Вы тут

Крухмальныя «церні»


Як новы прадукт прабівае сабе дарогу на рынкі.

Сёння можна купіць практычна любое абсталяванне, устанавіць яго і выпускаць тавар. Аднак, зразумела, у гэтым не будзе ніякага сэнсу, калі прадукцыя не запатрабавана на рынках. У гэтым цяпер на ўласным вопыце пераконваюцца ў прадпрыемстве «Рагозніцкі крухмальны завод».

Карэспандэнт «Звязды» азнаёміўся з матэрыяламі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, а потым завітаў на прадпрыемства, дзе цяпер заклапочаны загрузкай новай лініі па вытворчасці мадыфікаванага крухмалу.

30-38

Лі­нія па вы­твор­час­ці ма­ды­фі­ка­ва­на­га крух­ма­лу ча­кае пра­цы.

 

Прагнозы...

Крухмальны завод у вёсцы Вялікая Рагозніца ў 1905 годзе пабудаваў мясцовы памешчык Мейштовіч. Спачатку выраблялі крухмал толькі ў сырым выглядзе, потым яго пачалі сушыць. А першую мадэрнізацыю прадпрыемства завяршылі разам з распадам Савецкага Саюза ў 1991 годзе. І ўжо ў суверэннай Беларусі адбылася сапраўдная «рэвалюцыя»: у 2011 годзе, так бы мовіць, па апошнім слове крухмальных тэхналогій, пабудавалі новы завод. Магутнасці па перапрацоўцы бульбы павялічыліся ўтрая, значна палепшылася якасць прадукцыі.

А год таму зманціравалі лінію па вытворчасці мадыфікаванага крухмалу. Для рэспублікі яна ўнікальная, бо крухмал для буравых работ у нас не вырабляўся — куплялі за валюту за мяжой. Да таго ж, абсталяванне разлічана на выпуск прадуктаў з рознымі фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі, як патрэбна заказчыку.

Перада мной — некаторыя аналітычныя матэрыялы па гэтай тэме. Відавочна, што рашэнне аб закупцы лініі прымалася на высокім узроўні — у рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства на 2011-2015 гады. Па даручэнні ўрада вывучэннем попыту на новую прадукцыю і арганізацыяй вытворчасці займаліся канцэрн «Белдзяржхарчпрам», прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні». Быццам усё пралічылі. Атрымаўшы «дабро», завод правёў тэндар сярод пастаўшчыкоў абсталявання і за кошт банкаўскага крэдыту набыў у швейцарскай фірмы лінію па вытворчасці мадыфікаванага крухмалу. Аднак са збытам прадукцыі пакуль праблематычна. Камітэт дзяржкантролю канстатаваў, што летась лінія была загружана на... 5,9% ад запланаванай магутнасці. Прычым, далёка не ўсё з вырабленага атрымалася прадаць.

...і рэаліі

Накіроўваюся ў вёску Ляда Мастоўскага раёна, дзе пабудавалі новае прадпрыемства. Дырэктар «Рагозніцкага крухмальнага завода» Валянцін БІЧ паказвае лінію па вытворчасці мадыфікаванага крухмалу. Побач — упакаваная прадукцыя, абсталяванне зараз не працуе.

— Мы ў стане вырабляць канкурэнтаздольны па якасці і цане прадукт, які запатрабаваны на нашым рынку, але прабіцца туды пакуль не можам, — зазначае Валянцін Біч.

«Загваздка» ў тым, што прадукцыю трэба сертыфікаваць, а для гэтага яна павінна прайсці лабараторныя і вытворчыя выпрабаванні. Нафтаздабытчыкі быццам у ёй і зацікаўлены, але выдача заключэння зацягваецца, што не дазваляе заводу ўдзельнічаць у тэндары на рэалізацыю мадыфікаванага крухмалу.

Тым не менш Валянцін Біч верыць, што неўзабаве новы прадукт усё ж знойдзе дарогу да сваіх спажыўцоў. Нядаўна з вытворчага аб'яднання «Беларуснафта» атрымалі папярэдні акт па выніках выпрабаванняў, дзе няма прэтэнзій да якасці прадукцыі.

— Чакаем афіцыйны дакумент і збіраемся ўдзельнічаць ў тэндары па закупцы гэтага прадукту на наступнае паўгоддзе, — кажа кіраўнік прадпрыемства.

— Аднак ці зможаце канкурыраваць з замежнымі вытворцамі не толькі па якасці, але і цане?

— Безумоўна. Дарэчы, мы сёння таксама можам мадыфікаваць кукурузны крухмал, які значна таннейшы за бульбяны.

Акрамя нафтаздабычы, цяпер прапрацоўваюцца і іншыя рынкі збыту. Напрыклад, ужо заключылі кантракт з буйным прыватным прадпрыемствам, якое вырабляе заменнікі цэльнага малака для выпойвання цялят. Неўзабаве завершацца ўсе ўзгадненні і вялікаму аб'ёму прадукцыі будзе гарантаваны збыт. Супрацоўнічаюць з прадпрыемствам «Светлагорск Хімвалакно», разглядаюцца і іншыя варыянты.

Дарэчы, сфера выкарыстання мадыфікаванага крухмалу даволі шырокая і мастаўчане маюць намер максімальна павялічыць свой асартымент. Але гэта — заўтра. А сёння трэба наладзіць пастаўкі буйным спажыўцам, каб аптымальна загрузіць новую лінію і своечасова разлічыцца з крэдыторам.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота аўтара.

Мастоўскі раён

Даведка

Рэчыва пад назвай «мадыфікаваны крухмал» не мае ніякага дачынення да генетычна мадыфікаваных прадуктаў. Гэта звычайны, спецыяльна апрацаваны крухмал з дабаўкамі для пэўных мэтаў, які дзякуючы свайму саставу лепш засвойваецца. Яго прымяняюць, напрыклад, у вытворчасці прадуктаў харчавання, у цэлюлозна-папяровай прамысловасці, а таксама ў нафтахіміі для буравых раствораў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.