Вы тут

Майстры падрыўной справы


Як працуюць беларускія выбухатэхнікі?

Лёс закінутых будынкаў не вельмі шчаслівы. Доўгі час яны стаяць і разбураюцца, пакуль не будзе прынята адно з двух рашэнняў: або перапрафіляваць аб'ект пад нешта іншае, або знесці, калі ён прыйшоў у непрыдатны стан. У апошнім выпадку ён пагражае абрушэннем. І ў такім разе на дапамогу прыходзяць спецыялісты выбуховатэхнічнай службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

29-24

Неяк даводзілася на свае вочы назіраць знос старой воданапорнай вежы ў адным з гарадоў. Старая канструкцыя ўжо даўно не выкарыстоўвалася па прызначэнні. Да таго ж збудаванне відавочна спарахнела. Спецыялісты выставілі ачапленне і нікога ў небяспечную зону не падпускалі. Тым часам ад будынка адышлі апошнія людзі. Мінула некалькі хвілін. Раптам у паветры раздаўся гук «Тр-рум». З-пад нізу вежы выбіўся слуп густога пылу. Канструкцыя ўздрыгнула і пачала асядаць, валячыся на бок. Раздаўся глухі стук удару. Праз некалькі хвілін на месцы, дзе раней стаяла вежа, засталіся толькі густы пыл і кучы смецця...

— Зусім хутка майму падраздзяленню споўніцца дваццаць гадоў, — расказвае начальнік Цэнтра выбуховатэхнічнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Аляксандр Кутасін. — 23 снежня 1995 года загадам Міністэрства ўнутраных спраў была створана выбуховая служба ў Рэспубліканскім спецыялізаваным атрадзе ваенізаванай пажарнай службы. Праз шэсць з паловай гадоў яе перакваліфікавала ў выбуховатэхнічную службу ўжо Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А ўжо на яе базе напрыканцы 2007 года быў створаны Цэнтр выбуховатэхнічнай службы.

Пры гэтым ва Украіне і Расіі аналагічныя структуры з'явіліся нават раней. У нас жа выбуховая служба стваралася для таго, каб аператыўна зносіць разнастайныя аварыйныя будынкі і папярэдзіць іх самастойнае абрушэнне, ад якога рызыкуюць пацярпець людзі і гаспадарка. Пасля знікнення з палітычнай карты свету Савецкага Саюза недабудаванымі па ўсёй краіне з-за імклівага скарачэння фінансавання засталіся многія аб'екты. І іх проста кінулі як ёсць, часта без якой-небудзь кансервацыі — нават і цяпер такіх будынкаў захавалася яшчэ даволі шмат. Яны пачалі прыходзіць у заняпад. Бетонныя, цагляныя і металічныя канструкцыі разбураліся пад адкрытым небам. Але многім будынкам «дапамагалі» ў гэтым не вельмі чыстыя на руку мясцовыя жыхары, якія раптам адкрылі для сябе крыніцы будаўнічых матэрыялаў, якія можна было здабыць фактычна «на халяву». Яны пачыналі разбіраць іх самавольна. Будынкі абрушваліся, гінулі людзі. Таксама ў 90-я гады пракацілася хваля злачынстваў, калі гвалтаўнікі і рабаўнікі зацягвалі сваіх ахвяр у закінутыя пабудовы. І трэба было з гэтым нешта рабіць...

29-23

Першая асацыяцыя, якая ўзнікае са словам «выбухатэхнік» — гэта ліквідацыя боепрыпасаў, якія засталіся ў нашай зямлі яшчэ з часоў вайны. Аднак думка гэта падманлівая. Пералік ведамстваў, якія займаюцца абясшкоджваннем «сюрпрызаў» з часоў вайны, быў ужо даволі даўно зацверджаны адпаведнай пастановай Савета Міністраў. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у яго не ўвайшло.

«Аварыйныя будынкі ў сталіцы пакуль не зносілі»

Існуюць два спосабы зносу аварыйных збудаванняў. Першы з іх — механічны, калі пабудову разбураюць спецыяльныя краны, бульдозеры, экскаватары... Але працэс гэты можа быць даволі доўгім, а з кожным днём выдаткі на знос толькі павялічваюцца. Могуць узнікаць і складанасці, напрыклад, пры працы на вышыні. Іншая справа — знос з дапамогай выбухоўкі, калі сам працэс рэзка паскараецца.

— З цягам часу склалася адна цікавая асаблівасць: падрыў старых і непатрэбных воданапорных вежаў, драбленне фундаменту ў Мінску — гэта ў нас было, а вось аварыйныя будынкі мы ў сталіцы пакуль не зносілі, — згадвае Аляксандр Кутасін. — Звязана гэта з тым, што ў мегаполісе пад зямлёй ідзе шмат камунікацый, трэба ўлічваць і наяўнасць ліній метро, а таксама даволі шчыльную забудову. Усё гэта могуць пашкодзіць сотні тон будаўнічага смецця, якія імгненна абвальваюцца на зямлю. Але калі сітуацыя пагражае жыццю і здароўю людзей, сістэмам жыццезабеспячэння і гаспадарчай дзейнасці, то супрацоўнікі выбуховатэхнічнай службы гатовы папярэдзіць пагрозу нават ва ўмовах вялікага горада.

