Вы тут

«Бюракратыя шкодзіць уладзе»


Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар ЖУК не размяжоўвае работу дэпутацкага корпуса і органаўвыканаўчай улады

29-34

29-34

 

Па адукацыі ён урач, 30 гадоў адпрацаваў у Гродзенскім медуніверсітэце — дацэнтам, прафесарам, першым прарэктарам. Потым на працягу 5 гадоў займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Цяпер — старшыня абласнога Савета дэпутатаў.

— Ігар Георгіевіч, пасля ВНУ цяжка было адаптавацца да работы ва ўладных структурах?

— Для мяне гэта было ў навінку. І цяпер разумею, што ў нашых грамадзян мала ўяўлення аб той складанай, напружанай і адказнай рабоце, што праводзіцца ў органах улады. Больш гавораць пра негатыў — маўляў, у чыноўнікаў вельмі высокія заробкі, вялікія сацыяльныя прэферэнцыі. Але на самой справе гэта не так. Зарплата чыноўнікаў у параўнанні з кіраўнікамі многіх прадпрыемстваў даволі сціплая. Тым не менш лічу, што ва ўладныя структуры павінны трапляць людзі па прызванні, здольныя ў поўнай меры несці адказнасць, якая на іх ускладзена. Яны не павінны быць бюракратамі. Так, ад бюракратычных момантаў нікуды не дзецца. Але за любой паперкай трэба бачыць чалавека. Гэта асноўная «мерка» для любога чыноўніка.

— Вас упершыню выбралі дэпутатам, а затым і старшынёй абласнога Савета...

— Сапраўды, гэта мой першы досвед работы ў органе прадстаўнічай улады. Але не скажу, што прыйшлося моцна перабудоўвацца, паколькі, курыруючы сацыяльную сферу ў аблвыканкаме, цесна супрацоўнічаў з абласным Саветам дэпутатаў. Бо самы галоўны «пункт прыкладання сіл» і выканаўчай улады, і дэпутатаў — гэта нашы жыхары. І кожны на сваім працоўным месцы павінен усё рабіць для таго, каб людзі і на вёсцы, і ў горадзе жылі як мага лепей.

— Але для кагосьці, пэўна, такое размежаванне існуе. Маўляў, выканаўчая ўлада — гэта канкрэтныя рашэнні, справы, адказнасць за вынік, а прадстаўнічая — нешта агульнае, «размовы». Аднак менавіта па ініцыятыве абласнога Савета дэпутатаў нядаўна не проста чарговы раз абмеркавалі праблему пустуючых і старых дамоў, а выпрацавалі алгарытм дзеянняў для мясцовых органаў улады...

— Патрэбны не пустаслоўе, гаварыльня, а рэальныя рашэнні, каб іх выкананне дало пазітыўны эфект. Праводзячы сесію ці семінар, мы адышлі ад фармальнага заслухоўвання справаздач, калі збіраліся, слухалі адзін бок, галасавалі і разыходзіліся, а дзелавой, канструктыўнай размовы не атрымлівалася. У нас ужо стала правілам, што разам з асноўнымі дакладчыкамі выступаюць і судакладчыкі ў якасці апанентаў — праваахоўныя, кантральныя і іншыя органы, якія выказваюць свае заўвагі, прапановы. Гэта дазваляе ўсебакова абмеркаваць тую ці іншую праблему і прыняць рашэнні, якія дазволяць палепшыць работу ў гэтым кірунку.

