Вы тут

Нераўнадушныя людзі


Удзелу грамадзян у мясцовым развіцці і вырашэнні праблем сваіх рэгіёнаў сёння надаецца вялікая ўвага. Але, як той казаў, няма мяжы дасканаласці. Як актывізаваць працэс, дасягнуць больш значных вынікаў, падзяліліся пераможцы конкурсу міні-грантаў Асацыяцыі агенцтваў мясцовай дэмакратыі. Конкурс праводзіўся ў нашай краіне ў межах праекта «Тандэм-ІІ». Усяго было пададзена 67 заявак, прайшло адбор 15. У выніку рэалізавана 12 праектаў, накіраваных на забеспячэнне ўстойлівага развіцця тэрыторыі. Гэтыя праекты можна ўмоўна падзяліць на маладзёжныя, экалагічныя, сацыяльныя, турыстычныя. Кожны з іх па-свойму цікавы, неардынарны. І займаліся імі вельмі неабыякавыя людзі сумесна з органамі мясцовага кіравання і самакіравання. У выніку больш прывабнымі і добраўпарадкаванымі сталі нашы населеныя пункты, а галоўнае, больш ініцыятыўнымі і дзейнымі — самі жыхары.

Слаўгарадскія сыравары

Агульнавядома, што нашы продкі былі здольнымі сыраробамі, але паступова гэтае рамяство забылася. І толькі апошнім часам у краіне спрабуюць яго аднавіць і развіць. Пацвярджэнне таму — сырныя фестывалі, што праводзяцца ў Беларусі. Цікавасць да сыраробства праяўляюць і на слаўгарадскай зямлі. А натхніла на добрую справу сваіх землякоў каардынатар праекта «Зробім фестываль разам» Галіна Таран.

— Напачатку мы стварылі арганізацыйны камітэт, правялі семінары, трэнінгі, майстар-класы для мясцовых сыравараў і нават наведалі іншыя рэгіёны, дзе ўжо ладзіліся такія святы,— расказала Галіна Таран. — Акрамя таго, аказалі матэрыяльную дапамогу людзям, якія займаюцца малочнай вытворчасцю і вырабам сыроў у хатніх умовах. У прыватнасці, за кошт праекта закупілі 4 маслабойкі, 4 сепаратары, 2 халадзільныя сумкі для захоўвання гатовай прадукцыі, а за сродкі фонду развіцця мясцовых тэрыторый набылі некалькі кароў для прыватных гаспадарак.

Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў Слаўгарадзе зладзілі фестываль народных промыслаў «Гаспадарскі сыр — 2014», на які прыехала шмат гасцей з іншых раёнаў краіны. Дарэчы, пачыналі ў раёне з малога, а цяпер асартымент сыроў налічвае амаль 50 відаў. Прадукт слаўгарадскіх умельцаў можна пазнаць па адметнай упакоўцы. Уся прадукцыя сертыфікавана.

Кутарскі фэст

У Ашмянскім раёне таксама знайшліся энтузіясты, якія на тэрыторыі Кальчунскага сельсавета на працягу мінулага года рэалізавалі цікавы праект «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў: культура кіравання тэрыторыяй». Ініцыятыва належала групе мясцовых грамадскіх актывістаў на чале з бібліятэкаркай і вельмі неабыякавай жанчынай Аленай Шкелдай. Перш за ўсё яны мелі на мэце адкрыць сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, прыцягнуць грамадзян да вырашэння пытанняў мясцовага жыцця праз сацыяльна значныя мерапрыемствы.

— Адна справа, калі робіш мерапрыемства сваім актывам, і зусім іншая, калі трэба задзейнічаць у ім практычна ўсё насельніцтва, як на гэты раз, — распавяла прысутным начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Галіна Баліцкая. — Самае складанае было арганізаваць конкурсы, якія задумалі, а іх было тры. Адзін з іх назвалі «Добрая справа». Старшыня сельвыканкама разам са старастамі паехалі па вёсках, каб выслухаць прапановы людзей аб тым, што ў першую чаргу трэба зрабіць. У выніку спыніліся на трох. Талакой пасадзілі яблыневы сад — 60 маладых дрэўцаў, адрамантавалі стары мост цераз рэчку, што звязваў паміж сабой два населеныя пункты, у адным з аграгарадкоў зрабілі каля школы дзіцячую пляцоўку.

Шмат уласнікаў падворкаў з аддаленых вёсак раёна прынялі ўдзел у конкурсе «Лепшы гаспадар». І яны даказалі, што дбайныя гаспадары неабавязкова павінны жыць у аргагарадках, на цэнтральных сядзібах.

