Вы тут

Свет, дзе жыве любоў...


Пад эгідай Міжнароднага бюро Сусветнага паштовага саюза штогод праводзіцца маладзёжны эпісталярны конкурс, удзел у якім прымае і наша краіна. Гэта значыць, што хлопцы і дзяўчаты з усіх куточкаў Беларусі, як і іх аднагодкі (паводле ўмоў — ва ўзросце да 15 гадоў) ва ўсіх канцах свету пішуць лісты на зададзеную тэму. У мінулыя гады маладым прапаноўвалася, напрыклад, расказаць каму-небудзь, як годныя ўмовы працы могуць прывесці да паляпшэння жыцця, чаму вада з'яўляецца каштоўнай крыніцай, чаму так важна гаварыць пра СНІД і бараніць адно аднаго ад гэтай хваробы, альбо як музыка ўплывае на жыццё чалавека...

Няпростай была задача і сёлета, бо трэба было напісаць пісьмо і расказаць у ім — ні многа ні мала — пра свет, у якім хацелася б расці...

Паводле пісьма васьмікласніцы гімназіі №3 г. Гродна Настассі Філін, у ім, тым свеце, будзе багата розных фарбаў. Па-першае, чырвонай, колеру цяпла і радасці, колеру памяці пра тых, хто заваёўваў мір. Па-другое, там будуць усе адценні зялёнага — колеру травы, надзеі і маладосці. Па-трэцяе, не абысціся без блакітнага — колеру нашых мар... Як і без... чорнага — колеру свежаўзаранай урадлівай зямлі.

На думку васьмікласніцы Дар'і Іксанавай (гімназіі імя Ліхоты з Жыткавіч), у свеце, дзе хацелася б вырасці, ну безумоўна ж, не месца войнам і голаду, невылечным хваробам (бо «немагчыма адчуваць сябе шчаслівым, калі некаму дрэнна»). А вось пэўныя цяжкасці — для загартоўкі характару — дзяўчынка пакінула б... І кожнаму даручыла б займацца выключна любімай справай, бо, згадзіцеся, і сапраўды «неразумна траціць жыццё на тое, што не любіш»... А яшчэ Дар'я ліквідавала б межы, каб чалавек мог купіць білет і паехаць куды захоча.

У маім свеце не будзе пакінутых дзяцей, чые бацькі аддалі перавагу забавам і п'янкам. Бацькі будуць больш увагі ўдзяляць дзецям, разам з імі праводзіць вольны час, а не адгароджвацца ад іх працай, — разважае шасцікласніца Глыбоцкай раённай гімназіі Кацярына Стралкоўская. — У маім свеце людзі не будуць гінуць ад алкаголю, ад розных спайсаў, наркотыкаў.

Свет Кацярыны — гэта свет аптымістаў, свет людзей працы, свет здароўя. І ён не фантастычны, а самы рэальны, калі, вядома ж, прыкласці намаганні...

Свет дзевяцікласніка СШ №1 г. Пінска Ягора Фадзеева ствараюць і ўпрыгожваюць сабой людзі. Яны бескарыслівыя і велікадушныя, верныя і гуманныя, добрыя і законапаслухмяныя, міласэрныя і талерантныя, храбрыя, шчодрыя, вясёлыя. І кожны з іх любіць сваю краіну, творыць сваё шчасце.

«Мне хацелася б вырасці ў свеце, дзе кожны чалавек усведамляе сваю выключнасць, дзе ўсе людзі хочуць здзяйсняць свае мары, дзе чуюць «я» сваіх блізкіх, дзе ўмеюць дзяліць з імі радасць і боль», — піша васьмікласніца Нясвіжскай гімназіі Ганна Губар.

Варты цытавання і ліст сямікласніка Магілёўскай гімназіі №1 Ягора Дувалава. «Хачу жыць у свеце, дзе кожнаму дзіцяці ўсяго хапае. Хапае таго, чаго хочацца. Напрыклад, стаяла б у мяне на кухні такая машына: кідаеш у яе звычайную бульбу і атрымліваеш пахкія, хрусткія чыпсы. Нядрэнна было б побач з кранам халоднай і гарачай вады ў кожным доме ўсталяваць кран, з якога цякло б малако. Тады па яго не трэба было б бегаць у краму альбо трымаць у гаспадарцы карову...»

Яшчэ адна мара ў Ягора, каб дзеці хадзілі ў школу з задавальненнем, каб там яны даследавалі тое, што ім сапраўды цікава, ставілі доследы, займаліся творчасцю.

«...Бог зляпіў чалавека з гліны, і застаўся ў яго адзін нявыкарыстаны кавалак.

— Што яшчэ зляпіць табе? — спытаў Бог.

