Вы тут

Беларускія артысты праспявалі на ўдачу


Прадстаўнікі Беларусі на юбілейным песенным шоу, дуэт Uzarі & Maіmuna, сыгралі ў папулярным аўстрыйскім тэлесерыяле саміх сябе, паказаліся еўрапейскай публіцы і пазнаёміліся са значнай часткай будучых сапернікаў на папярэдняй музычнай вечарынцы ў Маскве і вялізным афіцыйным шоу «Eurovіsіon іn Concert» у Амстэрдаме, а пазаў-чора сабралі сяброў і калег па цэху на аналагічным мерапрыемстве ў Мінску.

30-31

На провады артыстаў (ужо 10 мая дуэт адправіцца ў Вену) сабралася мноства медыяперсон — вядомых спартсменаў, тэлевядучых, прадзюсараў і артыстаў — у тым ліку папярэднія музычныя дэлегаты ад Беларусі Алена Ланская і Тэа, фіналісты сёлетняга нацыянальнага адбору гурты Muzzart і Napolі, лаўрэаты шматлікіх музычных конкурсаў Ірына Дарафеева, Аляксей Хлястоў, Віталь Варанко і іншыя. Ганаровым госцем вечарынкі стаў Андрэй Таранік (на фота) — хлопец, які, нягледзячы на працяглую барацьбу з цяжкай хваробай, уважліва сочыць за конкурсам «Еўрабачанне». Ён атрымаў ад беларускіх канкурсантаў падарунак-талісман на добрую памяць: славутыя «эльфійскія вушы» Uzarі.

Найчасцей з вуснаў гасцей, безумоўна, гучалі пажаданні ўдачы Юзары і Маймуне, а ўжо загартаваныя конкурсам Алена Ланская і Тэа параілі таксама ўзяць у багаж вялікі запас цярпення і, нягледзячы на вар'яцкі графік, захоўваць пазітыўны настрой. Артысты таксама паўдзельнічалі ў спаборніцтве па караоке і паслухалі адмысловы музычны нумар — выкананне конкурснай песні «Tіme» на... келіхах! А фінальным акордам, зразумела, стала выступленне саміх беларускіх дэлегатаў на «Еўрабачанне-2015».

Паводле слоў спевака Uzarі (пад гэтым сцэнічным псеўданімам ужо некалькі гадоў выступае Юрый Наўроцкі), мінская вечарынка ў сяброўскім коле стала апошняй перадышкай у шчыльным графіку падрыхтоўкі да конкурсу. «Мы крыху адпачылі, выдыхнулі — і ўсё, з новымі сіламі за рэпетыцыі — штодня, каб пачувацца на конкурснай сцэне максімальна ўпэўнена», — зазначыў артыст.

Нагадаем, 60-ы міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне» адбудзецца сёлета ў сталіцы Аўстрыі ў канцэртнай зале Wіener Stadthalle з 19 па 23 мая пад дэвізам «Узводзячы масты», удзел у ім бяруць 40 краін, у тым ліку ўпершыню — спецыяльна запрошаная арганізатарамі Аўстралія. Беларускія артысты выступяць у першым паўфінале, 19 мая, пад нумарам 11. Да гэтага Uzarі & Maіmuna правядуць дзве рэпетыцыі і прэс-канферэнцыі (12 і 15 мая), паўдзельнічаюць у афіцыйным адкрыцці «Еўрабачання» ў Венскай ратушы (17 мая) і выкладуцца па поўнай у трох генеральных прагонах паўфіналу (18—19 мая), адзін з якіх будзе ацэньваць міжнароднае журы... Словам, часу на тое, каб разняволіцца і даць слабіну, у нашых канкурсантаў ужо няма. Затое ёсць час паказаць сябе з найлепшага боку і прадставіць краіну годна. У добры шлях!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.