Вы тут

З «Весялухай» — у мінулае і ў будучыню


Месца, дзе чалавек нараджаецца, не проста кропка на карце. Таму што кожны з нас вырастае, арыентуючыся на шматгадовы вопыт мінулых пакаленняў. Чым большы багаж гістарычнай і культурнай спадчыны — тым багацейшы народ і кожны жыхар той ці іншай мясцовасці. Пазнаёміўшыся з народным ансамблем народнай песні «Весялуха» з вёскі Скірмантава, што ў Дзяржынскім раёне, чарговы раз можна пераканацца ў дакладнасці гэтай думкі.

30-33

Паездка са здымачнай групай праграмы «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» у Скірмантава стала чарговым адкрыццём і ў пэўным сэнсе святам сярод будняў. Таму што, слухаючы тутэйшыя песні, размаўляючы з удзельнікамі ансамбля, паглыбляючыся ў гісторыі, традыцыі вёскі, атрымліваеш багатую гаму ўражанняў. Пачаць варта з гісторыі самой «Весялухі».

— Наш ансамбль існуе ўжо не адзін дзясятак гадоў. Цяпер тут застаўся, можна сказаць, касцяк ад першага складу калектыву, якім ён быў у 1982 годзе. Мы пачыналі з маім нябожчыкам мужам. Ён быў добрым баяністам. У 1993-м атрымалі званне «народны», якое ўжо сем разоў пацвярджалі. І па сённяшні дзень выступаем усе разам. Радуем песнямі нашых аднавяскоўцаў, — расказвае кіраўнік Наталля Радзько. — Бываем у Мінску на розных кірмашах, на раённых святах выступаем. І танцы ставілі, і займаліся пастаноўкай абрадаў. Традыцый у нас тут шмат, мы іх свята зберагаем і працягваем.

Сёння ў «Весялухі» новы баяніст — Сяргей Чупін. І ў суправаджэнні баяна мы слухаем песні скірмантаўскай зямлі...

Цячэ рэчка каламутна, чаму дзеўка
така смутна?

Я і смутна, і сярдзіта, бо я з ночы была біта (кожны другі радок паўтараецца).

Біла мяне маці з ночы за Івана кары вочы,

Шчэ й, казала, будзе біці, каб Івана
не любіці.

Мая мамка, даражэнька, як была ты маладзенька,

Ты ж любіла майго татку, як люблю
свайго Іванку.

Я Іванку так любую, дзе ні стрэчу,
там цалую.

Ты, Іванка, сэрца мае, няма крашэ,
як нас двое.

Жанчыны, якія сёння спяваюць у ансамблі, адзначаюць, што песня заўсёды была спадарожнікам іх матуль і бабуль — як дома, так і на любым свяце. Цікавы і вясёлы быў час, калі суседзі збіраліся ў адной кампаніі і спявалі пад гармонік. А дзеці ўслухваліся ў мелодыі і глядзелі на дарослых, якія часам нават плакалі — бо, як зараз ужо зразумела, там спявала душа.

Паляцеў галуб у поле жывіцца,

Паехаў Ясю з дому жаніцца.

Прыляцеў галуб нажывіўшыся,

Прыехаў Ясю ажаніўшыся.

Стрэла матачка паўдарожачкі

Сваяго сынка салодкім вінцом,

А нявестачку ды з атрутачкай.

Сын віна не піў, пад каня выліў,

А атрутачку пажадна выпіў...

Пахавала сына перад цэркаўкай,

А нявестачку па-за цэркаўкай...

30-32

Такія вось гісторыі часам адлюстраваны ў тых песнях. І хоць становіцца сумна, але ж верыцца ў лепшае. Захоўваюць у гэтай мясцовасці не толькі песенны матэрыял, але зберагаюць і шануюць традыцыі, абрады. Напрыклад, перад Піліпаўскім постам у Скірмантаве праходзіць вечарынка з абрадам «Ката пячы». Збіраюцца хлопцы, дзяўчаты і замужнія пары ў адной хаце. Спачатку пякуць «ката», якога потым пад музыку выносяць да гасцей. Рэцэпт просты: выпякаюцца з цеста (з дабаўленнем дражджэй і яек) тулава ката, яго галава і лапкі, а потым кот збіраецца поўнасцю — усе часткі замацоўваюцца з дапамогай зубачыстак, хвост робяць з каўбасы, вушкі — з кавалачкаў сала. Гатовага катка падвешваюць да столі і тады пачынаюць весяліцца. Ад фігуркі кожнаму трэба адкусіць кавалачак, а калі не ўдаецца, то давядзецца плаціць фант (выканаць нейкае жартоўнае заданне, патанцаваць). У выпадку, калі не ўдалося адкусіць ад ката маладой пары, ім трэба «галубоў пакарміць» — пацалавацца.

