Вы тут

Гладыятар, які навучыўся быць трэнерам


Капітан беларускай зборнай Кубка Дэвіса, трэнер, муж і бацька, сапраўдны інтэлектуал, але пры гэтым сціплы і дружалюбны чалавек... У героя гэтага інтэрв'ю шмат абліччаў. Ён працаваў са спартсменамі неверагоднай велічыні, але вярнуўся ў родную краіну, каб зрабіць беларускі тэніс пазнавальным ва ўсім свеце. Адзін з самых паспяховых айчынных тэнісістаў Уладзімір Ваўчкоў распавядае пра канцэпцыю Нацыянальнай акадэміі тэніса, асаблівасці працы ў камандзе і падарунак з Галівуда.

29-14

Знайсці вібрацыю баланса

— У вас вельмі насычаная, шматпрофільная праца. Як вы знаходзіце час для адпачынку?

— Самы лепшы адпачынак для мяне — вылазкі з сям'ёй на дачу. Толькі на прыродзе атрымліваецца так хутка аднаўляцца. Дзень-другі на свежым паветры, побач з блізкімі людзьмі — і зноў адчуваеш сябе выдатна як фізічна, так і эмацыянальна. А калі я на турнірах, адпачываю за кнігай. Чытанне адпаведнай літаратуры таксама настройвае на пазітыўную хвалю.

— Часцей за ўсё гэта мастацкая літаратура ці дакументалістыка?

— А я нават не ведаю, да якой катэгорыі, напрыклад, аднесці творы Кастанеды, Оша...

— Філасофія, якая матывуе...

— Я сказаў бы, філасофія, якая тлумачыць. Мне блізкая думка пра тое, што чалавек знайшоў вібрацыю балансу, калі ты адначасова можаш быць эфектыўным у тым, што робіш, і пры гэтым заставацца чалавекам з вялікай літары. Бо часта бывае, калі ў сваёй актыўнасці ты губляеш межы. Прытупляецца інтуіцыя, не заўважаеш людзей, а пасля здзіўляешся, чаму не атрымліваецца склеіць такія зразумелыя рэчы. А насамрэч, калі ты хочаш быць паспяховым у тым, што для сябе выбраў, трэба адчуваць людзей, камунікаваць з імі, шукаць кампрамісы. Толькі пры гэтых умовах магчыма камандная праца. У свеце тэніса вельмі моцная канкурэнцыя — шмат федэрацый, спартсменаў, трэнераў. І каб мы, беларусы, змаглі канкурыраваць, мы павінны працаваць камандай. Калі кожны на сваім месцы і робіць свой кавалачак працы.

Час перамен

— Быў час, калі вы адкрыта казалі, што беларускім тэнісам кіруюць людзі, якія маюць вельмі апасродкаванае дачыненне да гэтага віду спорту. Наколькі гэтая сітуацыя змянілася?

— За гэты тэрмін сапраўды адбыліся кардынальныя змены. Галоўная прычына майго вяртання ў Беларусь — я паверыў у новых людзей. Перш за ўсё, у Аляксандра Васільевіча (А.В. Шакуцін, старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі. — Аўт.), у яго энтузіязм і шчырае жаданне зрабіць беларускі тэніс пазнавальным, а галоўнае — выстраіць сістэму падрыхтоўкі, якая будзе ПРАЦАВАЦЬ. Магу сказаць, што ў нас атрымалася стварыць асяроддзе, у якім талент можа расці, развівацца і станавіцца выдатным спартсменам. Самыя доўгія, цяжкія крокі мы ўжо зрабілі.

— Які з гэтых крокаў быў самым складаным?