Так зрабілі і ў дачыненні да Указа №100. Безумоўна, дакумент важны і своечасовы, але ўзнікае шэраг пытанняў, якія ўскладняюць працу па зносе старых дамоў, продажы і ўводзе ў гаспадарчы абарот пустуючых. Таму мы з улікам вопыту іншых рэгіёнаў (дзякуй калегам з Віцебскай, Магілёўскай і іншых абласцей) акумулявалі ўсё, што зроблена ў гэтай сферы, вызначылі «болевыя кропкі» і разам з юрыстамі, кіраўнікамі раённых Саветаў, сельвыканкамаў выпрацавалі адзіны алгарытм работы па рэалізацыі 100-га Указа. Цяпер гэтыя рэкамендацыі ёсць у распараджэнні кожнага раёна. Нядаўна мы сабралі інфармацыю з месцаў — якія яшчэ ёсць праблемныя моманты пасля прыняцця нашага алгарытму — і звярнуліся ў Савет Рэспублікі з канкрэтнымі прапановамі, каб яшчэ больш вынікова і эфектыўна працаваць з такімі дамамі. Гэта дапаможа навесці парадак на нашай зямлі.

— А ці ўдалося не «загаварыць» праблему распаўсюджвання наркатычных і псіхатропных рэчываў на нядаўнім выязным пасяджэнні прэзідыума і некалькіх пастаянных камісій абласнога Савета дэпутатаў у Ваўкавыску?

— Мы зрабілі акцэнт менавіта на маладзёжным асяроддзі. Мне спадабалася неабыякавасць усіх дзяржаўных органаў, дэпутатаў да гэтай тэмы, шчырае імкненне засцерагчы нашу моладзь ад наркатычнай заразы. Прааналізавалі, што робіцца ў вобласці па гэтай вострай праблеме, у тым ліку і дэпутатамі, прадстаўнікі пракуратуры звярнулі ўвагу на нашы пралікі. Сумесна выпрацавалі рашэнне, якое павінны выконваць усе зацікаўленыя структуры.

Вяртаючыся да тэмы навядзення парадку на зямлі, адзначу дзейснасць відэаканферэнцый, якія мы рэгулярна праводзім разам з аблвыканкамам. Створаны рабочыя групы з удзелам усіх зацікаўленых службаў — выяўляем існуючыя праблемы, а потым прымаем канкрэтныя рашэнні. Каб усё на Гродзеншчыне было дагледжана.

— Аднак ці спаўна пры гэтым выкарыстоўваецца патэнцыял мясцовага самакіравання? На «прамую лінію» ў аблвыканкам нядаўна патэлефанаваў жыхар аднаго пасёлка, абураны захламленасцю тэрыторыі каля Дома быту. Але ж смецяць не прыезджыя. І чаму ніхто не праявіць там ініцыятыву, каб навесці парадак самім?

— А вось іншы прыклад грамадскага самакіравання. Тэрыторыя каля аднаго з гродзенскіх шматпавярховікаў па ініцыятыве неабыякавага чалавека, старшага па доме, якога падтрымалі суседзі, літаральна за паўтара года пераўтварылася ў сапраўдны аазіс: дрэвы, кусты, клумбы... Там не трэба спецыяльна аб'яўляць суботнік. Прыходзяць пасля работы — за рыдлёўкі і наводзяць парадак. Яны гэтым і сваіх дзяцей выхоўваюць.

Альбо яшчэ «карцінкі з натуры». Людзі атрымалі сацыяльнае жыллё, але праз год-два ў пад'ездзе сцены ўжо абабітыя, ліфт размаляваны. А ў старым мікрараёне, у пад'ездзе «хрушчоўкі» — чыста, утульна, кветкі...

Вось ён, чалавечы фактар! Так, ёсць прыклады, вартыя пераймання. Але ў большасці людзі, на жаль, прызвычаіліся, што за іх усё зробіць нейкі дзядзька. Зламалі лаўку каля пад'езда — вінаваты ледзь не мэр горада.

— Сярод выбаршчыкаў бытуе меркаванне: мы галасуем, але што ад нас залежыць?

— Кожны павінен разумець, што і ад яго пазіцыі залежыць парадак у яго доме, раёне, вобласці, у краіне ў цэлым. Пакуль гэтая, так бы мовіць, грамадская самасвядомасць толькі развіваецца. Але я ўпэўнены, што ўсё роўна, рана ці позна, грамадская ініцыятыва будзе адыгрываць значна большую ролю ў працэсах самакіравання. І калі ў нас у кожным населеным пункце будуць сапраўдныя гаспадары, то не спатрэбяцца і вышэйзгаданыя відэаканферэнцыі, і нейкія камісіі.

