Вы тут

Дарагая «бронза»


Тры бронзавыя медалі і тры падзячныя водгукі заваявалі беларускія школьніцы на ІV Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат, якая прайшла ў Мінску.

Медальную скарбонку нашай краіны папоўнілі Дзіяна Фаміна з Ліцэя БДУ, Кацярына Кунц з сярэдняй школы №2 г. Ашмяны і Лізавета Манжуліна з гімназіі №41 г.Мінска.

Усяго ўдзел у алімпіядзе прымалі 109 дзяўчат з 30 краін. Акрамя прадстаўніц Еўропы, да спаборніцтваў далучыліся таксама школьніцы з Японіі, Індыі, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Туніса і ЗША. Непасрэдна матэматычныя спаборніцтвы праходзілі два дні: у першы дзень удзельніцы рашалі тры задачы і тры задачы — у другі дзень. На рашэнне кожнага камплекта дзяўчатам выдзялялася 4,5 гадзіны. Максімум, які можна было атрымаць за рашэнне адной задачы, складаў 7 балаў. У гэтым годзе за 26 балаў і больш можна было атрымаць залаты медаль, за 20—25 балаў давалі «серабро» і за 11—19 балаў — «бронзу».
А падзячным водгукам былі адзначаны ўдзельніцы, якія засталіся без медаля, але хаця б за адну задачу яны атрымалі «сямёрку».

Найлепшы вынік на алімпіядзе прадэманстравала прадстаўніца ЗША Даніэль Ванг, якая набрала 42 балы — за ўсе задачы яна атрымала максімальныя 7 балаў. У гісторыі гэтай алімпіяды такога яшчэ не было! Фаварытамі алімпіяды сталі і ўдзельніцы з Украіны. Тры дзяўчыны атрымалі залатыя медалі, яшчэ адна заваявала «серабро». Такі выдатны вынік дазволіў камандзе ўзняцца на першую прыступку ў агульнакамандным заліку і атрымаць пераходны прыз — талерку, на якой выгравіравана назва краіны-пераможцы.

Дарэчы, два гады таму такую ж талерку прывезлі на радзіму з Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды беларускія дзяўчаты, якія перамаглі ў камандным першынстве. Але і тры бронзавыя медалі , заваяваныя сёлета, -- вельмі добры вынік, улічваючы тую акалічнасць, што большасць беларускіх удзельніц яшчэ вучацца ў дзясятым класе і ніхто з іх не меў вопыту ўдзелу ў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах.

Ужо вядома, што V Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат пройдзе ў Румыніі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.