— Зламаць стэрэатыпы, якія фарміраваліся гадамі. За апошнія гады тэніс стаў вельмі папулярным відам спорту ў нашай краіне. Заможныя бацькі сталі прыводзіць сваіх дзяцей у тэніс. Не сакрэт, што раней у трэнераў былі зусім нізкія зарплаты. І гэтая акалічнасць прымушала трэнераў знаходзіць самыя розныя формы ўзаемадзеяння з бацькамі сваіх вучняў — дадатковыя заняткі, кансультацыі і г.д. Цяжка гэта прызнаваць, але дзіцячы спорт успрымаўся як крыніца даходу — кожны пасвіў свой статак. Атрымліваецца, што мы страчвалі? Мы страчвалі селекцыю. Бо ў тэніс прыходзілі не самыя хуткія, скаардынаваныя і здольныя дзеці, а тыя, чые бацькі маглі плаціць за заняткі, экіпіроўку і г.д. Таму ў Нацыянальнай акадэміі тэніса мы сабралі сапраўды самых таленавітых дзяцей у той ці іншай узроставай групе — з розных куткоў краіны, з розных школ, незалежна ад фінансавага складніка. І ў мужчын, і ў жанчын у нас па чатыры каманды — нацыянальная каманда, найбліжэйшы рэзерв, лепшыя спартсмены да 18 гадоў і лепшыя спартсмены да 16 гадоў. І ўжо ў гэтай унутранай канкурэнцыі зараджаецца прагрэс. І яшчэ адзін важны момант. Розныя ўзроставыя групы трэніруюцца побач. У любога 15-гадовага тэнісіста ёсць выдатная магчымасць спарынгавацца з 18-гадовым членам нацзборнай. Каб зразумець, куды расці, да чаго імкнуцца....

— Ці няма ў гэтым пагрозы перабольшыць? Магчымасці арганізма ў юніёра і дарослага розныя. На жаль, прэцэдэнтаў, калі няправільнае размеркаванне нагрузак ставіла крыж на кар'еры перспектыўных тэнісістаў, у нас хапае.

— Скажу шчыра, узровень членаў нашай зборнай (зразумела, акрамя Азаранкі, Гаварцовай і Мірнага) настолькі далёкі ад топ-100 сусветнага рэйтынгу, што тут няма чаго хвалявацца. Па-другое, тэніс — гэта не цыклічны від спорту. На корце неабавязкова быць самым вынослівым. Якасці, якіх не хапае спартсмену, можна замясціць гульнявымі элементамі. Калі ты дастаткова хуткі, з развітым гульнявым мысленнем, табе неабавязкова бегаць доўгія розыгрышы. Набіраць ачкі, выйграваць матчы і расці ў рэйтынгу можна за кошт кемлівасці, хуткасці рэакцыі і іншых момантаў. Што датычыцца траўматызму... Кожнае пашкоджанне для прафесійнага спартсмена — гэта не толькі праблема, але і вопыт. У ідэале, перажыўшы тую ці іншую траўму, у тэнісіста павінен выпрацоўвацца ахоўны механізм. Галоўнае — пачуць, калі цела скажа «Стоп, хопіць!».

«Таленты трэба шукаць у звычайных школах!»

— Многія нашы маладыя тэнісісты адзначалі, што не адразу сталі працаваць пад патрэбнымі фізічнымі нагрузкамі. Атрымліваецца, што папярэднія пакаленні спартсменаў увогуле не ведалі, што такое якасная АФП (агульная фізічная падрыхтоўка. — Аўт.)?

— На жаль, так і ёсць. Таму што не было адзінай сістэмы. Фізічнай падрыхтоўкай займаліся тэнісныя трэнеры (тыя самыя, што «пасвілі статак»), бацькі, іх знаёмыя — карацей, людзі без спецыяльных навыкаў. Ад каго я толькі не чуў заяў кшталту «Я з гэтага хлопчыка зраблю Новака Джокавіча»! Аднак прайшлі гады, а сваіх джокавічаў у нас так і не з'явілася. Вось адсюль, дарэчы, і загубленыя таленты. Цяпер фізічнай падрыхтоўкай тэнісістаў у акадэміі займаюцца сапраўдныя прафесіяналы — наш праслаўлены біятланіст Вадзім Сашурын і вядомы трэнер Юрый Маісевіч, які падрыхтаваў не аднаго славутага лёгкаатлета. З Юрыем Вікенцьевічам я сам працаваў у гады свайго станаўлення, і ведаю, які гэта выдатны спецыяліст. А яшчэ нас часта кансультуе кіраўнік аналітычнага аддзела падрыхтоўкі нацыянальных і зборных камандаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту Анатоль Бадуеў. Яго каштоўныя парады нам таксама дапамагаюць. І вось што я вам скажу: нават калі параўнаць сёлетні і леташні чэмпіянат Беларусі па тэнісе — гэта неба і зямля. Зусім іншыя хуткасці, зусім іншае майстэрства. А ўсё гэта якраз завязана на добрай фізічнай падрыхтоўцы.

