Вы тут

Карнавальны горад


Камедыянты і цыркачы ідуць у народ.

Венецыя ці Рыа далёка. Дый годзе! Рыхтуйце маскі: трэці мінскі карнавал выходзіць на вуліцы сталіцы. Цудоўнай пляцоўкай для відовішчаў стануць вуліцы горада. Прычым не толькі падчас карнавальнага шэсця. Таму што на трэцім Мінскім форуме вулічных тэатраў упершыню выступяць артысты цырка і нават прафесійны рэпертуарны тэатр.

30-21

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага займеў на пачатку сезона спектакль «Vіva, Commedіa!» (дзякуючы аўтару п'есы Рыкарда Піпа і рэжысёру Матэа Сп'яцы). Гэта ж тое, што трэба: камедыя дэль артэ, якая некалі пачыналася на вуліцах Італіі, будзе прадстаўлена 1 мая ўвечары пад адкрытым небам у Мінску. Сцэна — пляцоўка ля плошчы Свабоды. Тэатр нараджаецца на вачах, у вулічным асяродку. Дэкарацыі натуральныя. Артысты працаваць будуць гуляючы: яны ж прафесіяналы. Як сапраўдныя камедыянты, яны пачынаюць, задаюць тон для таго самага чароўнага карнавальнага шэсця, якое ўжо ў суботу апоўдні. Хто сказаў, што там не можа быць вас?

Найперш, вядома, рыхтуюцца самі ўдзельнікі форуму: сёлета чакаецца каля 200 артыстаў. Прычым да нас едуць госці з-за мяжы: Польшчы, Расіі, Прыднястроўя, Францыі. Цырк імя Жуля Верна загартаваны выступленнямі на фестывалях вулічных тэатраў, адзін з самых старэйшых адбываецца ў родным Ам'ене. Але ў Мінску выступіць першы раз, затое і 2, і 3 мая варта чакаць французскіх цыркачоў на пляцоўцы каля ратушы.

Пляцовак насамрэч некалькі: задзейнічаны адваротны бок ля канцэртнай залы «Верхні горад», пляцоўка ля Карэтнага дворыка. Праграма складзена вельмі шчыльна: за два дні нас чакае больш за 20 паказаў у самых розных жанрах. Самае прыемнае тое, што пераканаўчую большасць спектакляў (і наогул сустрэч з гледачамі) падрыхтавалі айчынныя вулічныя тэатры. Яны прапануюць здзейсніць падарожжы ў часе, азірнуцца вакол і ўбачыць тых, хто побач, прапануюць далучыцца кожнаму і стаць больш адкрытым для радасці, навучаць бачыць радасць у малым. У нас цікавыя калектывы, накіраваныя на розныя праявы тэатральнай творчасці: ёсць эксперыментальныя, як тэатры «EYE» ці «Гогаль», псіхалагічнай і пластычнай імправізацыі («АКМЕ»), танцавальныя праекты («Альтанка» і «Адлюстраванне»), а яшчэ і студыя этнічнай пластыкі «KETRІ»; умеюць зацягнуць у свае дзеі інтэрактыўны тэатр «42» ці «Мусташ», накіраваныя на ўзаемадзеянне. Ёсць тэатры з дзіўнымі і вельмі цёплымі назвамі: «Майстэрня ўражанняў», «Дом Сонца» (тэатр лялек, святла і ценю), вандроўны тэатрык «Гістрыён» і іншыя, прычым не толькі сталічныя. У папярэднія гады, калі пачаў ладзіцца форум, мы, звычайныя гараджане, да іх прыглядаліся. Прыглядаліся і прафесіяналы. І прызналі: годна, можна ўдзельнічаць. Таму як адкрыццё, так і фінал трохдзённага свята абяцае быць уражлівым. Увечары 3 мая на вуліцу выйдуць са сваёй праграмай артысты «Белдзяржцырка».

Таму ўсяго хопіць: арлекінаў, веліканаў на хадулях, людзей-скульптур, вандроўнікаў з часоў Сярэднявечча, танцораў, самых розных персанажаў з чалавечага і лялечнага свету, жанглёраў, акрабатаў і нават клоўнаў.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.