Вы тут

Сядзем на «Рабочай» ці паедзем «Старавіленскім шляхам»?


Прапануйце свае назвы для новых станцый метро

Камфортнасць жыцця ў горадзе залежыць ад многіх рэчаў, у тым ліку і ад назваў аб'ектаў. Калі яны прыгожа гучаць, выклікаюць станоўчыя эмоцыі ды яшчэ і нагадваюць жыхарам пра нейкія гістарычныя падзеі, становіцца прыемна знаходзіцца сярод іх. Успомніць хаця б вядомую песню, пры гучанні якой так і хочацца «прайсціся па Абрыкосавай, збочыць на Вінаградную»... І наадварот, камфорт зніжаецца, калі навокал — непрыгожыя, незразумелыя і недарэчныя назвы, што, на жаль, таксама здараецца. І вось з'явілася магчымасць палепшыць сталічную атмасферу: камісія па называнні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Мінска вынесла для азнаямлення гараджан прапановы па найменні дзвюх новых ліній Мінскага метрапалітэна. Пасля грамадскага абмеркавання гэтыя назвы будуць зацверджаны дэпутатамі Мінгарсавета. А пакуль кожны можа выказаць сваю думку: насіць новым станцыям гістарычныя назвы, адлюстраваць у іх савецкае мінулае ці надаць ультрасучаснае гучанне.

Плануецца, што трэцяя лінія метро будзе складацца з 14 пунктаў. Так, тут могуць з'явіцца станцыі «Прафсаюзная» (на скрыжаванні вуліц Заслаўскай, Мельнікайтэ і праспекта Пераможцаў, праектуецца пад назвай «Праспект Пераможцаў»), «Свіслач» (на скрыжаванні вуліцы Крапоткіна і праспекта Машэрава, працоўная назва «праспект Машэрава»), «Кірмаш» (на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай, пакуль што фігуруе як «Веры Харужай»). Станцыя, якая праектуецца пад працоўнай назвай «Плошча Бангалор» (на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Сурганава), можа ператварыцца ў «Парк Дружбы народаў»; «Мележа» (на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Халтурына) стане «Івaнa Мележа»; «Кальцова» (на скрыжаванні вуліц Шырокай і Усходняй) збіраюцца назваць «Зялёны Луг», а вось «3ялёны Луг» (на рагу Лагойскага тракта і вуліцы Гамарніка) стане «Лагойскай».

Чацвёртая лінія Мінскага метрапалітэна ўключыць у сябе 12 станцый. Пачнецца яна з «Чыжоўкі» (працоўная назва «Ташкенцкая», скрыжаванне вуліц Галадзеда і Ташкенцкай), з'явяцца тут «Азёрная» (працоўная назва «Серабранка», на перасячэнні вуліцы Малініна і праспекта Ракасоўскага), «Шэпічы» (у праекце — «Пляханава»). Станцыі з працоўнай назвай «Усходні» (на скрыжаванні вуліц Ванеева, Кашавога, Трасцянецкай і праспекта Ракасоўскага) могуць прысвоіць найменне «Серабранка», а «Даўгабродская» (на скрыжаванні вуліц Даўгабродскай, Кашавога і бульвара Трактарабудаўнікоў) можа захаваць сваю назву. «Уральскую» (на скрыжаванні вуліц Уральскай і Фролікава (ці Даўгабродскай) могуць назваць «Рабочая»; «Платонава» (на скрыжаванні вуліц Платонава і Акадэмічнай) даць найменне «Батанічны сад», а «Дом друку» (на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава можа стаць «Друкарскай». Плануецца, што будучая станцыя з працоўнай назвай «Парк Дружбы народаў» стане «Максіма Багдановіча», «Старавіленская» (на скрыжаванні Старавіленскага тракта і вуліцы Арлоўскай) будзе звацца «Старавіленскі шлях», «Манежную», што на праспекце Пераможцаў, назавуць «Вяснянка», а праектаваная «Мінск-Арэна» будзе называцца «Алімпійская» і стане канцавой на чацвёртай лініі.

Накіраваць свае прапановы наконт назваў станцый метро можна па адрасе: 220030, г. Мінск, праспект Незалежнасці, 6, для УП «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна», па факсе 200 97 81 або па e-maіl kupdsm@gmaіl.com

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Фота БЕЛТА

Што думаюць мінчане?

