Вы тут

ДЗЕД ВАСІЛЬ І ОРЛІК


Быў цудоўны іскрысты зімовы дзень. Я ішоў лесавою дарогаю. Вакол высіліся, нібы ўрасталі ў неба, стромкія сосны, зелянелі прысадзістыя елкі, на іх лапах белымі падушкамі ляжаў снег. Заснежаныя былі і сасновыя галіны. Навокал панавала неабсыпаная краса зімы. Неўзабаве сонца пачне хадзіць вышэй, удзень мацней прыграваць, і гэтая дзіўная, бялюткая прыгажосць абсыплецца. Дапаможа ў гэтым і вятрыска-гарэза.

30-48

А пакуль што зіма была ў поўнай красе. У горадзе гэта не так заўважна, а на прыродзе, і асабліва ў сасновым лесе — у бары, зіхоткім студзеньскім днём краса наўкол незвычайная. Я пратэпаў ужо вярсты чатыры, засталося яшчэ трохі болей. Спіна ўжо добра ўгрэлася, дыхалася лёгка, і тэпаў я бадзёра, бо марозік падганяў. Міма прашыпеў шырокімі коламі цёмна-шэры джып. Я падняў руку, але вадзіцель нават не зірнуў на мяне. «Ну й кадук з табой! Ляці на злом галавы...» Праўда, злосці на яго не было. Мо спяшаецца чалавек, мо пабаяўся ўзяць: ці мала хто швэндаецца па лесе? Улетку па гэтай дарозе я езджу на машыне, заўсёды спыняюся, каб падвезці пешахода, нават калі той не «галасуе». І грошай ніколі не бяру.

Я прамінуў невялікую вёску Максімаўку. Раптам пачуўся голас: «Но, Орлік! Нешта ты задрамаў». Мяне дагнала фурманка. Сівабароды дзед у кажуху, у шапцы-аблавушцы павярнуў да мяне расчырванелы твар:

— Сядай, добры чалавек. Падвязу. Салома чыстая. Не запэцкаецеся.

Я ўладкаваўся побач з дзедам.

— Ці пазналі мяне?

— Твар знаёмы. А дзе мы бачыліся, не магу ўспомніць.

— А я вас пазнаў адразу, — шырока ўсміхнуўся стары, паказаўшы адзіны зуб, які нібы той уцёс, тырчаў у роце.

Бяда нашых пенсіянераў, асабліва вяскоўцаў — яны спрэс бяззубыя.

— Мы бачыліся ў Тэклі на юбілеі. Ну, восемдзесят гадоў ейных адзначалі, — распавядаў стары. — Мы за сталом сядзелі напроця. Вы з жонкай і я з Ганулькай. Вы яшчэ сказалі тост. Так хораша. Шчыра. Мая ажно слязу пусціла. А Тэкля абняла вас і пацалавала...

Вядома, я згадаў усё да дробязяў: вясёлае, шумлівае застолле, усохлую, як трэска, усхваляваную Тэклю, таксама бяззубую. І дзеда Васіля, які шчыра куляў чаркі і цягнуўся праз стол да мяне, каб чокнуцца. Угаворваў выпіць да дна, бо калі я не вып'ю, дык і ён піць не будзе, і яго Ганулька — таксама. А яшчэ болей угаворвала Тэкля. Прызнаюся: больш гасціннай гаспадыні, чым Тэкля, мне сустракаць не даводзілася. Мы прыязджалі да яе па малако або па справах пчалярскіх, дык усё, што мела, выстаўляла на стол. А мелася ў яе і сальца, і паляндвіца, дужа смачная, бо гаспадыня гадавала кабанчыка, трымала карову, пчол, поўны двор курэй. І гэта ў восемдзесят гадоў!

На выхадныя, і то не заўсёды, прыязджаў з Мінска сын Вадзім. Яшчэ радзей наведвалася дачка. Сама Тэкля касіла сена, сушыла, складвала ў копы, сын дапамагаў прывезці, скласці ў пуню. Я дзівіўся цягавітасці, руплівасці старой кабеты, якая ўжо даўно гаспадарыць без мужа.

Мае думкі перапыніў Васіль.

