Вы тут

Гатоўнасць — № 1!


Набліжаецца Дзень Перамогі. Беларусы, ад малога да вялікага, рыхтуюцца да найлепшага свята краіны. Улады на месцах і шматлікія ведамствы, без перабольшання, — у гатоўнасці № 1. Менавіта ад іх залежыць, якім будзе свята.

Ядром мерапрыемстваў, якія пройдуць 9 мая, сёлета стане ваенны парад. Нагадаем, у ім прыме ўдзел больш чым 5 тысяч вайскоўцаў і каля 250 адзінак баявой тэхнікі. Перад трыбунамі пройдуць 19 пешых і 24 парадныя разлікі сучаснай ваеннай тэхнікі. У складзе паветранага эшалона ў неба над Мінскам узнімуцца 40 верталётаў і самалётаў, у тым ліку ад Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Завершыцца парад плац-канцэртам роты ганаровай варты і выступленнем зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл Беларусі. У тых, хто не прыйдзе на парад, ёсць магчымасць паназіраць за яго генеральнымі рэпетыцыямі, якія адбудуцца 4 — 6 мая каля стэлы «Мінск — горад-герой».

Да Дня Перамогі галоўнае ваеннае ведамства краіны рыхтавацца пачало загадзя. Па заказе Міністэрства абароны выраблена 77 тысяч юбілейных медалёў. Дарэчы, на 1 красавіка гэтага года ў Беларусі налічваецца 16 796 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 11 299 непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў.

— Практычна ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны ўжо ўзнагароджаны медалём у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — адзначыў прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір МАКАРАЎ. — Акрамя таго, гэтым медалём узнагароджваюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў і іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян і захаванне святой памяці аб Вялікай Перамозе.

Дзеля таго, каб свята прайшло без інцыдэнтаў, асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войск будзе пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Дзмітрый КУР'ЯН, колькасць кантрольна-прапускных пунктаў каля тэрыторыі правядзення парада павялічыцца на 30 % і складзе 136 КПП. «Акрамя таго, асобныя кантрольна-прапускныя пункты будуць арганізаваны для ветэранаў вайны, бацькоў з малымі дзецьмі, інвалідаў і цяжарных жанчын», — удакладніў падпалкоўнік міліцыі, дадаўшы, што ў месцах правядзення парада 9 мая будуць працаваць спецыяльныя камеры захоўвання.

Асноўнай святочнай гарадской пляцоўкай у Дзень Перамогі традыцыйна стане праспект Пераможцаў у раёне Палаца спорту. Канцэртная праграма «Квітнеючы май», а таксама выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці «Горад майстроў» будуць радаваць мінчан і гасцей сталіцы з 10.00 да 23.00. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Вялікай Перамогі, пройдуць у кожным раёне Мінска. Увогуле, толькі ў сталіцы адбудзецца каля 70 мерапрыемстваў.

Да Дня працы і Дня Перамогі па ўсёй рэспубліцы арганізуюць больш чым 500 святочных кірмашоў. Запланаваны мерапрыемствы, якія будуць суправаджацца ўручэннем падарункаў ветэранам, дыгустацыі, выстаўкі-продажы, распродаж з паніжэннем цэн ад 5% да 45%.

Традыцыйна свята скончыцца некалькімі дзясяткамі залпаў феерверку. Як запэўніваюць арганізатары, салют каля стэлы «Мінск — горад-герой» сёлета будзе па-асабліваму маляўнічым.

Вераніка КАНЮТА.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.