Павел ІВАНІЦКІ, інжынер-праекціроўшчык:

— Назва «Прафсаюзная» — прычым тут прафсаюз? Хіба што там знаходзіцца... Ну дык сёння ён там, заўтра ўстанова пераедзе ў іншы будынак. Можа, назва кшталту «Татарская Слабада» будзе больш пасаваць станцыі ў гэтым раёне. Замест назвы «Свіслач», на маю думку, лепей будзе «Старажоўка» ці «Царква Марыі Магдаліны». Сумніўная і назва «Кірмаш» — толькі на маёй памяці гандлёвы цэнтр «Кірмаш» — гэта другая ці нават трэцяя назва гэтага магазіна. «Парк Дружбы народаў», «Івана Мележа», «Зялёны Луг», «Лагойская» — падтрымліваю.

Што да чацвёртай лініі, то згодны амаль з усімі назвамі. Хіба што «Азёрная» — нейкая спрэчная... Хаця зразумела, што гаворка ідзе пра Чыжоўскае вадасховішча, але прапанаваная назва неяк не да канца характарызуе мясцовасць. Ці мала «азёрных» прыпынкаў можна нанесці на мапу горада? Замест «Максіма Багдановіча» я прапанаваў бы «Арлоўскую». Ну і «Рабочая»: калі гэта будзе скрыжаванне Уральскай і Даўгабродскай, то больш да месца будзе «Завод імя Казлова» ці «Электратэхнічны завод». Калі Уральская—Фролікава, тут прапаноў няма. Мо звярнуцца да гісторыкаў?

Ганна ІВАХНЕНКА, менеджар:

— Я лічу, што станцыі трэба называць гэтаксама, як і вуліцы — каб людзі не блыталіся. На трэцяй лініі я  пакінула б «Праспект Пераможцаў», «Свіслач», а вось назва «Кірмаш» мне зусім не падабаецца, тым больш «Кірмашоў» у Мінску некалькі. Нармальная назва «Парк Дружбы народаў». Замест «Зялёнага Луга» я прапанавала б «Электроніка», гледзячы ў якім месцы плануецца станцыя. «Лагойская» — цалкам лагічная назва для гэтага месца. Але, можа быць, гучыць лепш «Лагойскі тракт».

Кірыл СІНЮЦІЧ, супрацоўнік ДУ «Сталічны транспарт і сувязь»:

— «Прафсаюзная» — назва станцыі зусім не прывязана да мясцовасці, больш актуальна было б назваць яе ў гонар праспекта Пераможцаў ці парку Перамогі, ці нейкіх іншых аб'ектаў, якія, па сутнасці, з'яўляюцца тапонімамі. Ад станцыі «Свіслач» да Свіслачы будзе даволі далёка. У гонар ракі, што перасякае ўвесь горад, увогуле не павінна быць назвы станцыі. На мой погляд, ёй варта даць больш мілагучнае імя — Старажоўка (па старой назве раёна).
А назва «Кірмаш» у мяне і маіх знаёмых асацыюецца з гандлёвым цэнтрам на Паўднёвым Захадзе. Гэтую станцыю варта было б назваць «Камароўка», па назве мікрараёна. «Івана Мележа» — назва не карэктная для гэтай станцыі, бо выхаду непасрэдна да вуліцы Івана Мележа з яе не будзе. «Зялёны Луг» мяне задавальняе, альтэрнатыва — «Цнянскае вадасховішча». А вось «Азёрная» — неадэкватная назва, зноўку ж з-за адсутнасці прывязкі да канкрэтнага месца ў горадзе. Лепш было б «Серабранка» ці «Парк Грэкавай». Станцыю, якую плануюць назваць «Серабранка», на мой погляд, не варта так называць, бо яна знаходзіцца на ўскрайку раёна. Найбольш правільны, на маю думку, варыянт — назваць як-небудзь плошчу ля аўтавакзала і даць адпаведную назву станцыі. «Даўгабродская» — пойдзе, але я назваў бы станцыю «Бульвар трактарабудаўнікоў» ці «Алега Кашавога». «Рабочая» мне вельмі не падабаецца, бо зноўку зусім не прывязана да мясцовасці. Станцыю «Батанічны сад» лагічней было б назваць «Акадэмічная», бо ўваход у Батанічны сад будзе далёка ад яе. А замест «Максіма Багдановіча» лепей было б «Плошча Бангалор».
І «Алімпійскую» лепш назваць «Мінск-Арэна» альбо «Вяснянка», альбо «Нарачанская», альбо «Крупецкая», альбо «Праспект Пераможцаў».

Увогуле, гаварыць пра назвы станцый чацвёртай лініі, мне здаецца, зарана. Хто ведае, што дакладна будзе ля будучых станцый метро праз 10—20 гадоў, калі пабудуюць гэтую лінію? І ці будзе гэтая лінія ўвогуле?..

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.