— Гэта ж я да Тэклі заязджаўся. Пасядзелі, пагаманілі. Масла ўзяў, тваражку, малачка. Вядомая справа, па чарцы зрабілі. О, каб вы зайшліся! От, яна была б рада! Перадыхнулі б. І выпілі б. І закусілі. Нідзе такога прымусу няма, як у Тэклі... Но, Орлік! Ці ты заслухаўся? — фурман тузануў лейцы, махнуў пугаю, але па кані не сцёбнуў. Орлік прыбавіў ход, чмыхнуў параю з ноздраў, зноў натапырыў за грываю заінелыя вушы, нібы і праўда — слухаў нашу гамонку. — А ў мяне гора. Пахаваў па восені сваю Ганульку. От жа была дарагая жонка! Жылі мы з ёй, як голуб з галубкаю. А такая ўжо была ласкавая. А ўжо да працы ўедлівая! Хоць ты за каўнер выцягвай з градак. Пражыла восемдзесят два. Я на год старэйшы. І хварэла мала. Доктар сказаў: абваліла старасць. Знасіўся арганізм... Вось такое, братка, чалавечаскае жыццё. Як прыйдзе кашчавая з касою, дык і не адкупішся, і не адмолішся. Ідзі да Пясэцкага... Во, Орліка трэба збываць. Хоць і малады яшчэ. Дзесяць гадкоў мае. І ён дужа рахманы. Усё разумее... Шкада. Але што зробіш? Не магу касіць — дыхаўку займае. І клапаны ўжо грукаюць за грудзінаю. Сын жыве ў Маладзечне. Дужа заняты, памагаць не хоча. Дачка ў Віцебску. З мужыком развялася. Чаго не падзялілі, хто іх разбярэ. Цяперыка ж гэтак: чуць што проціў шэрсці, зад аб зад — і хто далей адскочыць. Адна гадуе двое дзяцей. Ад яе помачы не чакай. І ў вёсцы наняць няма каго. Мужыкі — усе старыя карчы, як і я...

— Можа, у суседніх вёсках пашукайце. Вы ж і да Тэклі не зможаце прыехаць. Нікуды... Ні дроў прывезці. Конь у гаспадарцы — вялікае дзела.

— Ваша праўда, братка. Ды я ўжо і за плугам не хаджу. З Дубкоў чалавек арэ сабе і мне. І ўсім, хто папросіць. І частуюць, і грошы даюць. Але ж і ён ужо стары. Нямоглы... І ў Тэклі такая ж бяда. Сын абвясціў: прадавай карову! Я ўстаў табе памагаць. Дажываюць нашы дзярэўні... — уздыхнуў апавядальнік. — Дачнікі пакуплялі матаблокі. Бензакасілкі. Стрыгуць траву ля хат ад вуліцы. Звон касы пачуеш рэдка. Гудуць, грукочуць маторы... Ну што, мая паваротка скора. Магу падкінуць вас да хаты.

Мне заставалася прайсці вярсты са тры. Гэты ўчастак дарогі мне дужа падабаўся: паабапал гравійкі малады бярэзнік, за ім сосны, елкі. Да таго ж ногі пачалі мерзнуць, калені нібы абцугамі сціснуў мароз.

— Не, дзядзька Васіль. Вялікі дзякуй за падвоз. Дай вам Божа здароўя. А Орліка, можа, здаваць не спяшайцеся.

— Вы ж улетку на машыне ездзіце. Дык заедзьцеся да мяне ў Залессе. Нумар дванаццаць мая хата. Недалёчка ад гравійкі.

Мы цёпла развіталіся. Я цвёрда паабяцаў зазірнуць да Васіля ў госці, прывезці свежага мядку. Калі я адыходзіў, Орлік павярнуў галаву, стрыгануў вушамі, коратка заіржаў.

— Чуеце? Орлік з вамі развітваецца. Так што, да сустрэчы! — крыкнуў дзед Васіль.

Хуткім крокам прасігаў я метраў трыста, адчуў бадзёрую цеплыню ва ўсім целе. Вецер пашкуматаў хмары, выбліснула сонца. З таўшчэзных яловых галін рынуліся ўніз снегавыя падушкі. Дзе яны падалі, уздымаўся рой лёгкіх сняжынак, успыхвала зіхоткая вясёлка. Відовішча надзвычай яркае, але такое кароткае.

Як і жыццё чалавека. Так што, жыві ды радуйся кожнаму дзяньку.

Леанід ЛЕВАНОВІЧ

У Леаніда Левановіча багатая творчая біяграфія. Ён аўтар шэрагу раманаў, у тым ліку «Шчыглы», «Паводка сярод зімы», «Дзікая ружа», «Сіняе лета». Напісаў некалькі аповесцяў. Часта звяртаецца да жанру апавядання, у тым ліку — кароткага. Як і кожны пісьменнік, які шмат гадоў аддаў літаратурнай працы, Леанід Кірэевіч у сваіх творах звяртаецца да розных тэм, да розных пластоў нашай далёкай ці блізкай гісторыі. Але, думаю, не памылюся, калі скажу, што яго галоўны герой — просты, шчыры і працавіты беларус.

На мяжы 80-х — 90-х гадоў мне даводзілася не раз выступаць з Леанідам Левановічам на розных творчых пляцоўках далёка ад сталіцы. Нам, паэтам, заўсёды крыху прасцей, чым празаікам, асабліва калі не ведаеш, пра што гаварыць: выходзіш на сцэну і чытаеш вершы. Леаніду Кірэевічу заўсёды было пра што расказаць, што ўспомніць. Але ён таксама чытаў — урыўкі са сваіх празаічных твораў. І я бачыў, з якой цікавасцю яго слухала зала. Значыць, ім было вельмі блізка тое, пра што піша пісьменнік. А гэта вельмі важна для кожнага аўтара.

Алесь Бадак.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.