Вы тут

І падпалілі... разам з людзьмі


Калі размаўляеш са сведкамі тых трагічных падзей, чытаеш іх успаміны, міжвольна ўзнікае пытанне: людзі ўчынялі тое жудаснае ці звяры?! У Беларусі тысячы вёсак былі спалены, многія — разам з жыхарамі. Пра іх, гэтых «сясцёр» Хатыні, трэба пісаць. Каб нашчадкі памяталі, каб быў «аргумент з першых вуснаў» для тых, хто спрабуе перапісаць гісторыю гэтай страшнай вайны. З кожным годам усё менш застаецца тых, хто выжыў у «вогненных вёсках». Сваімі ўспамінамі, напоўненымі жудаснымі падрабязнасцямі, іх былыя жыхары дзеляцца з болем у сэрцы. На такое ніколі не забыцца.

[caption id="attachment_81757" align="alignnone" width="600"]30-54 Сюды прыязджаюць здалёк, каб пакланіцца памяці нявінных ахвяр.[/caption]

«Грэліся ў гнаявой пацярусе»

Жыхар Гарадоцкага раёна Міхаіл Яфімавіч Чубараў расказаў пра зверствы акупантаў і іх памагатых. Мужчына, дарэчы, жыве непадалёк ад месцаў, дзе адбыліся трагічныя падзеі. Калі слухаеш яго, міжвольна мурашкі бягуць па спіне...

— Я нарадзіўся ў ліпені 1932 года. Падчас акупацыі разам з малодшай сястрой Валяй, братам Жэнем і мамай жылі ў вёсцы Пунішча. Вёску нашу восенню 1943 года спалілі дашчэнту. Знішчылі і суседнюю Шахі, якая прыблізна ў двух кіламетрах. Там жылі дзядуля і бабуля. Спальвалі ворагі ўсё, што траплялася ім на вочы. Гарэлі дамы, гаспадарчыя пабудовы, стагі сена і іншае... Немец стараўся пакінуць пасля сябе літаральна пустыню, выпаленую зямлю, — распавядае Міхаіл Яфімавіч.

Калі ён са сваякамі схаваўся ад карнікаў у лесе, іх знайшлі. Людзей пагналі ў бок вёскі Высачаны. Адтуль сагнаных пад канвоем павялі ў заходнім напрамку.

— Але перад гэтым праводзілася так званая «фільтрацыя». Падлеткаў і юнакоў адпраўлялі рыць акопы, траншэі. А тых, хто старэйшы, гналі ў Германію. Мы (трое малых, мама наша і бабуля з дзядулем) таксама былі ў «канвойнай калоне». Гналі нас спачатку ў бок Оршы, а потым па дарозе Масква — Мінск... Начавалі звычайна пад адкрытым небам. Здаралася, заганялі ў паўразбураныя гаспадарчыя пабудовы, унутры якіх з усіх бакоў дзьмулі вятры. Пры гэтым некаторым шанцавала, бо можна было сагрэцца, зарыўшыся ў гнаявой пацярусе. Сястрычка Валя і брацік Жэня цяжка захварэлі: у іх была высокая тэмпература. Вядома, пра медыцынскаю дапамогу і марыць не даводзілася. Памятаю, мама са слязьмі на вачах сказала: «Калі не збяжым, яны памруць!..» Раніцай пад покрывам туману мы збеглі. Знайшлі часовы прытулак на тэрыторыі былога Талачынскага льнозавода.

Маці здолела выратаваць дзяцей ад смерці. Паводле слоў Міхаіла Яфімавіча, дзень 26 чэрвеня 1944 года яму запомніўся на ўсё жыццё. Тады тыя, хто выжыў, убачылі сваіх вызваліцеляў.

— А да гэтага былі тры горкія і цяжкія гады, што аднялі дзяцінства. Гады, якія пазбавілі жыцця многіх людзей, — дадаў сведка трагедыі «вогненных вёсак».

[caption id="attachment_81756" align="alignnone" width="600"]30-52 Дзве сяст­ры — свед­кі тра­ге­дыі (зле­ва Лі­лія Про­ха­раў­на Са­ўчан­ка-Вілк, спра­ва — Ва­лян­ці­на Про­ха­раў­на Са­ўчан­ка).[/caption]

«Той жах не апісаць!»