— Зляпі мне шчасце, — папрасіў чалавек.

Нічога не адказаў Бог, а толькі паклаў чалавеку ў далонь кавалачак гліны».

З гэтай прывесці пачынае свой ліст у Лондан да сябра Пола, які па-англійску чытае Пушкіна, дзевяцікласнік СШ №124 г. Мінска Павел Міхалап. Як і належыць у ліставанні, ён узгадвае ранейшыя сустрэчы з Полам і агульных знаёмых, распытвае і расказвае пра сямейнікаў. А далей піша пра той самы свет, у якім ці не ўсе цяпер сварацца з-за грошай, молячыся золату, забываюць аб простых, але вельмі моцных каштоўнасцях: любові, дабрыні, чалавечнасці. І далей: «Я хацеў бы вырасці ў свеце, дзе за кожным чалавекам хадзіла б шчасце. Каб яно, гэта шчасце, было ў кожнай пражытай хвіліне, у кожным пражытым дні, і каб кожны з удзячнасцю мог прымаць усё тое, што дае яму жыццё.

Але чалавеку, каб быць шчаслівым, неабходна кахаць і быць каханым.

Я хацеў бы вырасці ў свеце, дзе ёсць любоў! Любоў без краю, любоў вялікая і бескарыслівая, верная і адданая.

Я хацеў бы вырасці ў свеце, дзе ёсць дабрыня! Жаданне дапамагчы камусьці проста так, а не таму, што выгадна.

Я хацеў бы вырасці ў чалавечным свеце! Дзе кожны ўспрымаў бы чужы боль як свой і быў бы гатовы прыйсці на дапамогу раней, чым бяда, каб спыніць, выратаваць, захаваць...

Я не хацеў бы вырасці ў свеце, дзе ад злосці зводзіць скулы, дзе ад чужой сквапнасці гінуць людзі, дзе ад гора плачуць маці ля магіл сваіх сыноў!

Ты ведаеш, — разважае Павел далей, — мне часам здаецца, што свет паволі з'язджае з глузду. Егіпет, Сірыя, Францыя, Данбас... Я нядаўна ўбачыў фотаздымак у інтэрнэце. Рэальны хлопчык з Данецка Дзіма Вараб'ёў у бальнічнай палаце, увесь у бінтах... Яму асколкам снарада адарвала ногі, руку, ён зусім нічога не бачыць... А яму толькі дзевяць гадоў! За што, Пол? Як яму цяпер жыць? Я раптам уявіў сябе на ягоным месцы. Страшна. Вельмі страшна! Не, у свеце, у якім я хачу вырасці, няма месца вайне, злосці, варожасці...»

Як і ў мінулыя гады, вынікі конкурсу на самы лепшы ліст падводзіліся ў тры этапы: спачатку пераможцы вызначаліся на раённых узроўнях, потым — на абласных, і, нарэшце, сем прац (па адной ад кожнай вобласці і горада Мінска) трапілі на суд журы рэспубліканскага. Яму, ну вядома ж, было што абмеркаваць, было пра што паспрачацца. У выніку чаго трэцяе месца прысуджана васьмікласніцы гімназіі імя Ліхоты з г. Жыткавічы Дар'і Іксанавай, дзевяцікласніку СШ №1 г. Пінска Ягору Фадзееву, васьмікласніцы Нясвіжскай гімназіі Ганне Губар і шасцікласніцы Глыбоцкай раённай гімназіі Кацярыне Стралкоўскай. На другім месцы работы васьмікласніцы гімназіі №3 г. Гродна Настассі Філін і сямікласніка Магілёўскай гімназіі №1 Ягора Дувалава. Яму, дарэчы, толькі аднаго голасу не хапіла да першага месца, якое прысуджана дзевяцікласніку СШ №124 г. Мінска Паўлу Міхалапу.

Менавіта яго ліст будзе накіраваны ў Міжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза для ўдзелу ў 44-м міжнародным эпісталярным конкурсе 2015 года.

Што да гэтага дадаць? Хіба шчырыя спадзяванні на тое, што высокую адзнаку рэспубліканскага журы падтрымае яшчэ і міжнароднае (што, дарэчы, з лістамі нашых школьнікаў ужо здаралася, прычым не раз...). І тады Павел Міхалап, а таксама яго настаўніца рускай мовы і літаратуры Аксана Барысаўна Любамірская будуць адзначаны дыпломамі-падзякамі ды прызамі не толькі ад РУП «Белпошта», але і Сусветнага паштовага саюза.

А яшчэ — на тое, што сярод лепшых лістоў, прадстаўленых на разгляд рэспубліканскага журы ў наступным годзе, будуць работы, напісаныя па-беларуску.

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.