Вы тут

З чаго пачынаўся італьянскі неарэалізм


На гэтым тыдні можна будзе пабачыць бясспрэчны шэдэўр сусветнага кінематографа — італьянскі фільм «Рым, адкрыты горад» Рабэрта Раселіні.

30-27

Створаная выдатным рэжысёрам карціна, можна сказаць, стала пачаткам хвалі італьянскага неарэалізму, за якой і Віторыа дэ Сіка, і Лукіна Вісконці, і Джузэпэ дэ Санціс. А гэта плеяда шчырых, адкрытых, таленавітых аўтараў, якія стварылі фільмы-люстэркі. Стужкі, дзе паказвалася сапраўднае жыццё простых, знясіленых людзей, іх побыт і стан, настрой і размовы так, быццам фільм — не ігравая стужка, а дакумент часу.

Карціна «Рым, адкрыты горад» Рабэрта Раселіні — першая ў пасляваеннай трылогіі аўтара побач з фільмамі «Пайза» («Зямляк») і «Германія, год нулявы». Яна ахоплівае апошнія месяцы акупацыі Рыма, калі над германскай уладай ужо навіс немінучы крах, а італьянскае супраціўленне атрымлівае надзею на збаўленне, якая адчуваецца амаль шостым пачуццём. У гэты момант кожны рымлянін — агульны вобраз закатаванага чалавека і паўсталай свядомасці. І кожны тут — герой, які змагаецца з жорсткасцю і бесчалавечнасцю ворага. Здавалася б — канец, уздыхнуць бы хутчэй і зажыць сваім жыццём, адбудаваць яго, светлае і шчаслівае. Але расправа ворага, які ўсведамляе хуткі пройгрыш, напаследак становіцца яшчэ больш жорсткай.

Рабэрта Раселіні чакаў вызвалення Італіі як магчымасці здымаць фільм (падчас вайны ён вымушаны быў прыпыніць здымкі карціны «Таварная станцыя» з-за палітычных падзей), і 1945-ы стаў самым своечасовым годам для стварэння новага італьянскага мастацтва. Кінематаграфісты жыва адрэагавалі на новы стан Італіі, новае жыццё, аб'яднанне сацыяльных слаёў. У фільме «Рым, адкрыты горад» таксама дзейнічаюць прадстаўнікі розных узроўняў (раздзел, які тут ужо не важны) — святар, камуніст і простая жанчына, звычайная гаспадыня дома (яе сыграла прыгажуня Ганна Маньяні). Галоўнае тут — не стан, не адукацыя, не выхаванне, а тое, што дапамагае супрацьстаяць ворагу і трымаць пры гэтым галаву высока.

Натурныя здымкі, удзел непрафесійных акцёраў, звычайных хлопчыкаў з вуліц, адлюстраванне разбітых змрочных кварталаў, дамоў і двароў — усё з паэтычнай бясконцай любоўю да сапраўднага чалавека і яго штодзённага подзвігу.

Карціна атрымала Вялікі прыз Канскага кінафестывалю. Імпульс новаму італьянскаму кіно быў дадзены моцны — за стужкай «Рым, адкрыты горад» выйшлі «Выкрадальнікі веласіпедаў» Віторыа дэ Сіка, што яшчэ гучней заявіла пра неарэалізм і прыцягнула ўвагу да італьянскіх кінавытворцаў. І «Трагічнае паляванне» Джузэпэ дэ Санціса, і «Зямля дрыжыць» Лукіна Вісконці... Цэлая тэндэнцыя, якая пачыналася з простага, эмацыйнага фільма «Рым, адкрыты горад».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.