Падчас карнай аперацыі ў пачатку сакавіка 1943 года ворагі знайшлі вяскоўцаў у адным з дамоў, распавядае Віктар Васільевіч Альшэўскі з Верхнядзвінска. Там старыя, жанчыны і дзеці спадзяваліся «перасядзець» і выратавацца. Пагналі людзей у бок вёскі Ганчарова. Карнікі раптам злітаваліся: сказалі пажылым і старым, што па іх прыедуць падводы. Маўляў, вашы сваякі пойдуць далей, а вы пачакайце. Калі людзі адмовіліся, іх сагналі ў хлеў, зачынілі дзверы і падпалілі...

— Астатніх пагналі на чыгуначную станцыю ў Верхнядзвінск, каб потым адправіць у канцлагер. І мы бачылі, як гарэў хлеў, а ў ім жывыя людзі. Сярод тых, каго спалілі, была мая мама Ефрасіння Рыгораўна, якая нарадзілася ў 1890 годзе, мая цётка Анэта і яшчэ больш за дзесяць чалавек... Па дарозе ў Верхнядзвінск некалькі людзей з калоны застрэлілі. Я з чыгуначнай станцыі ўцёк ад фашыстаў, — успамінае мужчына.

— Я нарадзіўся ў маі 1937 года. У гады Вялікай Айчыннай вайны наша сям'я жыла ў вёсцы Паўлючы. Бацька памёр у 1942 годзе. У сям'і засталіся я, мая маленькая сястра, мама і бабуля, — узгадвае Станіслаў Пятровіч Садоўскі, які жыве ў Пастаўскім раёне. У кастрычніку 1943 года падчас блакады партызан фашысты прыехалі ў нашу вёску, каб яе спаліць. Мы чулі, што акупанты паляць вёскі разам з людзьмі. Таму было вельмі страшна. Нават дарослыя плакалі, не гаворачы пра нас, падлеткаў. І праз дзясяткі гадоў мне цяжка апісаць, што мы адчувалі тады, у якім жаху былі!

Паводле слоў Станіслава Пятровіча, фашысты абышлі ўсе дамы і загадалі выгнаць хатнюю скаціну на вуліцу, а людзям — сабрацца ў цэнтры вёскі.

— Да натоўпу людзей пад'ехала павозка з кулямётам на возе. Людзі маўкліва стаялі ў чаканні самага страшнага. Праверылі спісы членаў сям'і, каб высветліць, ці не пайшоў хто ў партызаны. Потым маладых мужчын прымусілі гнаць кароў і авечак на станцыю Варапаева. Там ноч мы правялі на вуліцы — у парку на тэрыторыі былой панскай сядзібы. Было вельмі холадна, — дадае стары.

Раніцай немцы адабралі моладзь і працаздольныя сем'і для адпраўкі ў Германію. А такіх, як Садоўскія, адпусцілі. Але дзе жыць, што есці?

— Усё наша было спалена: дом, свіран, ток, двое парасят, куры, адзенне, зерне... Але я выжыў! — расказвае Станіслаў Пятровіч.

[caption id="attachment_81755" align="alignnone" width="600"]30-51 Ме­ма­ры­яль­ны комп­лекс у па­мяць вёс­кі Шу­неў­ка, якая ста­ла «сяст­рой» Ха­ты­ні.[/caption]

«Ля дарогі ляжалі забітыя дзеці»

Жыхарка Віцебска Валянціна Прохараўна Саўчанка памятае нават дробязі, у тым ліку і першых дзён вайны. А перад пачаткам вайны не было і 6 гадоў.

— А сястры маёй у 1941 годзе было ўсяго 3 гады, браціку — каля 3 месяцаў. Жылі мы недалёка ад чыгуначнай станцыі Лосвіда (да яе ад Віцебскага чыгуначнага вакзала недалёка, станцыя функцыянуе і ў наш час. — Аўт.). Памятаю, калі на станцыю скінулі з самалёта першую бомбу, я збірала кветкі. А побач усё грукатала... Кіламетраў за сем ад нас, у вёсцы ў Гарадоцкім раёне, жылі маміны бацькі. Увечары па нас прыехаў дзядуля і на павозцы адвёз да сябе, — успамінае пенсіянерка.