29-15

— Што скажаце наконт ідэі, якая, здаецца, даўно лунае ў паветры, — знаёміць дзяцей з тэнісам на звычайных уроках фізкультуры ў школах?

— Вы трапілі ў балючае месца. Вядома, мы разумеем, што прыйшоў час сур'ёзна заняцца селекцыяй. І пачынаць трэба якраз са школ. Бо Нацыянальная акадэмія тэніса — гэта праект, створаны пад ужо гатовы матэрыял. А што далей? Просты прыклад: мой першы трэнер прагледзеў 2500 школьнікаў з Аўтазаводскага раёна і адабраў дзве групы па дваццаць чалавек. З гэтага набору выйшлі я і Таццяна Пучак (былая 55-я ракетка свету, цяпер — капітан каманды Кубка Федэрацыі. — Аўт.). Калі мы хаця б часткова будзем кіравацца гэтакім жа прынцыпам, праз гадоў 10-15 мы апынемся ў добрым месцы. Праблема вось у чым — нельга ахапіць неабсяжнае. Ёсць акадэмія, якая рыхтуе ўжо адабраных спартсменаў, а ёсць дзіцячы тэніс. Цяпер мы думаем над тым, як граматна спалучыць гэтыя дзве плыні.

Як пабудаваць уласную гісторыю ў Кубку Дэвіса?

— Беларуская зборная Кубка Дэвіса рыхтуецца да матча супраць туркаў, які адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня. Сапернік па зубах нашай камандзе?

— Спадзяюся, што так. У турэцкай камандзе ёсць адзін моцны першы нумар, гулец сотні — Марсэль Ільхан. Астатнія тэнісісты значна ніжэйшага ўзроўню. Адпаведна наш разлік лагічны і просты: набраць ачкі на другім нумары сапернікаў і вылажыцца ў пары. Але мне хочацца, каб каманда расла, таму спадзяюся, што хлопцы будуць па-баявому настройвацца і на Ільхана.

— Калісьці зборная Беларусі была ў эліце Кубка Дэвіса, а на хатнія матчы збіраліся тысячы балельшчыкаў. Але цяперашнія члены нашай зборнай раслі і фарміраваліся ў той час, калі гэтага ўсяго ўжо не стала. Напэўна, цяжка настроіцца на спартыўныя подзвігі, калі толькі і бачыш не самыя вялікія пляцоўкі ў не самых тэнісных дзяржавах?..

— Ведаеце, мяне прыемна ўразіў клімат у жаночай зборнай Кубка Федэрацыі на мінулым матчы. Віка (Вікторыя Азаранка, першая ракетка Беларусі. — Аўт.) — сапраўдны лідар зборнай, яна і ачкі прыносіць, і сябровак па камандзе падтрымлівае, і атмасферу разраджае, калі гэта патрэбна... Як праявілі сябе хлопцы, калі мы ігралі ў Ірландыі, мне таксама спадабалася. Ягору Герасімаву сёлета споўніцца 23 гады, Дзіму Жырманту ўжо 25. Дарослыя, вопытныя тэнісісты, якія, мабыць, яшчэ і не сталі вялікімі майстрамі, але ўжо разумеюць многія рэчы і ў жыцці, і ў спорце. Летась мы апякліся ў Малдове, быў момант расчаравання. Але хлопцы гэта перажылі і пайшлі далей. У Ірландыі я бачыў іх максімальна матываванымі. Я разумею, што яны хочуць пабудаваць такую ж гісторыю, якая была ў нас з Максам (Максім Мірны, экс-першая ракетка ў парным разрадзе, правёў больш за 50 матчаў за беларускую зборную Кубка Дэвіса. — Аўт.). Розніца толькі ў тым, што мы з Максам прабіліся ў Сусветную групу да 22 гадоў... Ну нічога, няхай яны зробяць гэта праз два-тры гады. Але гэта будзе такое ж свята, як і 10 гадоў таму. А там ужо і моладзь падцягнецца. Галоўнае — захаваць гэтае творчае напружанне і надалей.

