Вы тут

Літры і рублі


Распачаўся сезон актыўнага збору малака ад насельніцтва

Падчас адной з апошніх «прамых ліній» з губернатарам Брэстчыны былі тэлефонныя звароты ад вяскоўцаў наконт збору малака ад насельніцкага статка. Вяскоўцы, занепакоеныя чуткамі пра спыненне кампаніі па збору малака з 1 красавіка, дазваніліся да кіраўніка вобласці. Званок паступіў з Маларыцкага раёна. Як высветлілася, прыкладна ў той жа час чуткі дасягнулі і Бярозаўскага раёна — падобныя пытанні атрымлівалі спецыялісты Бярозаўскага сыраробнага камбіната. На шчасце, чуткі аказаліся, мякка кажучы, перабольшанымі. І з пачаткам новага сезона збор малака прадоўжыўся ў ранейшым рэжыме.

29-35

У Сігневіцкім сельсавеце Бярозаўскага раёна самы вялікі прыватны статак у раёне — каля 150 кароў. Старшыня сельвыканкама Алена ЛУЦКЕВІЧ расказала, што ў склад сельсавета цяпер, пасля аптымізацыі тэрыторый, уваходзіць 20 населеных пунктаў. У аграгарадку Рэвяцічы на падворках гаспадары ўтрымліваюць каля 30 кароў, а ў аграгарадку Марэвіль іх засталося ўсяго дзве. У большасці вёсак прыватны статак складаюць пяць-сем галоў буйной рагатай жывёлы. Вядома, у такіх умовах ажыццяўляць збор малака няпроста. Зборшчыкам даводзіцца штодзень аб'язджаць значныя тэрыторыі. Ужо пяць гадоў гэту работу арганізоўвае і ажыццяўляе Бярозаўскі сыраробны камбінат.

— Прадпрыемства наймае малаказборшчыкаў, — расказвае Алена Станіславаўна, — кожны ранак яны забіраюць малако ў сваіх населеных пунктах, асобныя вёскі аб'язджае малакавоз камбіната. Разлік са здатчыкамі вядзецца праз аддзяленні банка і паштовыя аддзяленні. На кожнага кліента адкрыты асобны рахунак, два разы на месяц гаспадары атрымліваюць грошы. Гэтая сістэма адпрацаваная і дзейнічае даволі зладжана. Функцыі мясцовай улады заключаюцца ў спрыянні развіццю падсобнай гаспадаркі, а таксама тлумачальнай і выхаваўчай рабоце з насельніцтвам.

Як паказвае практыка, асабліва шмат праблем узнікае летам, у сезон вялікага малака, — з тлустасцю. Даводзіцца зноў і зноў браць пробы, прыцягваць спецыялістаў, тлумачыць, што гэты паказчык вельмі рухомы, тлустасць можа мяняцца пад уплывам засушлівага альбо вільготнага надвор'я, іншых знешніх фактараў.

Пад кантролем сельвыканкама таксама вядзецца санітарны, ветэрынарны нагляд за прыватным статкам. Цяпер кожная карова гаспадара атрымлівае бірку-нумар, якая мацуецца да вуха, як гэта практыкуюць у грамадскім сектары. Апошняе робіцца для таго, каб у выпадку планавага забору крыві на аналіз хутка вызначыць прыналежнасць хворай каровы і недапусціць здачы малака, пакуль жывёліна не паправіцца альбо яе не выбракуюць.

З нарыхтоўкай кармоў для ўласнай жывёлы гаспадары сельсавета даўно праблем не маюць. Сена нарыхтоўвае гаспадарка, гатовыя цюкі прывозяць кожнаму на падворак згодна з папярэдняй заяўкай. Участкі для выпасу жывёлы таксама адводзяць сельгаспрадпрыемствы, якія і падкошваюць, і падкормліваюць пашу.

Такая практыка, дарэчы, склалася ва ўсім раёне, што падкрэсліла ў размове з карэспандэнтам «МС» старшыня Малецкага сельскага Савета Людміла САЛАМЯНЮК. Людміла Аляксееўна згадала, як адзін час ставілася пытанне, каб гаспадары за свой кошт даглядалі пашу. Але сельгаспрадпрыемствы ўрэшце пайшлі насустрач вяскоўцам. Для гаспадарак гэта зусім невялікія расходы.