— Па вёсках хадзіла шмат жабракоў. Памятаю, яны цалавалі бабулі рукі, калі яна давала бульбу або карміла чым-небудзь, — працягвае жанчына.

Яе бацька быў партызанам. Праўда, на пачатку вайны яна не ведала гэтага дакладна, бо ён прыходзіў у госці і знікаў. Памятае, як аднойчы немец уварваўся ў дом і прыставіў да галавы мамы, якая ў гэты час карміла немаўля грудзьмі, пісталет. Запытаўся: «Дзе камісар?» Яна маўчала. Цуд, што нечаканы госць не забіў яе...

Калі сям'я аказалася ў партызанскай зоне — недалёка ад Суража — дзяўчынка ўбачыла ў лесе павешанага партызана. Пасля гэтага не магла нармальна спаць — так напужалася. У лесе зрабілі шалашы, развялі вогнішчы. Але ў хуткім часе пачуліся стрэлы. Ніколі не забыцца, як свісталі кулі ля вушэй. Потым з'явіліся немцы і ўзялі людзей у палон.

— Калі сталі «сартаваць» нас, мяне пачало трэсці ад жаху. Павезлі кудысьці. Маладзенькага хлопца адарвалі ад яго мамы і расстралялі. І гэта ўсе бачылі. Потым доўга ехалі пад канвоем па лесе. Па баках дарогі ляжалі забітыя дзеці і дарослыя. Некаторыя забітыя дзеці сядзелі на саначках... Мы зноў апынуліся ў нашай вёсцы Баркова. Тады яшчэ не былі спалены ўсе дамы, — успамінае Валянціна Прохараўна.

Яна памятае, як тутэйшыя ўцякалі ад «чорнай хмары» (такім запомніўся «натоўп» немцаў у чорным форменным адзенні). Дарослыя з малымі дзецьмі на руках перайшлі раку праз мост, які адразу ўзарвалі партызаны. Раніцай здалёк было бачна зарава — гарэла вёска. Тых, хто не паспеў уцячы, спалілі ў лазні, іншых — расстралялі. І трупы ляжалі пад адкрытым небам, бо не было каму іх пахаваць.

***

У Віцебскім абласным музеі імя Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова, супрацоўнікі якога дапамаглі зрабіць артыкул, збіраюць інфармацыю пра «вогненныя вёскі».

— Гэта — адзін з кірункаў нашай дзейнасці. У нас ёсць спісы, дзе каля 1,8 тысячы прозвішчаў тых, хто жыў у такіх вёсках або побач з імі. У музейным архіве ўжо больш за 100 рукапісных успамінаў. Каб адшукаць жыхароў «вогненных вёсак», давалі аб'явы ў газетах. Супрацоўнічаем і з раённымі музеямі і краязнаўцамі, якія збіраюць інфармацыю па тэме вайны. Канешне, было б добра з часам выдаць, хай і невялічкім накладам, зборнік успамінаў. Упэўнена, што гэта трэба зрабіць, — лічыць дырэктар установы Ірына Шышкова.

***

На Віцебшчыне, у Докшыцкім раёне, ёсць мемарыяльны комплекс у памяць вёскі Шунеўка, якая стала «сястрой» Хатыні. Яна — сімвал усіх спаленых вёсак вобласці. Усяго на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна тры вёскі былі спалены разам з людзьмі (акрамя Шунеўкі, Азарцы і Залатухі). І яны не былі адноўлены. Сярод іншага на тэрыторыі мемарыяла можна ўбачыць калодзеж смерці. Побач з ім на пліце надпіс: «У гэты калодзеж фашысцкія каты жывымі кідалі дзяцей вёскі Шунеўка». Ля яго нават зімой можна ўбачыць свежыя кветкі і цацкі. Сюды прыязджаюць здалёк, каб пакланіцца памяці людзей, якія не былі ў чымсьці вінаватыя. Для акупантаў яны не ўяўлялі ніякай пагрозы. Але іх знішчылі!

Памяць пра іх застанецца назаўсёды!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?