Неабыякавасць да агульнай справы павінна быць, зразумела, і ў працоўных калектывах. Літаральна сёння я сустракаўся са сваімі выбаршчыкамі ў Бераставіцкім раёне, пабываў у СВК «Алекшыцы». Жывёлагадоўчы комплекс там не новы, але ўсё чыста, дагледжана — на тэрыторыі бардзюры пабелены, кветкі. Ёсць душавыя для работнікаў, сталовая — як добрая кавярня. Гаспадарка стабільна развіваецца, грошай у дзяржавы не просіць, людзі атрымліваюць добрую зарплату і ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Дабудоўваюць два жылыя дамы, няма праблем са спецыялістамі.

Такіх прыкладаў, калі кіраўніцкі талент падмацоўваецца пачуццём адказнасці за працоўны калектыў як за сваю сям'ю, на Гродзеншчыне нямала. Але, чаго граху таіць, бывае і інакш, у тым ліку сярод кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Адзін раз даўгі даравалі, другі — і некаторыя ўжо прызвычаіліся: давай будзем браць, а эканоміка — потым. І нашы падыходы, органаў улады, пры ацэнцы работы кіраўніка СВК часам таксама былі памылковымі. Мы бачылі, што чалавек будуецца, і «пляскалі ў ладкі». Але потым прыходзіў час разлічвацца па крэдытах. І ўжо новы кіраўнік за галаву браўся: дзе ўзяць грошы, бо штомесячнай выручкі не хапае на пагашэнне крэдытных рэсурсаў? Гаспадарка трапляла ў эканамічнае «балота». Бо ў кіраўніка не было перажывання і адказнасці за людзей, якія за ім стаяць, а толькі жаданне любой цаной паказаць сябе. Але любая цана не патрэбна — трэба кіраваць эфектыўна.

— На Гродзеншчыне першымі ў краіне стварылі абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Ці будзе ад яе карысць? Ці можа гэтая асацыяцыя стаць сапраўды «рухавіком» грамадскага самакіравання?

— Можа. Асноўная «фішка» ў чым? Больш даверу, больш паўнамоцтваў менавіта на ўзроўні мясцовага самакіравання. Напрыклад, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, дэпутат абласнога Савета Андрэй Кароль нядаўна пабываў у Туле, дзе прадстаўляў на сустрэчах і ўніверсітэт, і нашу асацыяцыю. Такім чынам можна абмяркоўваць праблемы, што хвалююць не толькі асобныя ўстановы, арганізацыі, а ўвесь рэгіён. Паўнамоцнаму прадстаўніку асацыяцыі могуць даваць даручэнні іншыя яе члены: дапусцім, прапрацаваць пытанне аб супрацоўніцтве з сельскай тэрытарыяльнай адзінкай іншай краіны. Альбо заключыць дагавор з падобнай асацыяцыяй у замежжы дзеля рэалізацыі сумесных трансгранічных праектаў. На Гродзеншчыне, дарэчы, ужо нямала прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ў сферы адукацыі, аховы здароўя, турызму, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнага будаўніцтва.

— На апошняй сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў абвясцілі аб пачатку акцыі «З удзячнасцю пераможцам»...

— Яна праводзіцца сумесна асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў і нашым маладзёжным парламентам, акцыю падтрымалі БРСМ, «Белая Русь», ветэранская арганізацыя. Наведаем напярэдадні свята Вялікай Перамогі ўсіх нашых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Павіншуем іх, уручым падарункі, маладыя валанцёры дапамогуць па гаспадарцы. Можа, з'явяцца пытанні па сацыяльным, медыцынскім забеспячэнні. Пры гэтым асабліва важна, каб не засталіся абдзеленымі ўвагай тыя ветэраны, якія не змогуць па стане здароўя ўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах на плошчах і ў клубах, на сустрэчах у органах улады.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.