«Прыйшлося адмовіць Раселу Кроу ў вячэры...»

— Свой зорны час, Уімблдон-2000, дзе вы з кваліфікацыі дайшлі да паўфіналу, часта ўспамінаеце?

— Калі і ўспамінаю, то з цяжкасцю (усміхаецца). Усё як у тумане, быццам усё гэта і не са мной адбывалася. Напэўна, гэта сведчыць пра тое, што я ўжо цалкам пераключыўся на трэнерскую дзейнасць. У неблагіх у мінулым спартсменаў, якія пасля спрабуюць стаць трэнерамі, часта спрацоўвае комплекс, калі цень іх слаўнай спартыўнай кар'еры пачынае ціснуць людзей навокал. І цяпер бывае — у выхаваўчых мэтах пачынаеш расказваць, які ты цудоўны і як ты добра калісьці гуляў... Але асэнсаванне таго, што трэба браць ракетку ў рукі, выходзіць на корт і працаваць са сваімі падапечнымі, — першараднае.

— Гісторыя вашай мянушкі, якая апісана ў Вікіпедыі, праўдзівая?

— Уладыятар?

— Так.

— Безумоўна. У Лондан мы з бацькам прыехалі за тыдзень да пачатку кваліфікацыі. Тыдзень трэніровак, пасля тыдзень адборачнага турніру, пасля — двухтыднёвы марафон асновы...
І ўвесь гэты час, акрамя зялёных кортаў, нічога не бачыш. Пачытаў кніжку, паразмаўляў з Максам — добра, але ў адзін момант узнікла неабходнасць выйсці падыхаць свежым паветрам, пабыць сам-насам з сабою.
А ў той час якраз выйшаў фільм «Гладыятар». Я і дагэтуль лічу, што гэта адзін з шэдэўраў амерыканскага кінематографа. Ужо пасля даведаўся, што ў Расела Кроу, выканаўца галоўнай ролі, як і ў мяне дзень нараджэння 7 красавіка... Ну, я раз схадзіў — выйграў матч, патрэніраваўся, схадзіў на яшчэ адзін сеанс — зноў выйграў матч. Такая шчаслівая прыкмета. А перад паўфіналам, на прэс-канферэнцыі, у мяне запыталіся «Як будзеце настройвацца на матч?». Я і адказаў: «Схаджу пяты раз пагляджу «Гладыятара». На наступны дзень у мясцовых газетах з'явіліся калажы, дзе я ў вобразе рымскага воіна і загаловак — Уладыятар. А яшчэ праз некалькі дзён патэлефанаваў агент Расела Кроу і запрасіў мяне на вячэру. У той момант у Лондане якраз здымаўся новы фільм з яго ўдзелам. Але на той вечар у мяне ўжо былі планы. Тым не менш я атрымаў у падарунак пакет ад кінакампаніі Unіted Іnternatіonal Pіctures (цяпер Paramount Pіctures. — Аўт.) — дыск з фільмам, саўндтрэкамі, прыгожым плакатам, якіх яшчэ нават не было ў продажы, і запіскай са словамі кшталту «Ваш поспех на корце — найлепшае спартыўнае ўвасабленне кінагісторыі пра гладыятара».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.