікаем і вас да ўдзелу ў акцыі — яшчэ ёсць час, каб далучыцца да каманды паляўнічых і рыбаловаў. Але і пасля часцей прыглядайцеся да блізкіх ад вас вадаёмаў, — можа, ім таксама неабходна ваша дапамога?

Вераніка КОЛАСАВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?