Трэці конкурс — дзіцячы, творчы «Родны кут». Ён атрымаўся самы шматлікі, але, на жаль, не змог задзейнічаць усіх ахвотных: вельмі шмат таленавітых і адораных дзяцей на Ашмяншчыне.

— Для сацыяльна-інфармацыйнага цэнтра на базе Кальчунскай сельскай бібліятэкі мы закупілі неабходнае абсталяванне, у тым ліку веласіпеды. У выніку ў нас з'явіліся дзеці-валанцёры, якія з задавальненнем абслугоўваюць пажылых людзей у аддаленых населеных пунктах, дапамагаюць ім па гаспадарцы, прывозяць кнігі і нават вымяраюць ціск, — адзначыла Галіна Баліцкая.

Фіналам праекта стаў фестываль народнай культуры «Кутарскі фэст». Паўдзельнічаць у ім было столькі ахвотнікаў, што старасты арганізавалі падвоз жыхароў у райцэнтр. Мерапрыемства аб'яднала людзей, паказала, што ў раёне шмат творчых асоб, сапраўдных майстроў у розных напрамках народнай творчасці.

«Так!» — веласіпеднаму руху

Кіраўнік праекта «Ад ідэі кожнага да ўстойлівага развіцця ўсяго рэгіёна» Таццяна Цітуленка ўжо прызнана «чалавекам года» ў Вілейскім раёне. Дадам, што такога гонару, мабыць, упершыню ўдастоена жанчына, якая займаецца менавіта грамадскай дзейнасцю. І яна цалкам заслужыла такі «тытул»: вельмі адданы свайму краю чалавек, усёй душой дбае аб яго дабрабыце.

— Мы называем Вілейку горадам — смарагдам, у якога корань «мара». Здарылася так, што ў гэтым горадзе тры гады таму сабраліся тры ініцыятыўныя чалавекі, якім трэба было больш, чым астатнім. І яны вырашылі аб'яднацца і працаваць на дабрабыт свайго краю, — распачала Таццяна Цітуленка. — І назвалі гэтую трайню «Зовік»: заядлыя аптымісты Вілейшчыны. Афіцыйна ж мы называемся так: грамадскае аб'яднанне па садзейнічанні развіццю Вілейскага рэгіёна «Зовік». Але цяпер мы пазіцыянуем сябе як «заядлыя аптымісты Сусвету». У нас ёсць свой гімн і свая форма. Калі сталі арганізацыяй, то зразумелі, што ёсць такія ж аптымісты, як і мы, але ж з грашыма, і сталі шукаць фінансавай падтрымкі. Пэўны час на нашы звароты ніхто не адгукаўся. Мы не здаваліся.

Сэнс праекта, як адзначыла яго кіраўнік, у арганізацыі веласіпеднага маршруту і велапрабегу, што і было зроблена. На гэтым можна было б спыніцца, але, як аказалася, «Зовік» сталі заўважаць, падтрымліваць. Удзельнікі праекта распрацавалі яшчэ адзін маршрут, які меў на мэце навучыць насельніцтва культуры асобнага збору смецця. Цяпер рэалізуецца праект «ПДД, або «Так!» веласіпеднаму руху». У яго межах вызначылі месца для першай у горадзе веласіпеднай паркоўкі, наладзілі добрыя стасункі з мясцовымі «даішнікамі», правялі з імі сумесную акцыю на ажыўленых вуліцах горада па ўручэнні веласіпедыстам невялікіх падарункаў.

Абараняць і абараняцца

Пухавіцкая раённая арганізацыя абароны правоў спажыўцоў — адна са старэйшых у краіне, ёй хутка 20 гадоў.

— Мы ажыццявілі праект «Адвакацыя абароны спажыўцоў у г. Мар'іна Горка і Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці», — падзяліўся з калегамі яго кіраўнік Васіль Валасюк. — Мелі на мэце павысіць узровень спажывецкіх ведаў, навучыць людзей юрыдычна правільна афармляць дагаворы на аказанне работ і паслуг, прэтэнзіі да тых, хто робіць гэта няякасна.

Для гэтага ладзіліся выязныя грамадскія прыёмныя ў населеных пунктах раёна, «круглыя сталы», семінары-практыкумы і кансультацыі.

За год на «гарачую лінію» арганізацыі паступіла 508 званкоў, 48 заяўнікаў прыняў юрыст, па 50 справах былі падрыхтаваны судовыя іскі, а 98 спраў разгледжаны ў дасудовым парадку.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.