Вы тут

Футзал парадаваў балельшчыкаў


Чэмпіянат свету па футзале завяршыўся справядлівай перамогай зборнай Калумбіі. Карэспандэнт «Звязды» ўзгадвае самыя цікавыя моманты першынства.

Гэты чэмпіянат чакалі ў Мінску, Барысаве, Маладзечне, Пінску, Брэсце, як і любое іншае міжнароднае спаборніцтва, з хваляваннем. У нас ужо даўно прызвычаіліся рабіць нават з самага дробнага прыгожае і запамінальнае шоу. А таму зусім не дзіўна, што і гледачы, і самі спартсмены, традыцыйна ўражаныя шырынёй сталічных праспектаў і іх чысцінёй, атрымалі шмат прыемных эмоцый.

29-17

Калі казаць пра гледачоў, яны ў сталіцы пастаянна запаўнялі трыбуны і Палаца спорту, і «Мінск-Арэны», актыўна падтрымлівалі любыя каманды. Нават тыя, з кім раней сустракаліся беларусы. Крычалі, свісталі, дудзелі, як на вялікім футболе. Асаблівую атмасферу ствараў нахабны талісман Вожык, любімец публікі, які ў апошні дзень спаборніцтваў наогул знянацку напаў на нашага карэспандэнта і нацягнуў яму капюшон на галаву.

Беларусы засталіся без паўфіналу

Пазмагацца за медалі ў Мінск прыехалі 16 зборных, якіх падзялілі на 4 падгрупы. Былі і яўныя экзоты. Напрыклад, прыляцела да нас каманда з Кюрасаа, вострава ў Карыбскім моры, зборная Аўстраліі. Беларусы (між іншым, чэмпіёны Еўропы) трапілі ў кампанію да ўругвайцаў, бразільцаў і тых самых аўстралійцаў. Наш квартэт многія адразу назвалі групай смерці. Усё ж такі кампанія для дружыны Сяргея Сафонава падабралася сапраўды сур'ёзная. Беларусы пачалі выдатна. У першым матчы атрымалі валявую вікторыю над бразільцамі (2:1), пасля саступілі ўругвайцам (2:3) і перайгралі Аўстралію (2:1). У чвэрцьфінале нас чакалі парагвайцы, сярэбраныя прызёры мінулага чэмпіянату свету, якія ў выніку літаральна разнеслі нашых суайчыннікаў — 4:0. Розніца паміж еўрапейскім і найлепшымі ўзорамі паўднёваамерыканскага футзала пакуль вялікая, а таму не трэба вельмі здзіўляцца паражэнню беларусаў. Вока рэзаць можа толькі буйны лік. Пры гэтым нашы хлопцы мелі шмат шанцаў перайграць варатара зборнай Парагвая, але той у рамцы рабіў сапраўдныя подзвігі. Пасля фінальнага свістка Сяргей Сафонаў, галоўны трэнер нашай зборнай, наракаў на тое, што гульцы зрабілі шмат памылак, не здолелі ажыццявіць трэнерскую ўстаноўку. Між іншым, чатыры гады таму ў Калумбіі парагвайцы таксама не пусцілі беларусаў у паўфінал. Наша каманда ўжо 4 разы ўдзельнічала ў чвэрцьфіналах, але паўфінал пакуль з'яўляецца для нас недасяжнай вяршыняй. Будзем спадзявацца, на наступным чэмпіянаце беларусы патрапяць у чацвёрку мацнейшых.

Трыумф Паўднёвай Амерыкі

Каб зразумець, на якім кантыненце футзал з'яўляецца даволі папулярным відам спорту, паглядзіце на ўдзельнікаў паўфіналаў: Калумбія, Аргенціна, Парагвай і Бельгія. Пры гэтым бельгійцам, адным з лідараў еўрапейскага футзала, мацёрыя калумбійцы ўчынілі такі наганяй, што глядзець на гэтае відовішча было цяжка. Хацелася толькі, каб еўрапейцы хаця б адыгралі адзін мяч. Не атрымалася. Калумбійцы адправілі ў вароты саперніка шэсць мячоў.

Прагноз некаторых «спецыялістаў» аб тым, што фінал застанецца без увагі гледачоў, не спраўдзіўся. Балельшчыкі даволі шчыльна запоўнілі трыбуны «Мінск-Арэны». Агульную масу беларусаў на трыбунах разбавілі калумбійскія фаны, якія пераадолелі дзесяць тысяч кіламетраў, каб падтрымаць сваю каманду. Прысутнічалі на матчы і калумбійскія журналісты, на Калумбію вялася прамая трансляцыя. Ёсць адчуванне, што калумбійцы прадчувалі гэты поспех. Ён ім даўся ў складанай барацьбе, але лік 4:0 сведчыць пра сапраўды выдатны ўзровень гэтай каманды. Нездарма яны другі раз запар (трэці ў гісторыі) сталі самай лепшай футзальнай дружынай у свеце. Але радаваліся калумбійцы поспеху, як дзеці. Зладзілі сапраўдную камандную фотасесію са сцягамі, медалямі і кубкам пераможцаў. Прыемна, што ўзровень арганізацыі турніру адзначылі не толькі спартсмены, але і кіраўніцтва. Так, Раланда Аларкон Рыяс, прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі футзала, на афіцыйнай цырымоніі закрыцця прызнаўся, што 11-ы чэмпіянат свету ў Беларусі стаў найлепшым за ўсю гісторыю правядзення спаборніцтваў. Што не кажы, прыемна.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота БЕЛТА

 

Альф ДЖАКАБ, гулец зборнай Нарвегіі:

—У мяне засталіся вельмі добрыя ўражанні ад вашай краіны, ад добра арганізаванага чэмпіянату. І я шчаслівы ад таго, што наведаў Беларусь. Гэта выдатны вопыт для мяне. Мінск аказаўся вельмі прыгожым горадам з шырокімі вуліцамі, буйнейшым за мой Осла. Мы наведалі некалькі кавярняў і рэстаранаў, схадзілі ў адзін з касцёлаў. Але для мяне найбольш цікавым месцам у вашай сталіцы з'яўляецца «Мінск-Арэна». Вязу дадому футбольныя сувеніры і шалік, які атрымаў ад беларускіх фанатаў.

Джон ПІНІЛЬЯ, капітан зборнай Калумбіі:

— Ваша сталіца — гэта вельмі чысты горад.
І ў гэтым пытанні нам трэба браць з вас прыклад. Беларусь нас насамрэч вельмі ўразіла.

Выніковае становішча

1. Калумбія. 2. Парагвай. 3. Аргенціна. 4. Бельгія. 5. Уругвай. 6. Расія. 7. Беларусь. 8. Чэхія.
9. Марока. 10. Бразілія. 11. Венесуэла. 12. Славакія. 13. Нарвегія. 14. Кюрасаа. 15. Аўстралія. 16. Кыргызстан.

Лепшыя з лепшых

Найлепшым варатаром турніру прызналі калумбійца Оскара Гарсію. Лепшымі бамбардзірамі сталі адразу два гульцы — Дарыа Эрэра з Парагвая і ўругваец Марсіё Себасцьян. На рахунку футбалістаў па 10 забітых мячоў. Лепшым гульцом чэмпіянату прызналі капітана калумбійцаў Джона Пінілью па мянушцы «Маэстра», бадай, аднаго з самых лепшых сённяшніх футзалістаў свету.

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.