Вы тут

Рукі-ногі ёсць. А сумленне?


Нават пад пагрозай страты жылля некаторыя магіляўчане не жадаюць працаўладкоўвацца.

У нос шыбае рэзкае амбрэ і рука міжвольна цягнецца заціснуць нос. У зале судовых пасяджэнняў двое братоў і сын аднаго з іх. Лад жыцця наклаў на іх твары адбітак. Нават на самага маладога, якому ўсяго крыху больш за 20 гадоў. З канца 2012 года яны не плацяць за кватэру і вялікага жадання вяртаць дзяржаве амаль што 15-мільённы доўг не праяўляюць.

Перыядычна ў іх «трохпакаёўцы» адключаюць ваду і электрычнасць, але ім гэта ўсё да лямпачкі. На прадпісанні, якія выносяць камунальнікі, не рэагуюць. Нават судовае пасяджэнне для іх не першае. Мужчынам далі месяц на роздум, але яны і ў вус не дзьмуць, нават капейкі не ўнеслі, каб неяк прасігналізаваць: маўляў, зразумелі — выправімся.

Суддзя зачытвае іскавую заяву. Па сутнасці, гэта чарговы напамін аб пагрозе скасавання дагавора найму жылля паміж імі і дзяржавай. Нельга карыстацца чужой маёмасцю і не плаціць за гэта грошы.

— Іск прызнаяце? — пытаецца суддзя.

— Не, — катэгарычна адказвае адзін.

— Мне ўсё роўна, — паціскае плячыма другі.

— Так, — згаджаецца трэці.

Камунальнікі страцілі ўжо надзею, што нешта зменіцца і падшукалі нядбайным жыхарам новыя «апартаменты». Умовы, вядома, не тыя, што ў камфартабельнай трохпакаёўцы. Агульная плошча ўсяго 18 квадратных метраў, пакоя — наогул 13,6. Акрамя санвузла,
у новым жыллі ніякіх іншых выгод. Але кватэра цалкам адпавядае спажывецкім якасцям: у ёй зроблены рамонт, ёсць гарачая і халодная вада.

— Затое па трохпакаёўцы, дзе яны цяпер жывуць, капрамонт плача, — сведчыць прадстаўнік ЖКГ. — Кватэра знаходзіцца ў антысанітарным стане, сантэхнічнае абсталяванне патрабуе замены. А жыхарам да гэтага ніякай справы.

Браты прапісаны ў кватэры з 1969 года, цяпер ніводны з іх не працуе. Адзін жыве за кошт дзяржавы з 2011 года, але запэўнівае, што хутка знойдзе ў Расіі працу і аддасць доўг. Тое ж ён казаў і на першым пасяджэнні, але пакуль яго мары не супадаюць з рэчаіснасцю. За гэты час можна было б стаць на ўлік па беспрацоўі, але ён нават не скарыстаўся такой магчымасцю. Яго брат наогул катэгарычна заявіў: «Не працаваў і працаваць не буду». Некалькі разоў ён сядзеў у турме, адзін час знаходзіўся на ўліку ў наркадыспансеры. «А калі апошні раз працавалі?» — пытаецца суддзя. «Не памятаю», — здаецца, што мужчыну абыякава ўсё, што адбываецца вакол яго. «А працоўная кніжка ёсць?» — спрабуе хоць неяк разварушыць яго суддзя. «Няма», — адразае ён. Яму нагадваюць пра запазычанасць, але ён нахабна заяўляе: «Не плаціў і не збіраюся». — «А калі суд вас пераселіць?» — цярпліва дапытваецца суддзя. «І там плаціць не буду», — нават не абнадзейвае ён і з нейкім выклікам кідае: «Хачу быць бамжом».

Гарантаваны даход, пенсія па інваліднасці, ёсць толькі ў малодшага з жыхароў, сына кандыдата «ў бамжы». Але і ён не плаціць. Некалькі разоў былі спробы нешта ўтрымаць з яго невялічкага даходу, але гэта не вельмі паўплывала на мільённыя даўгі. Чаму не плаціў, незразумела, хаця за новае жыллё абяцае разлічвацца своечасова. Але, прызнаецца, не хацеў бы дзяліць яго з бацькам і дзядзькам.

Усе трое маюць жаласны выгляд, але якое там можа быць спачуванне. Яны ж рукі-ногі маюць, і розуму знайсці грошы на гарэлку хапае. Проста іх задавальняе становішча дармаедаў. Працаваць на дзяржаву яны не спяшаюцца, як і выязджаць з кватэры, якую яна ім прадаставіла. Рашэнне суда аб перасяленні іх не задаволіла, хутка будзе разглядацца касацыйная скарга. Тое, што гэта таксама каштуе грошай, іх не турбуе. Разумеюць толькі свае правы і нічога не жадаюць чуць пра абавязкі.

— Па законе наймальнікі жыллёвага памяшкання дзяржаўнай маёмасці і члены іх сем'яў, якія без уважлівай прычыны паўгода не плацяць за камунальныя паслугі і карыстанне жылым памяшканнем, высяляюцца ў судовым парадку ў іншае памяшканне, якое меншае па плошчы і (або) саступае папярэдняму па сваіх спажывецкіх якасцях, — тлумачыць памочнік пракурора горада Магілёва Вераніка Івашкевіч, спасылаючыся на артыкул 86 Жыллёвага кодэкса. — Пры гэтым ёсць рызыка змяніць гарадскую прапіску на вясковую, а, калі гэта інтэрнат, наогул застацца без жылля. Летась такія перасяленні адбыліся па 16 ісках, якія разглядаліся ў судзе. Казаць пра нейкую там жорсткасць ці несправядлівасць нельга. Кожны ведаў аб наступствах, але нічога не рабіў, каб выправіць становішча. Большасць кватэрных неплацельшчыкаў менавіта дармаеды і ўтрыманцы. Чалавек павінен несці сацыяльную адказнасць перад грамадствам. Калі яму няма справы да гэтага грамадства, чаму іх нехта павінен шкадаваць. Тым больш што хапае добрасумленных грамадзян, якія прыносяць карысць дзяржаве, але жывуць у горшых умовах. І пра іх трэба думаць у першую чаргу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

У тэму

— На жаль, людзі не заўсёды разумеюць, наколькі вялікая ў іх рызыка страціць кватэру праз запазычанасць па камуналцы, — кажа загадчыца сектара па працы з запазычанасцю насельніцтва Магілёўскага цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм Кацярына Сарока. — Летась па рашэнні суда адбылося 27 перасяленняў. Для параўнання — пазалетась іх было толькі 2. Алгарытм такі: мы рыхтуем дакументы, перадаём іх у ЖРЭУ, адтуль яны накіроўваюцца ў суд. Новы Жыллёвы кодэкс дазваляе таксама працаваць і з уласнікамі кватэр. У мінулым годзе на прымус да адчужэння іх маёмасці праз суд намі было падрыхтавана 16 пакетаў. Але да суда не дайшоў ніводны, паколькі людзі своечасова спахапіліся. Сёлета адна такая справа разглядалася ў судзе, але ўласніца зразумела, наколькі ўсё сур'ёзна, і цалкам пагасіла доўг.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.