Загадчык сыравіннага аддзела Бярозаўскага сыраробнага камбіната Уладзімір КАЛЕНІК прывёў такія лічбы: з грамадскага сектара раёна камбінат збірае ў дзень прыкладна 600 тон малака, а з прыватнага — 6 тон. Ды і якасць сыравіны, якую здае насельніцтва, дазваляе выкарыстоўваць яе найбольш на выраб казеіну. А вось затраты па зборы і транспартаванні гэтага малака значныя. Таму прадпрыемства нарыхтоўку сыравіны з прыватнага сектара разглядае як сваю сацыяльную праграму.

Камбінат наймае малаказборшчыкаў, лабарантаў, забяспечвае іх спецадзеннем, посудам, абсталяваннем, утрымлівае на сваім балансе гужавы транспарт, якім зборшчыкі аб'язджаюць вёскі. Распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па заахвочванні гэтых работнікаў, паміж імі праводзіцца конкурс, па выніках якога выплачваюцца прэміі.

Уладзімір Юльянавіч лічыць, што хоць закуп малака ў насельніцтва — клапотная справа, але яна таго вартая, бо ўсе цяперашнія гараджане, у большасці сваёй выхадцы з вёсак, застаюцца ў пэўным даўгу перад вяскоўцамі. І сельскіх жыхароў трэба падтрымліваць. Асабліва тых, хто не баіцца працы і трымае на сваім падворку кароўку.

— Карова ва ўсе часы сябе апраўдвала, — разважае Уладзімір Каленік. — І цяпер, хоць закупачныя цэны не вельмі высокія, тыя, хто рэгулярна здае малако, атрымліваюць добрую падмогу ў сямейны бюджэт. А сыравінная зона нашага прадпрыемства ўвесь час пашыраецца. Сёння мы збіраем малако не толькі са свайго раёна, але і з вёсак Іванаўскага, Івацэвіцкага раёнаў, дзе ёсць нашы філіялы. Работу з насельніцтвам маем намер працягваць і далей, — падсумаваў загадчык аддзела перапрацоўчага прадпрыемства.

-Усе мае суразмоўцы ў адзін голас адзначалі галоўную праблему падсобнай гаспадаркі — кароў з кожным годам становіцца менш. У адным з аграгарадкоў нарадзіўся такі амаль што анекдот: карову цяпер трымае той, хто лянуецца хадзіць у краму па малако. Свежае малако ў сучаснай упакоўцы з мясцовага сыраробнага камбіната дастаўляецца ў гандлёвыя пункты кожнай вёскі.

Колькі б мы ні гаварылі пра крызіс, змяншэнне колькасці кароў у прыватных падсобных гаспадарках сведчыць пра рост дабрабыту сельскага насельніцтва ў цэлым, — гаворыць старшыня Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай ЧЫЖ. — У людзей з'явілася магчымасць набываць прадукты харчавання за зарплату. Тым большай павагі і падтрымкі заслугоўваюць тыя, хто займаецца ўтрыманнем буйной рагатай жывёлы. Лічу, што ў нашым раёне для гэтага ўмовы ёсць.

Паводле слоў Мікалая Чыжа, на фоне агульнага памяншэння прыватнага статка ёсць асобныя гаспадары, якія і цяпер набываюць кароў. Прыкладам можа паслужыць сям'я старшыні сельвыканкама з Міжлесся. Яго жонка працуе на асноўнай рабоце ў рэжыме суткі праз трое. Жанчына адважылася завесці ў гаспадарцы аж тры каровы. І ўлетку, расказвала яна, за малако атрымлівае ў тры разы больш грошай, чым складае яе заробак.

Прыкладна гэтак жа разважаюць гаспадары з Нарутавіч, якія летась здавалі па 4800 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову. Паказчык параўнальны з гадавым удоем рэнтабельнай гаспадаркі.

Бярозаўскі раён.

 Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.