Вы тут

У глыбінку...


У Лёзненскі раён я прыехаў напярэдадні юбілею Дня Перамогі. Вядома, тут, як і паўсюль у краіне, актыўна рыхтаваліся, каб усе воінскія пахаванні, стэлы і абеліскі былі ў ідэальным стане.

На тэрыторыі раёна больш за 20 воінскіх пахаванняў, у тым ліку — адзінае ў Беларусі — афіцэрскае. Шмат чырвонаармейцаў забілі на Лёзненшчыне, бо фронт стаяў тут каля дзевяці месяцаў. Многа і адзіночных магіл. Як і ў іншых рэгіёнах, праводзіцца работа па перапахаванні.

— Гэтым займаліся і да нас, пачынаючы з 1950-х гадоў, — распавядае старшыня Лёзненскага сельскага выканкама Святлана ПУКАВА. — Мы праводзім не толькі працу па добраўпарадкаванні месцаў, дзе чырвонаармейцы знайшлі вечны спачын. Паралельна займаемся пошукавай дзейнасцю. У прыватнасці, удакладняем, вывяраем спісы пахаваных. Ёсць і «двайныя» пахаванні, калі ў розных месцах на абелісках імёны і прозвішчы адных і тых жа людзей. Сваякі і нашчадкі герояў вайны тэлефануюць у сельвыканкам здалёк: з Украіны, Расіі і нават далёкага замежжа. Просяць удакладніць, дзе месца, у якім навечна застаўся іх брат, бацька, дзядзька... У ліку іншых патэлефанаваў і намеснік губернатара Томскай вобласці па пытаннях бяспекі, генерал-маёр юстыцыі Вячаслаў Канстанцінавіч Сяменчанка. Яго цётка, якой за 70 гадоў, знайшла ў інтэрнэце ў адпаведнай базе звестак інфармацыю пра свайго брата. 

[caption id="attachment_81573" align="alignnone" width="277"]Мемарыял у Лёзне Мемарыял у Лёзне[/caption]

Дапамогу ў добраўпарадкаванні аказваюць энтузіясты. Напрыклад, супрацоўнікі раённага аддзела МНС бясплатна дэмантуюць старыя помнікі, а райвыканкама — вывяраюць спісы. Школьнікі таксама збіраюць звесткі і дапамагаюць дарослым наводзіць парадак на воінскіх пахаваннях.

У сельвыканкаме падкрэслілі, што вялікую дапамогу — і не толькі ў добраўпарадкаванні мемарыялаў, помнікаў і абе-
ліскаў — аказваюць работнікі УП ЖКГ. Кіраўнік прадпрыемства патроху адраджае і былую панскую сядзібу, у якой будзе свая, як цяпер модна гаварыць, «фішка».

Віктар Пятровіч Грыбаў — адзін з тых, каго пацягнула ў родныя месцы. Ён не проста хоча, каб вёска адраджалася, але і шмат чаго зрабіў для гэтага.

— Я тут нарадзіўся, — распавядае дырэктар Лёзненскага УП ЖКГ Віктар Пятровіч ГРЫБАЎ. — У 28 гадоў пачаў кіраваць сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Для мяне словы кіраўніка дзяржавы пра адраджэнне вёскі вельмі блізкія. Паверце, не для піяру гэта кажу. Шмат чаго дабіўся ў жыцці: дзве вышэйшыя адукацыі (ветэрынарная акадэмія і акадэмія пры Прэзідэнце. — Аўт.), працаваў у сталіцы — на прадпрыемстве, якое займаецца азеляненнем. Кватэра ў Мінску, дарэчы, па-ранейшаму за мной. Дзеці выраслі — у Мінску жывуць, я ўжо двойчы дзед (смяецца.)... Калі вы не нарадзіліся ў вёсцы, наўрад ці зразумееце чаму я вярнуўся сюды. Здзівіў, дарэчы, многіх знаёмых. Яшчэ з дзяцінства памятаю родныя мясціны і не стамляюся дзівіцца прыгажосці... Тут сёння дом здымаю, пакуль свой не дабудаваў. 

Ён мне паказаў месца, дзе будзе жыць — на ускраіне аграгарадка Адаменкі. Калісьці тут знаходзілася панская сядзіба. Каб трапіць у будынак, трэба па мосціку прайсці.

— Гэта не я прыдумаў. Так было і пры пане. Абавязкова неяк прыдумаю, як «мост» зрабіць «пад даўніну». У доме, думаю, буду прымаць гасцей. Але хачу не проста займацца агратурызмам, а зрабіць былую панскую сядзібу гасцявым домам для творчай інтэлігенцыі. Каб мастакі і пісьменнікі, паэты натхняліся і тварылі. Вось, глядзіце направа, — там сцежка, па якой Шагал хадзіў. І, магчыма, менавіта тут ён напісаў свае першыя палотны. Ён жа адпачываў часта ў сваякоў, якія жылі ў Лёзне, — распавядае суразмоўца.

Калі разам прыехалі да тэрыторыі воінскага мемарыяла ў Лёзне, там кіпела праца. У прыватнасці, тынкоўшчык-маляр Валянціна Барысаўна Кісялёва працавала над абнаўленнем помніка вызваліцелям.

— Кажуць, няма ў глыбінцы добрых рабочых... Маўляў, у Расію ездзяць, а іншыя — злоўжываюць спіртным. Дык гэта няпраўда, — працягвае Віктар Грыбаў.

Ніколі не забудзе ён няпростую размову з людзьмі больш за два гады таму, калі ён толькі ўзначаліў прадпрыемства.

— У будынку школы кіраўнікі райвыканкама, службаў праводзілі сустрэчу з насельніцтвам. Бітком людзей. Адзін расказваў, што на галаву некалькі гадоў вада льецца і нікому да гэтага справы няма. Іншыя скардзіліся на прамярзанне сцен і ўсё астатняе... Тады мы стварылі пры прадпрыемстве рамонтна-будаўнічае ўпраўленне. У трох шматкватэрных дамах быў зроблены капітальны рамонт. У выніку скаргаў у Віцебск, Мінск на камунальнікаў стала значна менш. Дзе працавітых людзей знайшоў? Усе яны — тутэйшыя. І ведаюць, што за высокакваліфікаваную працу — адпаведная плата. У мяне ёсць рабочыя, якія і па 10 мільёнаў у месяц зарабляюць...

...А назаўтра камунальнікі і супрацоўнікі сельвыканкама збіраліся высаджваць парк на пустцы. Там таксама будзе прыгожы куточак глыбінкі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота аўтара.

Лёзненскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».