Вы тут

Традыцыю панавання ваеннага кіно працягне Эмір Кустурыца


Сербскі ці, як ён сам сябе называе, югаслаўскі рэжысёр Эмір Кустурыца будзе здымаць свой чарговы фільм у Беларусі. Гэта будзе карціна «Калі не цяпер, то калі?» пра партызанскую барацьбу падчас Другой сусветнай вайны, заснаваная на аднайменным рамане вядомага італьянскага пісьменніка Прыма Леві. Праект будзе рэалізаваны кінастудыяй «Беларусьфільм» і французскай кампаніяй Cіnema Soleі, якія восенню 2014 года заключылі мемарандум аб сумеснай вытворчасці паўнаметражнага ігравога фільма рэжысёра.

30-50

Эмір Кустурыца прыляцеў у Беларусь у панядзелак, каб агледзець лакацыі і натурныя пляцоўкі нацыянальнай кінастудыі, вытворча-тэхнічная база якой будзе задзейнічана ў здымках. Акрамя беларускай тэрыторыі і беларускай гісторыі, у фільме будуць удзельнічаць нашы акцёры. Тут адзначылі здольнасць Эміра Кустурыцы працаваць з любымі замежнымі акцёрамі, таму што на яго пляцоўцы ўсе працуюць, як яму трэба. Сам рэжысёр сказаў: «Я не люблю здымаць «зорак», а пры згадванні Монікі Белучы (якая іграе ў бягучым фільме аўтара) канстатаваў: «Моніка Белучы не «зорка» — яна ікона». Тым не менш ні гучныя, ні звычайныя імёны ў праекце фільма «Калі не цяпер, то калі?» не фігуруюць: для падрабязнасцяў яшчэ не прыйшоў час, здымкі будуць праходзіць толькі ў 2017 годзе.

Ужо гатовы першы варыянт сцэнарыя. «Ён заснаваны на літаратуры, магчыма, самага лепшага італьянскага пісьменніка. Гэта аповед пра партызанаў, якія падчас Другой сусветнай вайны пешшу ідуць тысячы кіламетраў з Беларусі ў Італію. Што з імі будзе? Другая сусветная вайна тут паказваецца на фоне неанацызму: г.зн. дзеянне будзе развівацца ў мінулым і ў нашы часы», — сказаў Эмір Кустурыца.

Раман Прыма Леві, апублікаваны ў 1982 годзе, расказвае пра яўрэйскіх партызанаў на акупаванай немцамі тэрыторыі, якія змагаюцца з ворагамі і трымаюць шлях у далёкую Палесціну, каб стварыць там яўрэйскую нацыянальную дзяржаву. Сам Леві падчас вайны быў у шэрагу італьянскіх партызанаў, прайшоў некалькі канцлагераў, пасля якіх пешшу дабіраўся дадому. Сёння яго літаратуру вывучаюць італьянскія школьнікі.

Сцэнарый карціны напісаны Кустурыцам сумесна з Горданам Міхічам. «Я адчуваю, што тут можна зрабіць вельмі моцны фільм. Тэма Другой сусветнай актуальная, нам трэба працаваць дзеля таго, каб людзі зразумелі, што здарылася падчас гэтай вайны. Я не хачу рабіць імпрэсіўны галівудскі фільм — толькі паказаць тое, што Прыма Леві напісаў. Гэта будзе сур'ёзная карціна з элементамі камедыі», — расказаў аўтар.

Эмір Кустурыца — адзін з самых яскравых сучасных рэжысёраў, яго фільмы адметныя трагікамедыйным жанрам, фарсам, сюррэалізмам, эклектыкай, фантасмагарызмам, яго ставяць у шэраг аўтараў магічнага рэалізму. Эмір Кустурыца з'яўляецца акцёрам, музыкантам, арганізатарам кінафестывалю, уладальнікам дзвюх Пальмавых галін Канскага кінафестывалю (атрыманне галоўнай узнагароды двойчы — рэдкая з'ява ў гісторыі прэстыжнага форуму) і ўвогуле шчаслівым трыумфатарам міжнародных кінафестываляў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.