Сонечны свет


Фотавыстаўка Яўгена Казюлі адкрылася 23 красавіка ў Музеі гісторыі горада Мінска — такіх здымкаў вы яшчэ дакладна не бачылі! Серыя работ пад назвай «Той, хто змяняе рэальнасць» — прадстаўляе аўтара з абсалютна нечаканага боку. Справа ў тым, што фатограф, якога па праве можна назваць легендай у нашай краіне, аддаваў перавагу чорна-белым здымкам. Выстаўка давяла, што ён выдатна ўмеў спраўляцца і з колерам. Над гэтымі фатаграфіямі Яўген Карпавіч працаваў у апошнія месяцы жыцця, але так і не паспеў паказаць іх.

Тут — смелы эксперымент майстра, пошук новых сэнсаў і спосабаў адлюстравання свету, імкненне зазірнуць у іншую рэальнасць, па-філасофску асэнсаваць звыклыя краявіды, якія мы бачым кожны дзень.

Дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава, адкрываючы экспазіцыю, зазначыла: «Тут, з намі, не хапае аўтара, вялікага фатографа, які на працягу не аднаго дзясятка гадоў быў у авангардзе фотамастацтва не толькі Мінска, але і ўсёй Беларусі. Яўген Карпавіч заўсёды будзе
ўспамінацца нам як чалавек вельмі сонечны, добры сябра і сапраўдны прафесіянал». Па яе словах, выстаўка нездарма носіць сімвалічную назву, таму што яе стваральнік сам змяняў вакол сябе
свет, — і гэта тычыцца не толькі творчасці, але і ўсяго яго жыцця».

«Кожны сапраўдны фатограф-энтузiяст па сутнасцi — вандроўнiк. Яго не можа задаволіць штодзённая аднастайнасць працы. Яму як паветра патрэбна змена ўражанняў, якiя прыходзяць падчас нейкiх паездак, сустрэч, сітуацый. Таму пры першай магчымасці пакуе ён свой куфар усім неабходным і адпраўляецца ў падарожжа…» — пісаў у адным са сваіх лістоў Яўген Казюля. І дадаваў: «Не шкадуйце ног — хадзiце, назiрайце. Толькi так нараджаюцца фатаграфii, пра якiя потым кажуць: «Пашанцавала!». Гэтыя словы, што гучаць нібы запавет сучасным фатографам, можна ўбачыць на выстаўцы побач з партрэтам самога майстра.

Яўген Казюля ўмеў спалучаць у сваіх працах выразную дакументальнасць і мастацкую вобразнасць. Усе яго фатаграфіі пранізвае шчырая любоў да роднай Беларусі, яе прыроды і жыхароў. Без Яўгена Карпавіча нельга ўявіць айчынную фотажурналістыку — ёй прысвяціў ён 20 гадоў жыцця, працаваў у газеце «Голас Радзімы» і БелТА.

Фатограф быў арганізатарам многіх выставак. У іх ліку — «Хатынь», «Мая Беларусь», «Нёманскi шлях», «Вытокi», «Браслаўшчына», а таксама сумесны з нямецкімі і польскімі майстрамі праект «Час цішыні» пра сельскіх жыхароў.

Фотавыстаўка «Той, хто змяняе рэальнасць» была арганізавана дзякуючы сям’і Яўгена Казюлі і фотаклубу «Мінск», адданым кіраўніком якога аўтар быў доўгія гады. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна да 17 траўня.

 

Надрукавана ў "ЛіМ"

 

Марыя ВОЙЦІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.