Ад заяўкі да ліквідацыі — паўтара тыдня

Калі паступіла заяўка на знос аварыйнага збудавання, на месца тут жа адпраўляюцца спецыялісты выбуховатэхнічнай службы, каб ацаніць становішча і правесці поўную экспертызу аб'екта. Экспертам трэба вылічыць бяспечную адлегласць, бок, у які можна «класці» збудаванне, характар падрыву. Бяруцца звесткі аб дакладным памеры канструкцыі, будаўнічым матэрыяле і яго трываласці, даце пабудовы, вызначаецца працэнт састарэласці, таўшчыні сцен... Гэтыя акалічнасці можна пералічваць вельмі доўга. Урэшце ўся сабраная інфармацыя кладзецца ў аснову праекта зносу пабудовы, які выконваецца з дапамогай спецыялізаванай літаратуры. Праект узгадняецца з заказчыкам і Дзяржпрамнаглядам. І калі кансенсус, як той казаў, дасягнуты, то прызначаецца дзень, калі спецыяліст закладзе зарады ў патрэбныя месцы і прывядзе ў дзеянне выбуховую машынку.

— Ад моманту падачы заяўкі да ліквідацыі збудавання праходзіць няшмат часу: тыдзень-паўтара, — сцвярджае Аляксандр Кутасін. — Калі ж знесці канструкцыю трэба як мага хутчэй, мы гэта робім. Нашы спецыялісты, акрамя зносу будынкаў, якія пагражаюць бяспецы людзей, выконваюць і адпаведныя платныя паслугі па заяўках суб'ектаў гаспадарання. Робіцца гэта за грошы, якія напаўняюць фонд пазабюджэтнай дзейнасці і ідуць на далейшае ўдасканаленне не толькі выбуховатэхнічнай службы, але і іншых службаў МНС.

Заходняя Дзвіна сумаваць увесну не дае

Гісторыя цэнтра пачыналася з чатырох чалавек, якія адправіліся вучыцца выбуховай справе ў Санкт-Пецярбург. З цягам часу іх сіл пачало не хапаць. І адпаведныя выбуховатэхнічныя службы з'явіліся ўжо ў абласных упраўленнях — у Віцебску, Гомелі, Магілёве. На Міншчыне яна працуе ў Маладзечне. А вось на Брэстчыне майстры выбуховай справы дыслакуюцца ў Пінску. На тое было некалькі прычын. Па-першае, пэўная інфраструктура і кадры засталіся там яшчэ з савецкіх часоў, не трэба было ўсё ствараць з нуля. А па-другое, у задачы беларускіх выбухатэхнікаў уваходзіць не толькі знос старых будынкаў, але і падрывы лёду на рэках увесну. Напрыклад, на захадзе Палесся шмат рэк цякуць з Украіны і ўпадаюць у Прыпяць ужо ў Беларусі, дзе лёд сам па сабе разбурыцца своечасова не паспявае. Утвараецца ледзяны затор, вадзе дзявацца няма куды, і яна пачынае ісці на вёскі ды палі...

— Своеасаблівым індыкатарам для нас з'яўляецца Заходняя Дзвіна, асабліва ў раёне Дзісны і Верхнядзвінска, — гаворыць Аляксандр Кутасін. — Пры гэтым зазначу, што выбуховая тэхналогія абараняе масты і гідратэхнічныя збудаванні. Напрыклад, праз нашы рэкі перакінута шмат невялікіх, але важных драўляных масткоў, якія злучаюць населеныя пункты паабапал рэк, па якіх ездзіць сельскагаспадарчая тэхніка... І вялікая маса лёду пры крыгаходзе псуе гэтыя канструкцыі. Калі, вядома, яго своечасова не зламаць.
А вось вялікім жалезабетонным мастам гэтая з'ява не пагражае, бо на іх усталяваны спецыяльныя ледарэзы. Дзве вясны, на шчасце, прайшлі без паводак, але ж гэта пастаянна працягвацца не будзе. Тым не менш, выбуховатэхнічныя службы міністэрства былі гатовы да развіцця любой сітуацыі, звязанай з гэтай прыроднай з'явай.

***

Стаць майстрам выбуховай справы няпроста. Трэба мець тэхнічную спецыяльнасць, і пажадана будаўнічую. Людзі, якія займаюцца ліквідацыяй канструкцый, мусяць уяўляць, як яны ўзводзіліся і з якіх кампанен-
таў складаюцца. Будучых выбухатэхнікаў чакаюць спецыяльныя курсы і складаныя іспыты — ад іх ведаў будзе залежаць бяспека іншых людзей. Бо галоўны прынцып у ратаўнікоў — «не нашкодзь»...

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».