...Як за гаем, гаем дзевер воду носіць

Ой, там маці, маці свайго сына

Вячэраці просіць.

Ну вячэрай, маці, калі наварыла,

А я сяду, сяду ды паеду,

Дзе дзяўчына міла.

Ой, як еду, еду, у дарожцы прыстану.

Ой, там маю, маю дзеўчыноньку

Хлопцы абдымаюць.

Абдымайце, хлопцы, адно не цалуйце

Толькі маёй, маёй дзяўчыноньцы

Лічанька не псуйце...

Мясцовыя жыхары не толькі захоўваюць памяць аб мінулым у песнях, а і ўмеюць ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. У Скірмантаве ёсць жанчына, якая вырабляе лялек. Людміла Ламака стварае абрадавыя, гульнявыя лялькі і лялькі-абярэгі. Пра іх яна можа расказваць доўга. Кожная лялька мае сваю гісторыю і прызначэнне.

— Вось гэтая лялька — на ўдалае замужжа. Яе пажадана зрабіць самастойна альбо можна купіць і ўпрыгожыць нейкай сваёй стужкай, а дарыць такую ляльку нельга. Як вядома, муж — галава, а жонка — шыя. Куды яна паверне, туды галава і будзе глядзець. Таму акцэнт зроблены на гэтай частцы, — тлумачыць Людміла. — У яе на шыі некалькі каўнерыкаў (іх павінна быць няцотная колькасць) і на кожны трэба загадаць жаданне, звязанае з будучай сям'ёй.

Цікавасць да старонак мінулага свайго краю, да гісторыі свайго народа ўласціва кожнаму чалавеку. Паходжанне назвы вёскі Скірмантава, магчыма, звязана з наступным эпізодам. «Хроніка Быхаўца», знойдзеная ў 1830 годзе, паведамляе: «Князь Скірмунт княжыў у Наваградку... Быў у той час цар заволжскі на імя Балаклай. І прыслаў ён паслоў сваіх да вялікага князя Скірмунта, каб яму даніну даваў і баскакаў ягоных трымаў па тых гарадах, як з тых гарадоў даніна ішла і пры яго папярэдніках, князях рускіх. Але князь вялікі Скірмунт паддацца таму не хацеў і загадаў насы ды губы паслам Балаклаевым паадразаць, і потым да Балаклая іх адпусціў. А той цар на лета, сабраўшыся з многімі сіламі і ордамі татарскімі, пайшоў на Рускую зямлю і многа зла там учыніў. І князь вялікі Скірмунт, сабраўшы ўсе свае войскі, спаткаў яго на мяжы сваёй, у Койданаве, і разбіў таго цара, і ўсю яго моц татарскую пабіў, і самога цара забіў, і з перамогаю вялікай пайшоў на Рускую зямлю...» Напэўна, у гонар князя Скірмунта і названа паселішча.

У ХVІІ — пачатку ХІХ ст. Скірмантава (тады яшчэ фальварак) належала Радзівілам. А з сакавіка 1854 года маёнтак быў куплены памешчыцай Язьвінскай — дваранкай-каталічкай...

Да Вялікай Айчыннай вайны вёска была вельмі прыгожай. А падчас вайны, у 1942 годзе, быў створаны атрад імя Будзённага. Партызаны дыслацыраваліся ў лясах вакол Скірмантава вялі актыўную дыверсійную дзейнасць па разбурэнні рэек, мастоў, дарог. У адказ фашысты правялі шэраг карных аперацый, адной з якіх была аперацыя «Герман». У яе выніку вёска Скірмантава 29 ліпеня 1943 года была спалена разам з жыхарамі...

Пасля вайны паселішча пачало адраджацца. Сёння ў вёсцы ёсць краязнаўчы музей. Ён знаходзіцца ў памяшканні мясцовага Дома культуры. Прадметы сялянскага побыту (калаўроты, кросны, цапы і г.д.), грашовыя купюры мінулых часоў з розных краін свету, каскі і макет партызанскай зямлянкі — гэтыя экспанаты запрашаюць у падарожжа па гісторыі тутэйшых мясцін. Вандруйце, спявайце і не губляйце сувязі з мінулым!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.